На сонечнай энергіі
Калі едзеш у Смаргонь на электрычцы, можна заўважыць цэлае поле люстэркаў. Знаходзіцца яно недалёка ад прыпыначнага пункта «Маладзёжны». Каб убачыць аб’ект паблізу, трэба прайсці некалькі сотняў метраў уздоўж чыгункі ў бок Маладзечна. І тады перад вачыма адкрыецца сонечная электрастанцыя, якая размясцілася на зямельным участку плошчай каля 36 гектараў. Яе сумарная магутнасць складае 17 МВт. На будаўніцтва аб’екта было інвесціравана 34 мільёны рублёў. Выпрацаваная сонечная электраэнергія паступае ў агульную сетку.
Каб ацаніць маштаб аб’екта «зялёнай» энергетыкі, трэба крыху прагуляцца ўздоўж агароджы. Ідзеш-ідзеш, а рады сонечных батарэй не заканчваюцца. І ні табе шуму, дыму… Сонечная электрастанцыя – годны ўзор сучасных тэхналогій. І паглядзець на яго вельмі цікава.
Яшчэ адна сонечная энергастанцыя размешчана ля цэнтральнага парку Смаргоні. Магутнасць яе невялікая, аднак на адначасовую зарадку чатырох гаджатаў хапае. Такой магчымасцю часцей карыстаецца моладзь.
Ахвярам Першай сусветнай
Мемарыяльны комплекс «Па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну» — буйнейшы тэматычны помнік на тэрыторыі СНД. Знаходзіцца ён за горадам ля дарогі на Вілейку. Мемарыял быў адкрыты ў 2014 годзе на месцы, дзе праходзіла лінія супрацьстаяння рускіх і германскіх войскаў.
У які б сезон вы не наведалі комплекс, вас заўсёды ўразіць атмасфера месца — адначасова велічная і трывожная. Тут міжволі задумаешся пра жорсткасць вайны. І яшчэ раз пераканаешся, што ад ваеннага супрацьстаяння пакутуюць усе: як салдаты, так і мірнае насельніцтва.
Узмацняюць уражанне скульптурныя кампазіцыі «Бежанцы», «Салдаты Першай сусветнай вайны», «Крылаты геній салдацкай славы». Нагадаем, што лінія руска-германскага фронту праходзіла праз Смаргонь з верасня 1915-га па люты 1918 года. Горад трымаў абарону 810 дзён. Ён быў цалкам разбураны, а колькасць жыхароў паменшылася з амаль 16 тысяч да 154 чалавек.
Мастацтва ў камені і каханне на некалькіх мовах
З гэтым горадам звязана жыццё заснавальніка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Помнік выдатнаму дзеячу нацыянальнай культуры ўстаноўлены ў цэнтры Смаргоні. Аднак і сучасныя творцы ўзбагачаюць суседні райцэнтр крэатыўнымі прадметамі мастацтва.
Так, некалькі гадоў таму ў горадзе ўзнік сад камянёў. Арыгінальныя скульптуры з’явіліся ў цэнтральным парку і недалёка ад яго. Стваралі іх як сапраўдныя прафесіяналы, так і маладыя скульптары. Ля каменных твораў любяць фатаграфавацца жыхары і госці Смаргоні.
Дарэчы, раз гаворка пайшла пра любоў, прапаную падысці да смаргонскага Палаца шлюбаў. На сцяне будынка на некалькіх мовах напісана самае важнае для закаханых слова. Тут можна і свае лінгвістычныя здольнасці развіваць, і яшчэ раз прызнацца ў пачуццях блізкаму чалавеку.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.