Мабыць, няма ў нашым раёне такога чалавека, які б не праязджаў ля вёскі Асанава. Як і ў любым населеным пункце, тут ёсць свае знакамітасці і адметнасці. У гэтым я пераканаўся асабіста.
Былі дзве вуліцы ў чыстым полі
Пра населены пункт расказвае стараста вёскі Алена Радзько. Колькі слоў пра субяседніцу. Нарадзілася яна ў вёсцы Вяжуці, вучылася ў Заскавіцкай школе. Пасля заканчэння 8 класа паступіла ў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працавала ў саўгасе «Маліноўшчынскі», потым у сельгасхіміі. Была брыгадзірам, аграномам.
– У Асанаве жыў мой будучы муж, – расказвае Алена Уладзіміраўна. – Пераехала да яго ў 1969 годзе. Тады вёска ўяўляла сабой дзве вуліцы ў чыстым полі. Паміж імі людзі пасвілі кароў. Жыхароў было нашмат менш, чым цяпер. Дарога на вуліцах была такая, што гразлі трактары. Паступова населены пункт добраўпарадкоўваўся. Жыццё змянялася да лепшага.
Стараста адзначыла, што на вёску вельмі ўплывае блізкасць горада. У Маладзечна можна даехаць на аўтобусе (вяскоўцы карыстаюцца двума аўтобуснымі прыпынкамі) або на электрычцы. Многія працуюць у маладзечанскіх арганізацыях. Населены пункт газіфікаваны. Вуліцы асфальтаваныя, асветленыя. Нядаўна з’явілася новая вуліца – Рамана Семашкевіча. На ёй дзевяць дамоў, праведзены газ, водаправод. Асвятленне і дарога тут з’явіліся дзякуючы Лебедзеўскаму сельвыканкаму пасля звароту мясцовых жыхароў.
– Свайго магазіна ў нас няма, – зазначыла Алена Радзько. – Вяскоўцы набываюць прадукты і некаторыя тавары ў Лебедзеве. Асартымент тавараў там шырокі, цэны прымальныя. Акрамя таго, двойчы на тыдзень вёску наведвае аўтакрама. Такім чынам, жыць у нас зручна. Вёска перспектыўная. Нездарма тут селяцца маладыя сем’і.
Мясцовыя славутасці
Галоўнае, што вызначае адметнасць любога населенага пункта, – людзі. Менавіта яны ствараюць тую непаўторную атмасферу, што настройвае на пазітыў, прымушае з павагай ставіцца да малой радзімы. Гэта тычыцца і Асанава.
У вёсцы жывуць чатыры мнагадзетныя сям’і. Адна з іх – Іны і Сяргея Калацэй. Маці працуе ў Лебедзеўскай сярэдняй школе. Дзеці ў сям’і гадуюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.
Самай дарослай жыхарцы Асанава, Соф’і Дзядзюль, споўнілася 92 гады. Яна плённа працавала ў мясцовай гаспадарцы. Доўгажыхарка карыстаецца сярод вяскоўцаў вялікім аўтарытэтам. Ёй заўсёды дапамагаюць і суседзі, і шматлікая радня.
Калі ідзеш па вуліцы Новай, у вочы кідаецца арыгінальная архітэктура фасада аднаго з дамоў. Яго гаспадар – Іван Бажко. Дом ён пабудаваў у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Пры гэтым вырашыў арыгінальна аформіць налічнікі. У вёсцы мужчыну падабаецца. Тут камфортна бавіць час прадстаўнікам усіх пакаленняў яго сям’і.
З матэрыяльных славутасцей ля заездаў у вёску ўстаноўлены крыжы. Той, што ля вуліцы Новай, нядаўна быў абноўлены. Ля крыжоў мясцовыя жыхары рэгулярна наводзяць парадак.
Таварыства ўнутры вёскі
Алена Радзько адзначыла, што імкненне да акуратнасці ў асанаўцаў у крыві. Людзям не трэба лішні раз нагадваць, каб навялі парадак на падворках, прыбралі тэрыторыю насупраць дома. За чысцінёй сочаць і суседзі. Лайдачыць нельга.
Няма прэтэнзій у вяскоўцаў і да членаў садовага таварыства «Асанава». Справа ў тым, што яно знаходзіцца «ўнутры» населенага пункта, акружана яго вуліцамі. Аднак сварак і канфліктаў з-за смецця або курыцы, якая раптам «заблудзілася», няма. Усе ставяцца адзін да аднаго з павагай. Вялікую падтрымку ў добраўпарадкаванні вёскі і садовага таварыства аказвае Лебедзеўскі сельвыканкам.
Дарэчы, дачнікі ў такім суседстве нават знаходзяць пэўныя выгоды. Так, на думку члена таварыства Андрэя Вяржбіцкага, садаводы-аматары могуць карыстацца вясковай інфраструктурай. Ды і для бяспекі гэта карысна. Вакол круглы год жывуць людзі. Калі што – яны паведамяць аб праблеме, прыйдуць на дапамогу.
Душэўны камфорт і ўмераная фізічная нагрузка
На думку мясцовай жыхаркі Рэгіны Матусевіч, менавіта гэта патрэбна вясковаму пенсіянеру.
Нарадзілася Рэгіна Іванаўна ў Ашмянах. У Асанава пераехала ў 1961 годзе. Працавала на радыёзаводзе «Спадарожнік», потым даяркай на ферме ў Лебедзеве. Амаль тры дзясяткі гадоў адпрацавала на цялятніку ў вёсцы Мароські.
– Пад маёй апекай было 80 цялятак, – расказала Рэгіна Матусевіч. – Спачатку механізацыі на ферме практычна не было. Усё даводзілася рабіць уручную – чысціць жывёл, карміць іх, убіраць у памяшканнях. Аднак працы я не баялася. Адпаведная загартоўка ў мяне з дзяцінства.
Пра сённяшняе жыццё жанчына гаворыць толькі з пазітыўнага пункту гледжання: пенсія добрая, магазін, ФАП блізка – у Лебедзеве. Калі што – доктар і на дом прыедзе. Суседзі дружныя. Ёсць з кім пагаварыць, абмяняцца думкамі. Дзеці і ўнукі не забываюць. Рэгулярна прыязджаюць дапамагчы.
– У мяне невялікая гаспадарка: куры і кот, – паведаміла Рэгіна Матусевіч. – Люблю пакапацца ў агародзе. Гэта такі ў мяне стымул да жыцця. Спяшацца нікуды не трэба. У Асанаве мне падабаецца.
Падобнае гаварылі ўсе жыхары вёскі, з кім я сустрэўся.
Асанаўскі калейдаскоп
Як сказана ў кнізе «Памяць», у XIX стагоддзі пад назвай Асанава былі два населеныя пункты: фальварак і засценак у Лебедзеўскай воласці Вілейскага павета. У 1866 годзе фальварак налічваў адзін двор на 12 жыхароў. У засценку было пяць рэвізскіх душ.
У міжваенны перыяд вёска (былы фальварак) і засценак зліліся. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Асанаве было 58 двароў, насельніцтва складала 173 чалавекі. Нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі адзін двор, аднаго жыхара забралі ў германскі палон.
Цяпер колькасць хатніх гаспадарак у вёсцы перавышае сотню. Жыве ў Асанаве больш за 200 чалавек, чвэрць з якіх – моладзь.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ