Трэба адзначыць, што даволі вялікі аб’ём інфармацыі пра Мядзельскі замак можна знайсці ў інтэрнэце. Так, узвялі ўмацаванні ў XV стагоддзі на месцы старажытнага гарадзішча. У склад абарончага комплексу ўваходзілі мураваная сцяна, знешні вал, вежа-данджон, палац, бастыёны, гаспадарчыя і іншыя пабудовы. У 1709 годзе ў час Паўночнай вайны замак быў разбураны.
Мяне зацікавіла наступная акалічнасць. Замак быў пабудаваны на востраве. Акружалі яго воды возера Мястра. Водная гладзь павялічвала абарончую здольнасць умацаванняў. Па такім жа прынцыпе ўзведзены і знакаміты Тракайскі замак. Да таго ж і Мядзельская крэпасць, і яе літоўская «сястра» мелі статус каралеўскіх палацаў. Яны адыгрывалі асаблівую ролю ў абароне дзяржавы.
Дарога да Мядзела не заняла шмат часу. Пры ўездзе ў горад паварочваю на вуліцу 17 Верасня. Далей трэба арыентавацца на воданапорную вежу, недалёка ад яе пачынаецца сцяжынка да замчышча.
І вось першая нечаканасць. За некалькі стагоддзяў узровень вады ў возеры Мястра панізіўся, і востраў, дзе стаяў замак, пераўтварыўся ў паўвостраў. З «мацерыком» яго звязвае забалочаная нізіна. Па ёй пракладзены драўляны насціл.Праз балота да замчышча пракладзены драўляны насціл.
Ад замка засталіся толькі вялікі ўзгорак і рэшткі рвоў. З вяршыні ўзгорка адкрываецца прыгожы від на возера і горад. Штучнае ўзвышша даволі вялікае. Замак кантраляваў усе ваколіцы. Штурмаваць такія ўмацаванні, зразумела, было вельмі складана. Пад абаронай сцен і гарнізона магло схавацца мясцовае насельніцтва. Так і адбывалася некалькі разоў.
— У час асады людзі хаваліся на трохметровай глыбіні ў падвалах, — расказала навуковы супрацоўнік музея народнай славы Валянціна Карзяёнак. – У сярэднія вякі Мядзел быў невялікім мястэчкам, таму месца хапала ўсім. Запасаў харчавання і вады ў замку заўсёды было дастаткова. Умацаванні маглі вытрымліваць штурм за штурмам і заставацца непрыступнымі.
Адзначым яшчэ адну асаблівасць Мядзельскага замка. Узведзены ён у азёрным і лясным краі. Мясцовасць вакол была (ды і застаецца) багатай на прыродныя рэсурсы. На працягу многіх стагоддзяў прырода дапамагала абараняць родны край. У час каралеўскіх і княжацкіх паляванняў хутка папаўняліся запасы харчавання для войска. А захоўваліся яны ў падобных умацаваннях.
— У 1980-х гадах на тэрыторыі замчышча вялі маштабныя археалагічныя раскопкі, — адзначыла Валянціна Карзяёнак. — Кіраваў імі гісторык Міхаіл Ткачоў. Археолагі знайшлі кафлю, вырабы з керамікі, прадметы побыту, рыбалоўныя прынады. Большасць артэфактаў папоўнілі тэматычную музейную экспазіцыю.Валянціна Карзяёнак паказвае артэфакты, звязаныя з Мядзельскім замкам.
Некалькі гадоў таму Мядзельскі замак увайшоў у дзяржпраграму «Замкі Беларусі». Тады праводзіліся і археалагічныя даследаванні. Аб’ект стаў адной з турыстычных славутасцей нарачанскага краю.
Замчышча і музей знаходзяцца недалёка адзін ад аднаго, таму раю наведаць абодва аб’екта. Так можна атрымаць поўнае ўяўленне пра адну з самых моцных крэпасцей, узведзеных на тэрыторыі нашай краіны. Аматарам ваеннай гісторыі таксама будзе цікава даведацца пра Нарачанскую аперацыю 1916 года, ацаніць маштабы партызанскага руху края ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Увогуле, наведванне замчышча значна дапоўніць уражанне ад Мядзела. А пабываць у гэтым райцэнтры прыемна і цікава.На адной з плошчаў Мядзела ўстаноўлены помнік Максіму Танку.
На зваротным шляху варта спыніцца ў вёсцы Узла, паглядзець на штучны вадаспад, побач з якім часткова захаваўся вадзяны млын.Штучны вадаспад на Узлянцы выглядае маляўніча.
Недалёка ёсць жывапісная сажалка. Ля старога брукаванага гасцінца растуць магутныя векавыя ліпы. Ідэальнае месца для адпачынку на ўлонні прыроды.Добра, калі месца для рыбалкі знаходзіцца ў межах горада.
***
Мядзельскі замак разам з Маладзечанскім, Радашковіцкім, Лоскім і іншымі складалі адзіную сістэму абароны дзяржавы. У сярэднія вякі замкі звычайна будаваліся на адлегласці дзённага пераходу войска.
У гэтым выпадку вораг быў вымушаны або знішчаць усе замкі паслядоўна (пры гэтым губляць на асаду тыдні і месяцы), або яму пагражала страта камунікацый, і, як вынік, поўны разгром.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Алег БЯГАНСКІ, з сайта «Планета Беларусь».