Новости Молодечно и Молодечненского района

Маладзечна – Латыгаль — Вязынь

  • 2020-06-04 08:52:01
  • Алег Бяганскі

Тут пасяліліся балты

Нядаўна аўтар гэтых радкоў адправіўся ў падарожжа ў Вязынь. Першым пунктам на маршруце была вёска Латыгаль. Інфармацыйны шчыт ля дарогі ўказвае, што тут знаходзіцца славутасць. Вырашыў высветліць, якая. Аказалася, гэта драўляная царква XVIII стагоддзя.

— Назва вёскі мае балцкае паходжанне. Заснавалі яе выхадцы з Латгаліі (гістарычнага раёна сучаснай Латвіі). Уражанне ад Латыгалі прыемнае: двары акуратныя, вуліцы чыстыя. Відаць, што мясцовыя жыхары клапоцяцца пра сваю малую радзіму.

Царква Святога Мікалая размясцілася на вяршыні ўзгорка ў цэнтры паселішча. Храм быў узведзены ў далёкім 1771 годзе. За вякі яго знешні від амаль не мяняўся. Пры гэтым першапачаткова храм быў уніяцкім.

Царква ў Латыгалі – адзін з найбольш старажытных драўляных храмаў нашай краіны.

Чым бліжэй падыходзіш да святыні, тым больш адчуваеш яе сакральную значнасць. Сама царква вельмі ўтульная, сямейная. Звярнуў увагу на дзверцы з вокнамі пад купалам. Прызначаны яны для вентыляцыі. Калі дзверцы адчыненыя, на вуліцы можна добра чуць, як ідзе служба. Шаляваныя дошкі прыбіты каванымі цвікамі, зробленымі ўручную. І кожны мае сваю форму. Гэта мяне вельмі ўразіла. Вакол царквы — старадаўняя каменная агароджа.Радуе вока старажытная алея побач з храмам.

Дзякуючы кантрасту паміж капітальнай каменнай агароджай і царквой блакітнага колеру перадаецца асноўная сутнасць хрысціянства аб непадзельнасці зямнога і нябеснага.

Па словах работніцы мясцовага магазіна, храм з’яўляецца цэнтрам культурнага жыцця Латыгалі. На службу сюды часта прыязджаюць маладзечанцы.

З капліцы – у касцёл

Праязджаю некалькі кіламетраў, і вось перада мной аграгарадок Вязынь. Знаходзіцца населены пункт у даліне рэчкі Ілля. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі бачны здалёк — ён аптычна ўзвышае ландшафт. Узвялі яго ў 1908 годзе. Першапачаткова гэта была капліца, а цяпер – самы маленькі каталіцкі храм Беларусі.

Нягледзячы на свой памер, выглядае касцёл велічна. Узведзена збудаванне ў неагатычным стылі, унутраны інтэр’ер лаканічны.

Калі пад’ехаў да храма, служба ў ім завяршылася, вернікі развітваліся з ксяндзом. Пазнаёміўся з адным з парафіянаў мясцовым жыхаром Віктарам Баранавым. Ён расказаў пра іншыя славутасці Вязыні.

Так, сярод цікавых аб’ектаў населенага пункта – праваслаўная Пакроўская царква. На каменнай агароджы вакол яе з 1812 года захаваліся надпісы. Зрабілі іх салдаты напалеонаўскай арміі, якія адступалі праз вёску. На старых каталіцкіх могілках знайшлі свой апошні спачын былыя ўладары мястэчка.

Закранулі Вязынь і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Тут былі знішчаны некалькі сотняў яўрэяў. Прычым многія мясцовыя жыхары спрабавалі выратаваць сваіх суседзяў яўрэйскай нацыянальнасці.

— На ўласным падворку выпадкова знайшоў старанна замаскіраваную зямлянку часоў мінулай вайны. На яе сценах – надпісы на іўрыце, на падлозе ляжалі рэчы. Значыць, яўрэі доўга хаваліся ў зямлянцы. Без дапамогі беларусаў гэта было б немагчыма, — разважае субяседнік.

Царква ў Вязыні была пабудавана ў 1864 годзе на месцы разбуранага касцёла. Узведзена яна ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Храм унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

На беразе Вілейскага мора

Вязынь нагадвае марскі курорт. Размешчаны аграгарадок на беразе заліва Вілейскага вадасховішча. Таму і ствараецца адпаведны антураж: чайкі на вадзе, на дамбе з вудамі сядзяць рыбакі (сярод іх многа жанчын). Хвалі заціхаюць у зарасніку трыснягу, водная гладзь асвяжае паветра. На мосце праз заліў адчуваецца моцны вецер.

Гэты населены пункт цікавы для турыстаў. Сюды зручна прыязджаць на рыбалку. Задаволяць сваю цікавасць і аматары ваеннай гісторыі. Спадабалася, што на галоўнай плошчы Вязыні ўладкаваны прыгожы грамадскі калодзеж.

Для мяне наведванне аграгарадка стала сапраўдным падарожжам у мінулае. Тут захаваўся ўчастак вуліцы, брукаваны валунамі. Такая тэхналогія прымянялася яшчэ ў антычныя часы. А Вялікае Княства Літоўскае славілася брукаванымі «гасцінцамі». Цяпер абсалютная большасць з іх пакрытая асфальтам.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.