Новости Молодечно и Молодечненского района

Лядовы фронт на возеры Нарач

  • 2022-03-11 11:50:07
  • Алег Бяганскі

Нагадаем, што лінія расійска-германскага фронту на тэрыторыі Беларусі стабілізавалася ў кастрычніку 1915 года. Яна падзяляла Нарач на дзве няроўныя часткі. Сучасны аграгарадок Нарач апынуўся на нямецкім баку, горад Мядзел – на рускім. У зімовыя месяцы на лёдзе варожыя бакі ўстанаўлівалі загароды з калючага дроту. Па берагах на пануючых вышынях былі абсталяваны агнявыя кропкі.

Рэшткі былых умацаванняў і сёння можна ўбачыць ля «беларускага мора». У даволі добрым стане яны захаваліся ў ваколіцах вёскі Пасынкі. Калі едзеш з боку Мядзела, трэба спыніцца ў пачатку гэтага населенага пункта ля знака «Вышыня №217», а потым накіравацца на ўзгорак. Там можна ўбачыць лініі акопаў, пункты назірання, іншыя элементы фартыфікацыі.

Ля самай дарогі, насупраць кіламетровага знака «148», захаваліся нямецкія бетонныя бункеры. Нават цяпер яны выглядаюць грозна. Умацаванні пркрывалі нямецкія пазіцыі ад атакі і з боку Мядзела, і з боку возера. Менавіта дзякуючы ім немцам удалося адбіць наступленне русскіх у час Нарачанскай аперацыі ў канцы сакавіка 1916 года. Тады адно з рускіх падраздзяленняў наступала па лёдзе возера. Яно панесла вельмі вялікія страты.

Трэба адзначыць, што нямецкі калючы дрот на дне возера яшчэ доўга перашкаджаў мясцовым жыхарам лавіць рыбу. Ён драў рыбацкія сеткі, што чапляліся за яго.

Цяпер узбярэжжа, ля якога больш за стагоддзе таму ішлі жорсткія баі, любяць наведваць мастакі. Тут ладзяцца мастацкія пленэры. Від на возера з вышыні №217 проста фантастычны! Нават не верыцца, што ў гэтым месцы былі забітыя і пакалечаныя тысячы людзей. Вось чарговы аргумент, чаму так важна захаваць мір на нашай зямлі.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.