Новости Молодечно и Молодечненского района

Ля дарогі на Маладзечна

  • 2025-08-24 07:45:00
  • Олег Беганский

Невялікая вёсачка Дзякшняны размясцілася паміж маляўнічых узгоркаў у даліне рэчкі Чарняўкі. Пры гэтым блізка ад населенага праходзіць ажыўленая траса Р-28 Мінск – Маладзечна – Нарач. Такое спалучэнне адасобленасці і даступнасці дазволіла стварыць тую ўнікальную атмасферу, якую я адчуў у час наведвання населенага пункта.

Дом з калонамі

Пра гісторыю вёскі найбольш падрабязна могуць расказаць старажылы. Таму першы візіт адбыўся да Ванды Сокал. Нарадзілася жанчына ў 1940 годзе, у Дзякшняны пераехала ў 1958-м. Жыве пенсіянерка ў вялікім доме з калонамі – мясцовай славутасці. Дзякуючы турыстам пра гэту пабудову ведаюць далёка за межамі Маладзечанскага раёна.

– Сама я з Вілейскага раёна, – гаворыць Ванда Станіславаўна. – У дзесяць гадоў пачала працаваць у мясцовым калгасе. Дапамагала бацькам па гаспадарцы. У Дзякшнянах жыў мой будучы муж. Да яго я і прыехала. Гэты старажытны дом займала сям’я мужа. Цяпер мне належыць палова будынка.

Субяседніца паведаміла, што больш за чатыры дзясяткі гадоў працавала ў сферы жывёлагадоўлі. Спачатку была цялятніцай, даглядала сорак падапечных. Потым стала даяркай. У тыя гады механізацыі на жывёлагадоўчых фермах практычна не было. Усё трэба было рабіць уручную – даіць кароў тройчы на дзень (за кожнай даяркай было замацавана 30 жывёл), карміць, чысціць за імі. Праца вельмі цяжкая. Ванду Сокал неаднаразова заахвочвалі, ставілі ў прыклад іншым.

– Дом, дзе я жыву, быў узведзены больш за два стагоддзі таму, – працягвае жанчына. – Якасць будматэрыялаў і тэхналогія будаўніцтва такія, што будынак годны для пражывання і сёння. У пакоях высокая столь. Скляпенні складзены з бутавага каменю. З тэрасы адкрываецца прыгожы від на возера. Ды і сама вёска прыгожая. Сюды часта прыязджаюць турысты. Яны фатаграфуюць пабудову, я расказваю гасцям пра яе гісторыю. І людзям прыемна, і мне весялей.

Да жанчыны часта прыязджаюць сваякі, дапамагаюць ёй. Недалёка жыве сын. Кожны тыдзень пенсіянерка наведвае касцёл у Радашковічах. Туды яе возіць пляменнік. Ванда Станіславаўна наракае, што старажылаў у вёсцы засталося мала. Затое ўсё больш дачнікаў. Вяскоўка любіць даглядаць кветкі. Асабліва ёй падабаюцца вяргіні і півоні.

– Зычу людзям здароўя, згоды, каб дапамагалі адзін аднаму. А яшчэ мірнага неба над галавой, – сказала на развітанне Ванда Сокал.

Размовы на вуліцы

Цікава было пагаварыць з людзьмі, якіх сустрэў. Адразу адзначу, што Дзякшняны вёска жывая, дынамічная. Некаторыя дамы тут будуюцца, многія добраўпарадкоўваюцца. На вуліцы інтэнсіўны рух транспарту. Дарога, праўда, грунтавая. Асфальт заканчваецца за некалькі соцень метраў ад населенага пункта.

Пры гэтым прыкметы павышэння камфорту навідавоку. У час маёй імправізаванай экскурсіі спецыялісты пракладвалі па вёсцы оптавалаконны кабель. Сучасныя тэхналогіі паспяхова пранікаюць у многія сельскія населеныя пункты Маладзечанскага раёна.

– З Дзякшнянамі звязаны з 1990 года, – расказаў прахожы Віктар Цяцерын. – Сам жыву ў Маладзечне. Любім усёй сям’ёй прыязджаць у вёску. Дзецям тут вельмі падабаецца. Лагістыка добрая, побач Радашковічы, Мінск, Маладзечна. На возеры можна палавіць рыбу. Навакольныя лясы багатыя на грыбы і ягады. Рэгулярна прыязджае аўтакрама. Жыццё, што называецца, не наводшыбе.

Кацярына Барысенка, жыхарка Заслаўя, прыехала ў Дзякшняны наведаць бацькоў. Яны жывуць у доме, які ў свой час ім выдзеліла мясцовая гаспадарка. Адбылося гэта 40 гадоў таму. Вёска стала для Кацярыны роднай.

– Тут прыгожыя краявіды, нам з дзецьмі гэта падабаецца, – гаворыць субяседніца. – Ёсць магчымасць ужываць сваю агародніну. Мая старэйшая дачка вучыцца ў каледжы ў Маладзечне. Сярэдняя наведвае ўзорную вакальна-харэаграфічную студыю «Віртуоз» Маладзечанскага раённага цэнтра культуры. Будучая эстрадная спявачка падрастае. Малодшай споўнілася 9 месяцаў. У Дзякшнянах нам камфортна. У цёплы час года па выхадных сюды прыязджае шмат моладзі. Тады жыццё літаральна віруе.

Жыхар сталіцы Віктар Васін даведаўся пра Дзякшняны нядаўна. Былы дальнабойшчык пасля выхаду на пенсію захапіўся рыбалкай. А на возеры ля населенага пункта яна арганізуецца на платнай аснове. У вадаёме водзяцца карп, белы амур, шчупак, карась, іншая рыба. Мужчына паведаміў, што абавязкова будзе прыязджаць сюды і далей.

Лічым славутасці

У Дзякшнянах налічваецца прыкладна 60 двароў, жыве каля 130 чалавек. Большасць з іх – моладзь і людзі працаздольнага ўзросту. Дамы размешчаны па адной вуліцы з невялікімі «адгалінаваннямі». Вёска пакідае прыемнае ўражанне. Большасць мясцовых жыхароў вырошчвае на сваіх падворках кветкі. Людзі клапоцяцца пра камфорт і знешні выгляд населенага пункта.

Прыцягвае ўвагу падворак сялянскай гаспадаркі Алены Троцкай. Тут захаваліся і выкарыстоўваюцца гаспадарчыя пабудовы былой панскай сядзібы. Іх можна лічыць яшчэ адной славутасцю населенага пункта.

У цэнтры паселішча ўстаноўлены праваслаўны і каталіцкі крыжы, а таксама капліца. Такая сітуацыя характэрная для нашай краіны. Прадстаўнікі ўсіх канфесій у Беларусі сябруюць, падтрымліваюць адзін аднаго, не дзеляць людзей на сваіх і чужых. У гэтым гарантыя міру, стабільнасці і нацыянальнай згоды.

Недалёка ад вёскі на шашы Р-28 ля развілкі дарог Мінск – Маладзечна – Дзякшняны знаходзіцца помнік, які нагадвае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта гранітны камень з мемарыяльнай дошкай. Тэкст на ёй распавядае пра подзвіг 13-га асобнага разведвальнага батальёна. Воіны гэтага падраздзялення ў самым пачатку вайны разграмілі адну з нямецкіх часцей. Памятны знак алічбаваны ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта «Ідзі і глядзі».

Невялікая экскурсія раскрыла розныя аспекты жыцця населенага пункта. Тут і гаспадарчая дзейнасць, і духоўнае жыццё, і захаванне гістарычнай памяці. Мясцовым жыхарам ёсць чым ганарыцца.

Старонкі гісторыі

Як сказана ў кнізе «Памяць», Дзякшняны вядомыя яшчэ з XVI стагоддзя. Тады гэта быў цэнтр маёнтка, уладання князёў Вішнявецкіх. У склад маёнтка ўваходзілі 8 вёсак. Меліся пякарня, лазня, бровар з саладоўняй, стаў з млынам, дзве сажалкі.

Населены пункт сталі называць мястэчкам у XVII стагоддзі. Побач з ім размяшчаўся фальварак на 10 двароў.

У 1873 годзе вёска належала пану Валадзьковічу. Менавіта з той пары да нашага часу захаваліся сядзібны дом і старыя гаспадарчыя пабудовы, якія з задавальненнем наведваюць турысты.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ