Новости Молодечно и Молодечненского района

Казачны палац на берагах Дабасны

  • 2022-10-19 07:41:17
  • Алег Бяганскі

Калі падыходзіш да сядзібнага комплексу, ствараецца ўражанне, што трапляеш у казку. Старадаўні парк, востраканцовыя шпілі, гаргуллі перад галоўным уваходам. Унутры палаца эмоцыі ўзмацняюцца. Што ні зала, то асобны расказ пра эпоху і густ былых уладальнікаў. Залы аформлены ў розных стылях (гатычным, раманскім, ракако і іншых).

Узведзена сядзіба ў 1893 годзе былым генерал-лейтэнантам у адстаўцы Міхаілам Гатоўскім. Затым шчодры тата падарыў яе дачцэ Марыi -- жонцы заможнага дваранiна Вiнцэнта Козел-Паклеўскага. Падарунак маладой сям’і спадабаўся. Прыходзяць у захапленне ад яго і сучасныя турысты.

Асабіста мяне ўразіла зала, аформленая ў маўрытанскім стылі (дарэчы, яна адна такая ў Беларусі). У час экскурсіі ўпершыню ўбачыў спецыяльную дзіцячую мэблю, вырабленую паўтара стагоддзя таму. Не пакінулі абыякавымі інкрустацыі на столі і ўнікальны паркет на падлозе. Сфатаграфаваў сваё адлюстраванне ў больш чым дзясятку старадаўніх люстэркаў (у кожным атрымліваўся новы вобраз). Ацаніў якасць паліграфіі модных французскіх часопісаў канца XIX стагоддзя.

Цікава ведаць, што гэта раскоша мае прамое дачыненне да... рухавікоў унутранага згарання. Справа ў тым, што Козел-Паклеўскія валодалі шматлікімі спіртзаводамі ў Расійскай імперыі. Кожны пяты літр спірту ў краіне вырабляўся на іх прадпрыемствах. А выкарыстоўваўся ён галоўным чынам для запраўкі аўтамабіляў (бензін канчаткова «перамог» этанол у якасці паліва толькі ў 30-я гады мінулага стагоддзя).

Больш падрабязна пра сядзібна-паркавы комплекс можна даведацца ў час экскурсіі. Шмат інфармацыі ёсць у інтэрнэце. Калі прыедзеце сюды на поездзе (можна сесці ў Мінску і дабрацца без перасадак), майце на ўвазе, што ад станцыі да аб’екта вядзе бетонная пешаходная дарожка. Шлях займае хвілін 15.

За кіламетр ад сядзібы знаходзіцца ўнікальны помнік-мемарыял, прысвечаны дзецям, на долю якіх выпала Вялікая Айчынная вайна. Справа ў тым, што ў Красным Берагу гітлераўцы стварылі зборны пункт для дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, якіх забіралі ў бацькоў. Адсюль у Германію было вывезена каля дзвюх тысяч юных беларусаў. Абавязкова наведайце і гэта месца памяці.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.