Новости Молодечно и Молодечненского района

Капліца-пахавальня ў Лебедзеве

  • 2021-02-17 07:43:08
  • Алег Бяганскі

Як згадваецца ў краязнаўчай літаратуры, капліца пабудаваная ў 1910-х гадах. Яе ніколі сур’ёзна не рэстаўрыравалі. Такім чынам, пабудова цалкам захавала арыгінальныя архітэктурныя элементы і адлюстроўвае дух эпохі больш чым стогадовай даўніны.

Месца для пабудовы было выбрана невыпадкова. Стагоддзе таму паблізу праходзіла ажыўленая дарога з Мінска ў Вільнюс. Ля славутасці спыняліся падарожнікі. Людзі маліліся, святары праводзілі набажэнствы. З вышыні ўзгорка адкрываецца шыкоўны від на наваколле.

Капліца прыгожая ў любую пару года. Мы наведалі яе зімой. Жоўтая цэгла нібы выпраменьвала цяпло. Магчыма, у архітэктара такая і была задума. Храм з’яўляецца месцам яднання веры і паўсядзённага жыцця. Таму людзі павінны адчуваць жыватворную энергію, якую выпраменьвае збудаванне.

Уражваюць таксама дробныя элементы аздаблення капліцы. Рознакаляровыя вокны, вострыя вежы, ляпніна, цагляныя крыжыкі ствараюць непаўторны вобраз. Адразу пераконваешся – шэдэўр стварылі сапраўдныя майстры.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.