12.04.2021 9:47

Плябань. Партал у гісторыю

Пабываць у Плябані карысна і павучальна. Тут можна ажыццявіць падарожжа ў мінулае, у поўнай меры дакрануцца да гісторыі роднага краю.

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы – адна са славутасцей Плябані. Царква Успення Прасвятой Багародзіцы – адна са славутасцей Плябані.

Першае, што заўважаеш, калі пад’язджаеш да вёскі, – велічны храм. Раней тут быў касцёл, цяпер – праваслаўная царква Успення Прасвятой Багародзіцы. Узвялі будынак у другой палове XIX стагоддзя. А касцёл на гэтым месцы існаваў прыкладна з 1503 года. Яго пабудову звязваюць з імем вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка.

Агляду царквы можна пры-свяціць шмат часу. Унутр ёсць магчымасць трапіць толькi на вялiкiя царкоўныя святы — храм знаходзіцца на рамонце. Аднак знешні выгляд царквы (неагатычны дэкор, стральчатыя аконныя праёмы і пілястры) пакідаюць моцнае ўражанне. Выдатны фон для экскурсіі ў мінулае…

А што ў гэтым самым мінулым найбольш цікавіць падарожнікаў? Вядома, розныя таямніцы, падземныя хады, схаваныя скарбы. І пажадана якая-небудзь выдатная гістарычная падзея. Усё гэта ў Плябані ёсць. Трэба толькі рушыць ад царквы да музея — цэнтра традыцыйнай культуры і побыту.

Справа ў тым, што ў часы паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863-1864 гг.) паміж тагачасным касцёлам і плябаніяй (цяпер у гэтым будынку знаходзіцца цэнтр) існаваў падземны ход. А ў падзямеллі паўстанцы якраз і хавалі зброю. Такі вось атрымліваецца «квэст» праз стагоддзі. Мала якая мясціна ў Беларусі можа пахваліцца падобнай гісторыяй. А наша Плябань можа!

У музеі нас сустрэлі кіраўнік установы Таццяна Грынкевіч і метадыст-майстар Алена Богдан. Яны паказалі экспазіцыю, расказалі, што тут можа зацікавіць турыстаў.

Так, для аматараў выяўленчага мастацтва арганізуюцца выставы, пленэры, майстар-класы. Жадаючыя могуць зрабіць сваімі рукамі сувенір з ільну. У цэнтры праводзяцца традыцыйныя народныя святы — Каляды, Масленіца, Гуканне вясны і іншыя. Можна нават пабываць на заручынах і вяселлі з беларускім каларытам.

Фальклорнае свята ў Плябані.

Увогуле, у апошнія гады ў нашай краіне мерапрыемствы ў народных традыцыях набываюць усё большую папулярнасць. Многа хто жадае адправіцца на «машыне часу» на некалькі пакаленняў назад. А для гэтага ўсяго толькі трэба наведаць Плябань.

— У цэнтры турысты могуць убачыць узоры мясцовых вышыванак, глінянага посуду, упрыгажэнняў з саломкі, адзенне святароў, старадаўнія гаспадарчыя прылады, — гаворыць Таццяна Грынкевіч. – Многія экспанаты прыносяць мясцовыя жыхары. У нас другое жыццё набываюць калаўроты, жбаны, прасы на вуглях, іншыя прадметы побыту, якiя доўгі час захоўваліся на гарышчах і ў падвалах.

У цэнтры традыцыйнай культуры і побыту цікава і дарослым, і дзецям.

Адметны і будынак цэнтра традыцыйнай культуры і побыту. У розны час тут размяшчаліся мастацкая галерэя, пачатковая школа, вайсковы шпiталь, дом ксяндза (плябанія). Сядзіба ўзведзена ў стылі эпохi Адра-джэння. Будынак эклектычнай архiтэктуры з выкарыстаннем стылiзаваных форм барока i готыкi. Што цікава, менавіта гэта пабудова дала назву ўсяму населенаму пункту. Многія турысты любяць фатаграфавацца на ганку. Так яны ўяўляюць сябе гаспадарамі будынка, сапраўднымі шляхціцамі і шляхцянкамі.

Звярніце ўвагу на дах сядзібы — і ўбачыце знакаміты гонт. «Драўляны шыфер» у сярэднія вякі быў даволі даступным будаўнічым матэрыялам на нашых землях. Цяпер такая тэхналогія лічыцца элітарнай.

Прыцягвае ўвагу арыгінальна ўпрыгожаны калодзеж на падворку музея. Аказваецца, на яго месцы раней біла крыніца. Кожны наведвальнік тут можа наталіць смагу жыватворнай сцюдзёнай вадой.

Таццяна Грынкевіч запрашае турыстаў наведаць музей.

Увогуле, у Плябані вы адчуеце прыліў сіл і непаўторны каларыт беларускай прыроды. Тут адпачываеш і душой, і целам.

Такім чынам, падарожжа ў Плябань – выдатны варыянт экскурсіі выхаднога дня. Спа-дзяюся, многія скарыстаюць гэту падказку. Тым больш што знаходзіцца населены пункт на ажыўленай трасе Мінск – Маладзечна. Дабрацца сюды можна і на электрычцы.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР і архіў Таццяны ГРЫНКЕВІЧ.

Прочитано 912 раз Последнее изменение 12.04.2021 9:47
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Падарожжа ў Пухавіцкі раён