22.10.2020 9:14

Нечаканая Магілёўшчына

З Магілёўшчынай звязана маё юнацтва. Тым больш цікава было амаль праз 30 гадоў наведаць гэты край і ацаніць змены, што тут адбыліся. Падарожжу ў абласны цэнтр Усходняй Беларусі, а таксама ў Быхаў і Бабруйск я прысвяціў некалькі дзён свайго водпуску.

Адзін з ільвоў на рэканструяваным мосце ў Магілёве. Адзін з ільвоў на рэканструяваным мосце ў Магілёве.

Сімвал горада – леў

Цяперашні Магілёў радыкальна адрозніваецца ад горада, які я памятаў. Змены адбыліся ў лепшы бок. Некаторыя гарадскія раёны нават цяжка пазнаць. Так, вуліца Ленінская стала пешаходнай. Яна ператварылася ў цэнтр культурнага жыцця мясцовых жыхароў, дзе любіць збірацца моладзь. Дзякуючы музыкантам, галерэям пад адкрытым небам, сувенірам тут пануе сапраўдная «тусовачная» атмасфера.

Вуліца выходзіць на плошчу, дзе знаходзіцца адноўлены будынак ратушы (сімвала гарадскога самакіравання). Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў 2008 годзе. З плошчы адкрываецца шыкоўны від на даліну Дняпра.

Прыемна адзначыць, што пры рэстаўрацыі гістарычнай часткі Магілёва акцэнт зроблены на сярэднія вякі, калі горад атрымаў Магдэбургскае права. Не забыты і губернскі перыяд. Гэта добры прыклад, калі ўдаецца спалучаць мінулае і сучаснае.

У час прагулак я нанова адкрываў знаёмыя з юнацтва мясціны. Вось новы мост праз Днепр. А стары «прырос» некалькімі аўтапалосамі, на ім устаноўлены фігуры львоў. Была добраўпарадкавана набярэжная Дняпра, з’явілася база падрыхтоўкі алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту (у атэлі якой я і спыніўся). Недалёка ад абласнога цэнтра паўсталі магутныя ветраэнергетычныя ўстаноўкі.

Нязменнымі засталіся толькі адносіны магіляўчан да роднага горада і адзін да аднаго. Убачыць смецце на вуліцах горада амаль нерэальна. А пасажыры на аўтавакзале загадзя дамаўляюцца, хто за кім увойдзе ў аўтобус, калі пачнецца пасадка. Па графіку руху гарадскога транспарту можна звяраць гадзіннік. Людзі добразычлівыя. Калі ёсць праблема або пытанне, заўсёды гатовы дапамагчы.

Замак Сапегаў і баявая сінагога

У Быхаве (раённым цэнтры прыкладна за 50 кіламетраў ад Магілёва) мяне найбольш цікавіў замак Сапегаў. У свой час ён з’яўляўся адным з апорных пунктаў абароны Рэчы Паспалітай ад пагрозы з усходу, а яшчэ і рэзідэнцыяй прадстаўнікоў магутных магнацкіх радоў. Дарэчы, да 1621 года Быхавам і замкам валодаў гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Хадкевіч. Потым уладальнікамі сталі Сапегі.

Жыхаўскі замак быў размешчаны на ўсходняй ускраіне горада, на высокім правым беразе Дняпра. На жаль, да нашага часу захаваліся толькі руіны. Аднак і яны могуць шмат што расказаць пра жыццё гаспадароў магутнага ўмацавання, іх побыт. Уражвае, напрыклад, сістэма ацяплення замка (раней яна была схаваная пад цэглай). Аказваецца, цёплае паветра з кацельні паступала ў пракладзеныя ў сценах спецыяльныя нішы. Абаграваліся адначасова ўсе памяшканні. Некаторыя нішы знаходзяцца нават у падлозе пакояў. Такім чынам, тэхналогіі «цёплай падлогі» і «цёплых сцен» прымяняліся ў Беларусі яшчэ ў сярэднія вякі.

Адзначым, што Быхаўскі замак увайшоў у мэтавую праграму «Замкі Беларусі». Работы па рэстаўрацыі помніка барока XVII стагоддзя могуць пачацца пасля таго як будуць знойдзены адпаведныя фінансавыя сродкі.

Яшчэ адна быхаўская славутасць — сінагога абарончага тыпу. Такіх ва Усходняй Еўропе захаваліся адзінкі. Узведзены храм-крэпасць паблізу замка. Нават цяпер збудаванне выглядае даволі ўнушальна.

Каб даведацца яшчэ больш пра Быхаўшчыну, завітаў у рэдакцыю мясцовай раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя». Хто як не журналісты дасканала ведаюць жыццё рэгіёна? Пра сваю малую радзіму расказаў вядучы карэспандэнт «раёнкі» Сяргей Леўчанка.

Субяседнік паведаміў, што на тэрыторыі Быхаўшчыны створаны знакаміты Баркалабаўскі летапіс – помнік беларускага летапісання пачатку ХVII стагоддзя. А на беразе Чыгірынскага вадасховішча штогод праводзіцца фестываль аўтарскай песні «Вялікая арт-рыбалка». У 2013 годзе Быхаў прымаў XX Дзень беларускага пісьменства. У памяць аб свяце застаўся мемарыяльны знак.

Цвярдыня на Бярэзіне

Як аматара айчыннай ваеннай гісторыі, мяне вельмі цікавяць сярэдневяковыя абарончыя ўмацаванні. А паколькі адна з самых вялікіх па плошчы крэпасцяў у свеце знаходзіцца ў Бабруйску, менавіта туды і накіраваўся.

Будаўніцтва крэпасці пачалося ў 1810 годзе. На яе ўзвядзенне былі выдаткаваны каласальныя сродкі. У час вайны 1812 года цвярдыню некалькі месяцаў безвынікова асаджвалі часці Вялікай арміі Напалеона. Абараняў яе 4-тысячны расійскі гарнізон.

Бабруйская крэпасць – гэта горад у горадзе. З тылу яе абараняе Бярэзіна. З трох іншых бакоў узведзены бастыёны і іншыя абарончыя збудаванні. Прычым пры праектаванні ўмацаванняў трэба было вырашыць дзве ўзаемавыключальныя задачы – каб бастыёны былі адначасова высокія (тады іх цяжка штурмаваць) і нізкія (тады іх цяжка разбурыць гарматным агнём). Рабілася гэта так: выкопваліся глыбокія ямы, у якіх і будаваліся ўмацаванні.

Прыёмы фартыфікацыі, што прайшлі выпрабаванне ў Бабруйску, выкарыстоўваліся пры будаўніцтве такіх вядомых комплексаў абарончых збудаванняў як «Лінія Сталіна», «Лінія Мажыно», «Лінія Манергейма» і іншых.

Знаёміцца з Бабруйскай крэпасцю можна ўвесь дзень. Дарэчы, у яе межах узведзены стадыён «Бабруйск-Арэна». Гэты вялікі спартыўны комплекс займае ўсяго некалькі працэнтаў тэрыторыі крэпасці.

Не забытая і яўрэйская гісторыя Бабруйска. У горадзе захаваліся цэлыя кварталы аўтэнтычных дамоў, у якіх да пачатку Вялікай Айчыннай вайны жылі яўрэі. Бачыш упрыгожаныя фасады, праходзіш міма дэкаратыўных арак — і пераносішся на сто гадоў таму. У час экскурсіі заўважаеш, што былая сінагога ўзведзена паблізу праваслаўнай царквы.

Бабруйск. Асабняк купчыхі Кацнельсон на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Традыцыя жыць дружна на адной зямлі характэрная для Беларусі. Для яе захавання карысна наведваць розныя куточкі нашай краіны, сустракацца з людзьмі, вывучаць гісторыю, адпраўляцца ў краязнаўчыя падарожжы, у тым ліку на ўсход Сінявокай.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/puteshestviya/item/7880-nechakanaya-magiljo-shchyna.html#sigProId9175a6ef17
Прочитано 746 раз Последнее изменение 22.10.2020 9:14
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить