21.11.2022 12:28

«Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет…»

Што можна за адзін дзень убачыць у самым старажытным горадзе Беларусі?

«Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет…» "Маладзечанская газета"

Ад Маладзечна да Полацка прыблізна 220 кіламетраў, каля трох гадзін язды на аўтамабілі. У час сямейнага падарожжа ў Віцебск мы, не плануючы, заехалі сюды, каб аднавіць свае ўражанні ад мінулых экскурсій, убачыць, што змянілася.

Нагадаю, што Полацк — самы старажытны горад Беларусі, першае ўпамінанне аб ім у «Повести временных лет» датуецца 862-м годам. Ён лічыцца цэнтрам беларускага хрысціянства, у X-XIII стагоддзях быў цэнтрам Полацкага княства.

Музей у воданапорнай вежы

У другой палове дня мы прыпаркаваліся ў цэнтры Полацка, непадалёк ад праспекта Францыска Скарыны. Па дарозе ў інтэрнэце прачыталі, што многія музеі ў суботу працуюць толькі да 17.00. Лічу, што гэта не вельмі правільна. Светлавы дзень кароткі, надвор’е прахалоднае, па вуліцы доўга не пагуляеш. А вось музеі наведаць у такую пару года — у самы раз, тым больш іх тут 11. Аднак нам давялося выбраць адзін. Унук хацеў трапіць у музей рыцарства, мы пераканалі яго пабываць у прыродна-экалагічным (вул. Францыска Скарыны, 11), размешчаным у воданапорнай вежы (білет для дарослых каштуе 4 рублі, для школьнікаў — 2). Паднімаючыся па вертыкальнай лесвіцы, якая сімвалізуе Дрэва жыцця, можна прасачыць эвалюцыю развіцця флоры і фаўны, убачыць, як на іх уплывае дрэнная экалогія. Экспазіцыя багатая, шмат чучал жывёл і птушак, прадстаўлены макеты мясцовых буйных прадпрыемстваў, у прыватнасці, наваполацкага «Нафтана». І ўсё ж больш здзіўляе не столькі экспазіцыя, колькі сама ідэя размяшчэння музея ў такой
незвычайнай будыніне.

Адзіны ў свеце помнік літары «Ў»

Ён устаноўлены ў 2003 годзе ў гонар дзесяцігоддзя Дня беларускага пісьменства (Полацк стаў першай сталіцай гэтага свята) на пешаходнай зоне праспекта Францыска Скарыны. «У» нескладовага няма больш ні ў адным алфавіце свету. Помнік палачаніна Ігара Куржалава — скульптурнае ўвасабленне адметнасці беларускай мовы. На ім выбіты словы Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет…».

Геаграфічны цэнтр Еўропы

Памятны знак, які сведчыць, што Полацк з’яўляецца геаграфічным цэнтрам Еўропы, размешчаны ў скверы побач з плошчай Францыска Скарыны. Гэты факт у 2008 годзе ўстанавілі спецыялісты РУП «Белаэракосмагеадэзіі», іх разлікі пазней пацвердзілі расійскія калегі.

Праўда, на свае геаграфічныя цэнтры прэтэндуе 11 краін, у многіх падобныя знакі таксама ўстаноўлены, напрыклад, у Расіі, Літве, Славакіі, Чэхіі, іншых. Вучоныя сцвярджаюць, што ўсе гэтыя знакі гіпатэтычныя, таму што вызначэнне цэнтра залежыць ад многіх параметраў і сістэм разліку. Так што наш беларускі цэнтр мае месца быць і карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў.
Тры разы абысці вакол Барысавага каменя

Прагуляліся мы па Ніжне-Пакроўскай вуліцы, адной з самых старажытных у горадзе, якая цягнецца на 1,5 кіламетра ўздоўж Заходняй Дзвіны. На сценах будынкаў XVII-XIX стагоддзяў спецыяльна пакінуты «вокны» ў мінулае, праз якія бачна цагляная кладка. Так і хочацца дакрануцца да яе рукой… У неагатычным будынку былой лютэранскай кірхі размяшчаецца краязнаўчы музей. У доміку Пятра І створана першая ў Беларусі экспазіцыя, прысвечаная адной вуліцы «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай». Тут знаходзіцца і адзіны ў Беларусі музей кнігадрукавання.

Мы выйшлі да Сафійскага сабора, які недарэмна называюць летапісам у камяні. У XI стагоддзі ён стаў першым мураваным храмам на Беларусі, роўныя якому былі толькі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Мясцовыя жыхары з любоўю называюць яго «Сафійкай». На жаль, у сабор мы не трапілі, ён працаваў да 17.00. У мінулыя гады мне даводзілася пабываць тут на канцэрце арганнай музыкі, з экскурсіяй спусціцца ў падвал, каб убачыць старажытную кладку і фрэскі.
Побач з саборам знаходзіцца 26-тонны Барысаў камень XII стагоддзя — адзін з чатырох беларускіх валуноў, на які нанесены выявы крыжа і надпіс «Господи, помози рабу своему Борису». Ёсць павер’е, што камень здзяйсняе жаданні. Толькі трэба падыходзіць да яго з адкрытай душой, з дабром, дакрануцца рукой, а затым тры разы абысці вакол яго.

Механічная галава, якая гаворыць

Гэта турыстычная «фішка» знаходзіцца ў будынку Полацкага ўніверсітэта, адзін з карпусоў якога размешчаны ў былым езуіцкім калегіуме. Туды, на жаль, мы таксама спазніліся. Заставалася задаволіцца відэа ды сфатаграфавацца са скульптурай студэнта. Механічная галава можа адказваць на любыя пытанні, але толькі ў час арганізаваных экскурсій. Паразмаўляць тэт-а-тэт не атрымаецца.

У інтэрнэце прачыталі, што ва ўнутраным дворыку знаходзіцца музычны гадзіннік, у якім кожную гадзіну гучыць студэнцкі гімн «Гаўдэамус», а затым на балкончыку з’яўляюцца фігуры Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага і іншых знакавых асоб. Было каля шасці вечара, мы без малога паўгадзіны чакалі, каб іх убачыць, асцерагаючыся, каб вартаўнікі не замкнулі вароты ўнутранага дворыка. Аднак і тут не пашанцавала: гадзіннік не заіграў, фігуры не з’явіліся. Пазней удакладнілі, што яго прадстаўленне можна ўбачыць з 5.00 да 14.00. Але патрачанага часу не шкада: пакуль чакалі, «лавілі» рэха, гукаючы ў адрэстаўраваную старадаўнюю студню і знаёміліся з рэпрадукцыямі карцін мастакоў Сярэдневякоўя, што размешчаныя пад адкрытым небам.

Сцямнела, трэба было скіроўвацца ў Віцебск, але мы вырашылі заехаць у Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр, дзе, як вядома, захоўваюцца мошчы прападобнай Еўфрасінні. Мы трапілі на вячэрнюю службу, якая трансліравалася і на вуліцу. Пад покрывам ночы словы малітваў, шматгалоссе царкоўнага хору гучалі асабліва ўрачыста і ўражальна. Пабылі на службе, у царкоўнай лаўцы купілі невялікую драўляную копію крыжа Еўфрасінні Полацкай, масла, асвечанае на мошчах. Для нас гэта быў яркі развітальны акорд з Полацкам — нібыта благаславенне на далейшае падарожжа. Мы вырашылі абавязкова вярнуцца ў гэты горад вясной. Прыехаць не вось так стыхійна, а спланаваць экскурсію, каб убачыць усё, што не паспелі, і яшчэ больш пранікнуцца яго гісторыяй, адчуць сваю прыналежнасць да яе.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: архіў АЎТАРА,
інтэрнэт-рэсурсы.

Прочитано 163 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.