27.07.2022 10:01

За дзень – тры замкі, тры касцёлы, дзве дэгустацыі…

Нават у радыусе ста кіламетраў ад дому можна ўбачыць шмат цікавага. Галоўнае – захацець і быць адкрытым для ўсяго новага. Гэта ў чарговы раз пацвердзіла нядаўняе падарожжа супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча, у кампаніі якіх пашчасціла быць і аўтару гэтых радкоў.

 Маладзечанскія турысты на фоне Гальшанскага замка. Маладзечанскія турысты на фоне Гальшанскага замка.

Крэва: тунэль да Вільні і прывід дамы з сабачкам

Не раз з акна аўтамабіля бачыла руіны Крэўскага замка, што на Смаргоншчыне. І толькі цяпер, дакрануўшыся да цаглін яго сцен, усвядоміла, сведкам якіх значных гістарычных падзей, войнаў і людскіх трагедый ён з’яўляецца. Пабудаваны Гедымінам у XIV стагоддзі, ён стаў першым поўнасцю мураваным замкам у Вялікім Княстве Літоўскім. Таўшчыня яго сцен складала два з паловай метра, вышыня – да 13 метраў. Па форме замак нагадваў няправільную трапецыю, меў дзве вежы вышынёй 20 і 16 метраў. Менавіта тут у 1385 годзе была падпісана Крэўская унія, згодна з якой унук Гедыміна Ягайла стаў польскім каралём, ажаніўшыся з польскай каралевай 14-гадовай Ядвігай.

Шмат легенд звязана з гэтым замкам. Адна з іх: быццам бы ад яго вёў тунэль да самай Вільні. Яшчэ кажуць, што па начах тут бачылі прывід дамы з сабачкам, якую зажыва замуравалі ў замку за тое, што адмовіла ў каханні князю. Не пашкадавалі і сабачку, з якім яна ніколі не расставалася.

Замак быў разбураны ў час Першай сусветнай вайны. З 2018 года пачалася яго кансервацыя і рэстаўрацыя, якая вядзецца пад наглядам археолагаў. Па пятніцах і выхадных тут праводзяцца экскурсіі, майстар-класы, ля сцен замка разгорнута выстаўка фотаработ. А праз дарогу керамічныя вырабы з выявамі замка прадае адзін з мясцовых народных умельцаў.

Гальшаны: захацелася перачытаць Караткевіча

 Так выглядаюць закансерваваныя рэшткі Гальшанскага замка з вышыні.

Перш чым спыніцца ля замка, мы праехалі па аграгарадку Гальшаны, у яго цэнтры палюбаваліся старадаўняй забудовай канца XIX – пачатку XX стагоддзя: адна-, двухпавярховымі яўрэйскімі дамамі з цэглы. І ўсё ж нашай мэтай быў палацава-паркавы комплекc, рэзідэнцыя роду Сапегаў. Менавіта гэты замак натхніў у свой час Уладзіміра Караткевіча на гісторыка-дэтэктыўны раман «Чорны замак Альшанскі». Калі глядзіш на руіны, акуратна закансерваваныя і часткова рэканструяваныя, цяжка паверыць, што замак быў адным з найпрыгажэйшых у Рэчы Паспалітай… Цяпер гэта папулярны турыстычны аб’ект. Тут створана нядрэнная інфраструктура: паркоўка, кіёск, у якім прадаюцца сувеніры. Уваходны білет на тэрыторыю замка каштуе тры рублі. Мы пабывалі ў адрэстаўраванай вуглавой вежы, дзе створана невялікая экспазіцыя, падняліся наверх, убачылі рэшткі замка з вышыні.

Залессе: зноў гучыць паланэз

Залессе ў кожную пару года выглядае па-рознаму. Летам яго белыя альтанкі, лаўкі, масткі асабліва маляўніча глядзяцца на фоне зеляніны. Нездарма ж сюды прыязджаюць на фотаcесію пары маладых. А калі супрацоўнікі музея сустрэлі нашу групу ва ўборах часоў Агінскага, узнікла ілюзія, што ў «Паўночных Афінах» зараз пачнецца баль…

У Залессі нібыта трапляеш у мінулыя стагоддзі.

Як заўсёды, гучаў знакаміты паланэз «Развітанне з радзімай», які, як сцвярджаецца ў розных крыніцах, быў напісаны ў Залессі. З партрэтаў на нас гасцінна паглядалі гаспадары замка: Міхал Клеафас, яго жонка, італьянка Марыя, чацвёра дзяцей, якія тут нарадзіліся. Агінскія жылі ў замку 20 гадоў. Дарэчы, у гонар іх старэйшай дачкі Амеліі, у якой было ажно 11 дзяцей, названа вёска Амяліна, што знаходзіцца непадалёк.

Баруны: цудадзейны абраз і вада са святой крыніцы

На Ашмяншчыне мы заехалі ў аграгарадок Баруны, каб убачыць галоўную яго славутасць – велічны касцёл Святых Пятра і Паўла XVIII стагоддзя, пабудаваны ў стылі віленскага барока. Тут знаходзіцца цудадзейная ікона Барунскай Божай Маці XVII стагоддзя, якая лічыцца адной з самых шануемых каталіцкіх святынь на тэрыторыі Беларусі. Запаліўшы свечкі ля іконы, мы спусціліся ў падвал касцёла, куды падведзена вада са святой крыніцы. Нельга было не здзівіцца, наколькі ўсё прадумана: святая вада цячэ па медных трубах з крана, стылізаванага пад старадаўні…

Акрамя таго, мы пабывалі ў адрэстаўраваным касцёле Святога Міхаіла Архангела ў Ашмянах пачатку XIX стагоддзя, у касцёле Божай Маці Ружанцовай у аграгарадку Солы на Смаргоншчыне. Гэты дзіўнай прыгажосці храм пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя выключна на ахвяраванні мясцовых жыхароў. За сваю амаль векавую гісторыю ён ніколі не закрываўся, нават у вайну. Нас уразілі яго бакавыя галерэі-аркады, упрыгожаныя фігурнымі калонамі, фрэскі ўнутры касцёла, якія пасля вайны былі поўнасцю зафарбаваныя, а ў 2000-я гады адноўленыя. Здзівіў балкон у выглядзе лодкі, размешчаны побач з алтаром. А над уваходам у храм ля крыжа знаходзіцца якар – тут выразна прасочваецца марская тэматыка.

Балкон у выглядзе лодкі ў касцёле аграгарадка Солы.

Акушкава: ільняное масла без горычы і халва без цукру

Сапраўдным адкрыццём для нас стала знаёмства з гаспадарамі родавага памесця «Акушкава» — сямейнай парай Дзмітрыем і Кацярынай, якія пераехалі са сталіцы на хутар за 17 кіламетраў ад Смаргоні і заняліся вытворчасцю карыснай для здароўя прадукцыі. Як расказаў Дзмітрый, пачыналі яны з перапёлак, якіх цяпер на іх ферме налічваецца дзве з паловай тысячы. Пазней у Смаргоні арганізавалі цэх па вытворчасці масел халоднага адціскання.

— Чаму ваша льняное масла не гарчыць у адрозненне ад магазіннага? – спыталася я ў час дэгустацыі.

Аказваецца, уся справа ў тым, што ў нашых шыротах лён не паспявае выспець, адсюль і горыч. У «Акушкаве» льняное масла ціснуць з лёну, што выcпеў на Алтаі.

Дзмітрый пазнаёміў нас з працэсам вытворчасці льнянога масла.

Дзмітрый прадэманстраваў нам працэс вырабу масла, а Кацярына паказала, як з макухі насення сланечніку можна прыгатаваць карысную халву. Замест цукру ў яе дадаюцца мёд, сухафрукты, арэхі. Асартымент карыснай для здароўя прадукцыі «Акушкава» шырокі: масла розных відаў, прыправы, бездражджавы хлеб, салодкія прысмакі, гарбата і многае іншае. Дарэчы, яна прадаецца і ў Маладзечне, у ТЦ «Спадарожнік».

Фінальным акордам нашага падарожжа стаў «Вілія Парк» (былая турбаза «Вілія») – сучасны загарадны комплекс на беразе Віліі, дзе прыемна прагуляцца, палюбавацца экзатычнымі раслінамі, прадэгуставаць выдатнае піва, якое тут вараць, пачаставацца фірменным «ільняным» марожаным. А яшчэ мы даведаліся, што па суботах тут праходзяць джазавыя вечары. Так што ёсць падстава сюды вярнуцца…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў бібліятэкі, інтэрнэт-рэсурсы.

Прочитано 559 раз Последнее изменение 27.07.2022 10:01
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « На ладье викингов по реке времени