16.12.2021 15:33

Падвесныя масты на Нарачанцы

Каб ацаніць паветраныя шляхі зносін, не абавязкова купляць білет на самалёт. Можна прайсціся па падвесных мастах праз рэчку Нарачанку.

Мост ля вёскі Вайдзені «падвешаны» даволі высока, каб пад ім праплывалі лодкі. Мост ля вёскі Вайдзені «падвешаны» даволі высока, каб пад ім праплывалі лодкі.

Бліжэйшы да Маладзечна такі мост знаходзіцца ў вёсцы Ручыца. Адпаведны ўказальнік устаноўлены ў пачатку населенага пункта. Да аб’екта вядзе «конская дарога» (так яе называюць мясцовыя жыхары). Пачынаецца яна адразу за сажалкай, на беразе якой размешчана царква. Грунтоўка якраз упіраецца ў мост.

Прайсці па мосце сапраўды цікава: ён увесь час гойдаецца. Каб не поручні, гэта быў бы экстрэмальны шлях. Для рыбаловаў і рамантыкаў на сярэдзіне моста ёсць дзве платформы. Сама «паветраная дарога» нядаўна адрамантаваная. Мясцовыя жыхары актыўна карыстаюцца ёю.

Я быў у Ручыцы ў выхадны дзень. Ля моста сабралася даволі шмат турыстаў. Людзі фатаграфаваліся, рабілі стрымы, дзяліліся ўражаннямі. Парадавала, што навокал не было смецця. На жаль, гэты «атрыбут цывілізацыі» можна ўбачыць ля некаторых славутасцей. Асмелюся выказаць меркаванне, што населены пункт наведваюць і жывуць у ім выключна культурныя людзі.

Ручыца (былая Ганута) — знакавае месца на карце Беларусі. Яна была любімай рэзідэнцыяй Міхала Клеафаса Агінскага. Да нашага часу ад палацавага комплексу захаваліся фрагменты дзвюх капліц. Адну з іх можна ўбачыць па дарозе да моста.

Падвесным мостам ля Ручыцы актыўна карыстаюцца мясцовыя жыхары.

Яшчэ адзін падвесны мост знаходзіцца ў ваколіцах вёскі Вайдзені (кіламетраў за пяць ад Ручыцы). Прырода тут вельмі маляўнічая. Высокія парослыя лесам берагі, імклівая плынь воднага патоку. Гэты мост таксама нядаўна адрамантаваны. Турыстаў тут менш, затое больш аматараў рыбнай лоўлі.

Даведка

Канструкцыя ў падвесных мастоў простая. Па абодвух берагах Нарачанкі ўстаноўлены анкеры. Паміж імі нацягнуты стальныя тросы. На іх трымаюцца перакладзіны з бярвёнаў, а на іх — насціл з дошак. Для бяспекі ўстаноўлены поручні. Аднак знаходзіцца на мосце вялікай колькасці людзей усё ж не рэкамендуецца.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

 

Прочитано 657 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.