Важнай славутасцю і архітэктурным помнікам вёскі з’яўляецца царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Пабудавалі яе ў 1889 годзе з цэглы і бутавага каменя ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Уваходны праём арачны.
Унутранае ўбранне царквы вельмі багатае: унікальныя іконы і велічны іканастас займаюць вялікую плошчу памяшкання. Шматлікія вернікі, якія наведваюць царкву, атрымліваюць каштоўныя парады і духоўную падтрымку ў настаяцеля храма.
Касцёл Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі бачны з усіх куткоў Краснага. Храм узведзены ў 1912 годзе на высокім узгорку. Да святыні вядуць трыццаць тры прыступкі (па колькасці гадоў зямнога жыцця Ісуса). Помнік архітэктуры пабудаваны ў стылі неаготыкі.
Красненскі касцёл з’яўляецца адной з нямногіх каталіцкіх святынь, якая ніколі не зачынялася. У святыні знаходзіцца адзін вялікі (галоўны) алтар і дзевяць малых. Прыцягвае ўвагу 10-галосны арган, зроблены ў XIX стагоддзі ў Вільні.
Каб убачыць царкву хрысціян веры евангельскай, трэба перайсці чыгунку і накіравацца ў напрамку вёскі Відзеўшчына. Храм мае форму зоркі. Размешчаны ён у маляўнічым месцы на ўскрайку лесу. Урачыстае асвячэнне царквы адбылося ў 1992 годзе.
Унутранае ўбранне храма стрыманае, але велічнае. Ёсць месцы для вернікаў, хору і свяшчэннаслужыцеляў. Праз шкляныя сцены ў памяшканне паступае шмат святла. У царкве выдатная акустыка.
Усе вышэйзгаданыя храмы шануюцца вернікамі, якія іх наведваюць, а таксама ўсімі мясцовымі жыхарамі. І гэта не выпадкова, бо ў храмах вучаць любові, міласэрнасці, моляцца аб міры.
Падрыхтаваў Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО і Алег БЯГАНСКІ.