Гадоў 20 таму даводзілася тут пабываць па дарозе на Полацк і Мосар, аднак за гэты час у горадзе адбылося шмат змен, мы адкрылі яго для сябе па-новаму.
Дарэчы, шэсць гадоў – з 1954-га па 1960-ы – Глыбокае было часткай Маладзечанскай вобласці, пасля яе ліквідацыі ўвайшло ў склад Віцебскай.
Першае сэлфі – ля самалёта
Заязджаючы ў горад з боку Маладзечна, нельга не заўважыць адзін з сімвалаў Глыбокага — самалёт-помнік СУ-17М, які ў народзе называюць «сушка». Побач аўтастаянка, каб турысты маглі агледзець экспанат, сфатаграфавацца ля яго. Самалёт устаноўлены ў гонар ураджэнца гэтых мясцін двойчы Героя Савецкага Саюза Паўла Сухога, заснавальніка савецкай звышгукавой і рэактыўнай авіяцыі. І хаця авіяканструктар пражыў у Глыбокім толькі першыя пяць гадоў, а затым пераехаў з бацькамі ў Гомель, яго тут вельмі шануюць. Мясцовая СШ №1 носіць яго імя, у ёй створаны багаты на экспанаты музей, а ў горадзе размешчаны яшчэ два самалёты-помнікі.
Арыенцір – купалы храмаў
Сапраўды, іх купалы здалёк зіхацяць і падказваюць шлях да цэнтра старажытнага горада, першае ўпамінанне пра які датуецца 1414 годам. На плошчы
17 Верасня насупраць адзін аднаго стаяць два храмы – праваслаўны і каталіцкі, якія называюць аднымі з самых прыгожых у Беларусі. Абодва заснаваў ваявода, палітык, мецэнат Іосіф Корсак.
Спачатку мы зайшлі ў касцёл Святой Тройцы, помнік архітэктуры ў стылі віленскага барока 1764-1782 гадоў. Там якраз ішло набажэнства, сабралася вельмі шмат вернікаў, гучаў арган. Касцёл уражвае сваёй веліччу, незвычайнай архітэктурай. Як і сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, які можа адначасова ўмясціць тры тысячы вернікаў. Па легендзе ён настолькі ўразіў Напалеона, што той сказаў: «Шкада, што нельга яго забраць з сабой. Ён бы склаў годнае суседства Нотр-Дам-дэ-Пары!». У саборы мы паставілі свечкі ля адной з самых вядомых ікон «Дастойна ёсць», дакладнай копіі цудадзейнага абраза з Афона, якую даставілі ў 1911 годзе.
Калі прайсці сюды з экскурсаводам, можна спусціцца ў падвальнае памяшканне, дзе раней хавалі манахаў-кармелітаў, а таксама падняцца на званіцу на вышыню 24 метры, з якой увесь горад як на далоні.
Прывітанне з Маладзечаншчыны Язэпу ДраздовічуБюст Язэпу Драздовічу на Алеі знакамітых землякоў.
Непадалёк ад храмаў размешчана Алея знакамітых землякоў. Яна закладзена ў 2012-м, калі ў Глыбокім праходзіла рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства. Калі верыць інтэрнэту, падобных алей больш у Беларусі няма. На ёй устаноўлена 9 бюстаў знакамітых глыбаччан, сярод якіх і геніяльны мастак Язэп Драздовіч. Як тут не прыгадаць, што ў 1920-я гады ён выкладаў у Радашковіцкай беларускай гімназіі. Тут таксама ўстаноўлены бюсты Іосіфу Корсаку, Паўлу Сухому, заснавальніку беларускага тэатра Ігнату Буйніцкаму, палітыку, пісьменніку, гісторыку Вацлаву Ластоўскаму і іншым.
Самы вялікі бусел на БеларусіУ Глыбокім пасяліўся самы вялікі бусел.
Драўлянага гіганцкага птаха мы таксама напаткалі ў Глыбокім, на набярэжнай возера Кагальнага, што ў цэнтры горада. Яго незвычайная назва – ад яўрэйскага слова «кагал» (орган самакіравання, які, быў час, арандаваў возера). Набярэжная – любімае месца адпачынку гараджан. Тут аформілі алею маладажонаў з жалезнымі дрэвамі для замочкаў, паставілі помнік дзеду-глыбаччаніну, шмат іншых скульптур. У адным з куткоў устаноўлены белыя гіпсавыя бюсты беларускіх і рускіх пісьменнікаў. Інфармацыю пра помнікі знайсці не ўдалося, магчыма, іх перанеслі сюды з якой-небудзь установы. Каб не подпісы на пастаментах, пазнаць некаторых было б няпроста: напрыклад, Максім Багдановіч выглядае гадоў на 50.
Той самы Мюнхгаўзен?
«Як прайсці на могілкі?» — да гэтага пытання турыстаў мясцовыя жыхары даўно прывыклі. Так, старыя могілкі «Капцёўка» заслугоўваюць асаблівай увагі. Знаходзяцца яны непадалёк ад сабора, на вуліцы імя Горкага. Побач з імі ўзвышаецца скульптура барона Мюнхгаўзена, на капелюшы якога – галінка вішняў (як жа без іх?). Якое дачыненне знакаміты нямецкі персанаж мае да беларускага Глыбокага? Аказваецца, на могілках ёсць магіла, дзе пахавана сямейная пара Фердынанда і Вільгеміны фон Мюнхгаўзен. Гэтага было дастаткова, каб да свайго 600-годдзя горад атрымаў падарунак — скульптуру барона, які сядзіць на пушачным ядры. «Гэта ўнук Мюнхгаўзена!» — жартуюць мясцовыя жыхары.У кампаніі з баронам Мюнхгаўзенам.
На могілках захавалася мемарыяльная калона, устаноўленая ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай ад 3 мая 1791 года – першай у Еўропе і другой у свеце. Пасярод могілак на ўзгорку ўзвышаецца Ільянская капліца – помнік архітэктуры канца XVII стагоддзя. Непадалёк пахаванне польскіх ваенных, якія загінулі ў 1919-1921 гадах. На многіх крыжах аднатыпных магіл напісана: «Невядомы»…
Вішні спеюць круглы год…
Так, чырвоныя вішні ў цэнтры горада радуюць глыбаччан нават у суровыя маразы. Многія турысты фатаграфуюцца ля аднаго з сучасных сімвалаў горада скульптуры «Вішанька», якая была ўстаноўлена ў 2013 годзе, калі тут адбылося першае міжнароднае свята «Вішнёвы фэст». Яно праходзіць штогод у канцы ліпеня. Святочнае шэсце з вішнёвай каралевай, дэгустацыя страў з вішняў, навуковая канферэнцыя садаводаў, стралянне вішнёвымі костачкамі і нават «забег» вішнёвых слімакоў – у праграме шмат цікавага і каларытнага. У год першага фэсту ў мясцовым дэндрапарку, другім па велічыні ў Беларусі пасля сталічнага Батанічнага саду, заклалі вялікі вішнёвы сад.
Міжволі ўзнікае пытанне: чаму горад, які знаходзіцца ў паўночнай вобласці Беларусі, стаў вішнёвай сталіцай? На поўдні гэтыя ягады хутчэй спеюць і саладзейшыя на смак… Аказваецца, у 1920-1930-я гады глыбоцкі селекцыянер Баляслаў Лапыр вывеў марозаўстойлівыя гатункі вішняў – гібрыд вішні і чарэшні з салодкімі, буйнымі і сакавітымі пладамі. Садавод шчодра дзяліўся з землякамі саджанцамі, і сёння ў многіх садах спеюць сартавыя ягады. А вясной раённы цэнтр, дзе, як нам падалося, пераважае прыватны сектар, патанае ў вішнёвай квецені.
У цэнтры горада мы зайшлі ў магазін сувеніраў, у якім шмат кубкаў, магнітаў, іншых рэчаў з сімволікай «Вішнёвага фэсту». Малюнкі з вішнямі ў Глыбокім упрыгожваюць вокны магазінаў, аўтобусныя прыпынкі і нават… агароджы. А сярод шырокага асартыменту мясцовага малочнакансервавага камбіната ёсць згушчонка са смакам вішні.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, інтэрнэт-рэсурсы.