На мой погляд, настальгічныя вандраванні вельмі карысныя. Яны не проста асвяжаюць успаміны, але і ўзбагачаюць іх ведамі. Так, велічны парк у цэнтры населенага пункта (крыніца калекцый для школьнага гербарыя) не толькі прыгожае месца, але і помнік гісторыі. Разбіты ён у канцы пазамінулага стагоддзя шляхціцам Іванам Любанскім. Тады ж былі выкапаны сажалкі, на якіх мы з сябрамі любілі бавіць час.
Захаваліся некаторыя пабудовы былога палацавага комплексу. Адна з іх знаходзіцца за паркам (калі ідзеш ад школы). Там жыў сам шляхціц. Памятаю, што ў 70-я гады мінулага стагоддзя ў гэтым будынку працавала лінія па разліве кумысу. Нярэдка работнікі цэха частавалі ім мяне і іншых дзяцей.
Саўгасам «Любань» тады кіраваў Яўгеній Мірановіч (яго павінны памятаць многія жыхары Маладзечаншчыны). Дзякуючы былому партызану гаспадарка стала адной з лепшых у рэспубліцы. Тут была наладжана вытворчасць кумысу і мёду, у саўгасным садзе раслі суніцы і парэчкі, у гандлёвую сетку паступала рыба, выгадаваная ў мясцовых сажалках.
Яўгеній Фёдаравіч быў адным з тых, хто шукаў у сельскай гаспадарцы новыя перспектывы, не баяўся эксперыментаваць. Пры ім населены пункт набыў другое дыханне. Дарэчы, школа, дзе я вучыўся і ў якой выкладала мая маці, пабудавана таксама дзякуючы старшыні саўгаса. Стары яе будынак быў на месцы, дзе цяпер знаходзіцца царква Сабора Беларускіх Святых. Бачаць гэты прыгожы храм усе, хто едзе ў Нарачанскі нацыянальны парк.
Дарэчы, Любань да сярэдзіны мінулага стагоддзя называлася вёскай Юхавічы (яна ўпершыню ўпамінаецца ў 1536 годзе як маёнтак вялікага князя літоўскага). А мясцовасць гэта населена многія стагоддзі. Доказ таму — тысячагадовы каменны крыж, устаноўлены на выездзе з аграгарадка ў бок Іжы.
Каменнаму крыжу ля аграгарадка Любань больш за тысячу гадоў.
Па дарозе з Любані аматарам ваеннай гісторыі будзе цікава наведаць аб’ект, не вельмі папулярны сярод турыстаў, але сімвалічны. Маю на ўвазе вайсковае пахаванне салдат рускай арміі часоў Першай сусветнай вайны. Тут знайшлі спачын ваеннаслужачыя 27-га армейскага корпуса, якія загінулі ў верасні 1915 года пры ліквідацыі Свянцянскага прарыву. Тады на кароткі час германскія кайзераўскія войскі занялі Смаргонь, Вілейку і Маладзечна.
Могілкі знаходзяцца ў лесапасадцы ў раёне вёскі Жарсцвянка. Напрамак на іх з дарогі абазначае спецыяльны ўказальнік. Па лясной сцяжынцы трэба прайсці метраў дзвесце.
Нагадаю, што Любань знаходзіцца ля дарогі Р-28, якая злучае Маладзечна і Нарач. Такім чынам, наведаць былую рэзідэнцыю шляхціцаў Любанскіх можна па дарозе на адпачынак. А можна ажыццявіць асобную экскурсію выхаднога дня.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: архіў АЎТАРА.