Паколькі байдарачны сезон яшчэ не распачаўся, а ўбачыць славутасць вельмі хацелася, у адзін з выхадных я вырашыў паехаць у Данюшава на аўтамабілі. Каля чатырох дзясяткаў кіламетраў да Смаргоні і яшчэ дзясятак да канчатковай кропкі падарожжа праехаў менш чым за гадзіну.
Па дарозе ацаніў прыгажосць наваколля. Вілія тут робіць некалькі паваротаў. З узгоркаў даліна адкрываецца ва ўсёй прыгажосці. Касцёл служыць своеасаблівым маяком для тых, хто падарожнічае на байдарках. З ракі ён бачны здалёк.
Сам храм драўляны. Ён адначасова просты і велічны. Фасад упрыгожваюць чатыры калоны. Гарманічна глядзяцца невялікія вежы з крыжамі, стральчатыя вокны. Касцёл ярка афарбаваны. Мясцовая жыхарка сказала, што рамонт быў зроблены нядаўна. Службы ў касцёле праводзяцца штотыдзень. Як і ва ўсіх храмах Беларусі, моляцца тут аб міры.
Адзначым, што вайна закранула і Данюшава, і Траецкі касцёл. У гады Першай сусветнай у храме размяшчаўся шпіталь для параненых германскіх салдат і афіцэраў. Многія параненыя тады памерлі. На месцы пахавання быў узведзены помнік. Пазней тут устанавілі скульптуру Божай Маці.
Што да вёскі, яна таксама вельмі маляўнічая. Населены пункт уключаны ў шматлікія турыстычныя маршруты. З іншых славутасцей у Данюшаве можна ўбачыць рэшткі брамы былой сядзібы дваранскага роду Аскеркаў і некалькі старажытных дрэў.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.