Новости Молодечно и Молодечненского района

Дукора: праверыць вестыбулярны апарат, «разбудзіць» казку, убачыць зуброў і якаў

  • 2022-11-10 07:49:40
  • Анжаліка Крупянькова

Дзякуй Напалеону Орду

— Абавязкова падыміцеся на верх уваходнай брамы! Кожны з вас можа прывесці ў дзеянне звон, што там знаходзіцца, — падказала нам экскурсавод Карына, якая цікава і, што асабліва спадабалася, на беларускай мове распавядала нам гісторыю Дукорскага маёнтка.

Перад экскурсам у гісторыю нас пакаталі на брычцы, што стаяла напагатове ля стайні…

Можна падняцца на самы верх адрэстаўраванай уваходнай брамы.

Маёнтак вядомы з XV стагоддзя, у розны час належаў знакамітым на Беларусі родам Кежгайлаў, Сапегаў, Завішаў, Агінскіх. А яго росквіт прыпаў на 1786-1851 гады, калі ім валодалі Францішак Оштарп і яго сын Лявон. Яны пабудавалі палац, разбілі парк, адкрылі першы на Беларусі цырк, мелі і тэатр, шыкоўную бібліятэку, вадзяны млын, канюшню і шмат чаго іншага. Палац, на жаль, не захаваўся. Дзякуй мастаку Напалеону Орду, які ў свой час яго намаляваў. Павялічаны малюнак палаца можна ўбачыць на вялікім плакаце, які ўпрыгожвае адкрытую сцэну ў парку. А вось уваходная брама захавалася, як і двухпавярховы асабняк, у якім цяпер знаходзіцца музей гісторыі маёнтка. На першым паверсе брамы размешчана каса, прадаюцца сувеніры. Там можна бясплатна ўзяць буклет з планам комплексу і кароткай інфармацыяй пра яго.

Чым больш гузікаў — тым больш багаты

У музейнай экспазіцыі прадстаўлены макет былога палаца. Можна ўбачыць і партрэты яго гаспадароў. Сярод іх дзядзька Міхала Клеафаса Агінскага Міхал Казімір, у маладзечанскім палацы якога жыў аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай».

Сабраны ў музеі розныя віды рыцарскіх даспехаў. Мы даведаліся, што турнірны «касцюм» рыцара важыць каля 50 кілаграмаў. Якім трэба было быць волатам, каб у такім абмундзіраванні весці бой… Убачылі старадаўнія беларускія музычныя інструменты — ліру, дуду. Прадстаўлена і калекцыя адзення шляхціцаў. На адным з камзолаў мы налічылі больш за 30 гузікаў. Аказваецца, у паноў яны былі з каштоўных камянёў і сведчылі аб багацці ўладальніка касцюма.

Гліняны гляк, венік-абярэг і водар імбірных свечак

Ёсць тут свая вуліца майстроў накшталт Дудутак.

— Хто адгадае, што зробіць ганчар, той атрымае чупа-чупс! — заінтрыгавала нас Карына пасля таго, як ганчар з заліхвацкімі вусамі кінуў на ганчарнае кола кавалак падатлівай гліны.

— Збанок, ваза, міска, кубак! — пачуліся дагадкі.

Ніхто не адгадаў. Майстар вылепіў спраўны гляк, і цукерка дасталася яму.

У ганчарнай майстэрні.

Гаспадыня саламянай майстэрні расказала, што па прафесіі яна эканаміст, аднак саломка ёй настолька прыйшлася па душы, што рызыкнула змяніць работу, пераехала ў сельскую мясцовасць. Майстрыха вяла з намі гутарку і адначасова спрытна спавівала чырвонай ніткай маленькі венічак-абярэг.

Водар мёду, траў, араматычных маслаў ахінуў нас у майстэрні па вырабе васковых свечак. Яе гаспадыня паказала нам, як яны скручваюцца з васковых пласцін, як плавіцца воск і заліваецца ў сіліконавыя формы. Можна было набыць наборы за 7 рублёў і самім дома зрабіць свечкі. Мне спадабаліся араматызаваныя з прыемным водарам імбіру па 3 рублі: яны пахнуць нават без запальвання.

Палюбаваліся мы і работай гаваркога каваля, які яшчэ з урокаў збягаў у кузню, бо меў да гэтай справы вялікую цікавасць.
Прапанавалі нам прадэгуставаць самагон, які тут вырабляюць у вінакурні (зноў жа напрошваецца аналогія з Дудуткамі).

Перавернуты дом

Гэта адна з «фішак» маёнтка, дзякуючы якой ён набыў асаблівую папулярнасць. Дамы, дзе столь і падлога памяняліся месцамі, ёсць у многіх краінах свету, а вось дукорскі на Беларусі першы. Дом двухпавярховы, памерам 6 на 12 метраў. На першым паверсе — спальня і дзіцячы пакой, на другім — кухня, санвузел, гасцёўня. Мала таго, што ён перавернуты, дык яшчэ і стаіць пад нахілам. У мяне, лічу, выдатны вестыбулярны апарат: камфортна адчуваю сябе ў любым відзе транспарту, не баюся вышыні. Аднак з першых крокаў па доме я адчула дыскамфорт: павяло з боку ў бок, хацелася прыціснуцца да сцяны ці сесці ў кутку. Пастаяла, агледзелася, мозг прывык, самаадчуванне палепшылася. Як бы каго не хістала, усе стараліся зрабіць здымкі. Бо дзе яшчэ ты патрымаешся рукой за крэсла, газавую пліту ці ўнітаз, якія стаяць на столі…

Кажуць, малыя дзеці ў перавернутым доме дыскамфорту не адчуваюць. А для дарослых знайшла ў інтэрнэце падказку (праўда, на сабе не праверыла). Трэба трымаць перад сабой бутэльку з вадой і глядзець на яе — тады, як быццам, не будзе весці з боку ў бок.
Дарэчы, у парку мы наткнуліся на макет перавернутага дома ў палову росту чалавека. З ім таксама атрымаліся прыгожыя здымкі, асабліва на фоне жоўтай лістоты.

Шмат забаў для дзяцей і дарослых

За чатыры гадзіны мы абышлі ўсе куткі музейнага комплексу. Перайшлі праз мосцік і апынуліся на пабудаваным з дрэва замчышчы XII стагоддзя. Непадалёк домік на дрэве, да якога вядзе лесвіца, а таксама млын.

Праз драўляныя вароты трапляеш на замчышча XII стагоддзя.

На тэрыторыі прадугледжана шмат забаў для дзяцей. Па парку раскіданы домікі, дзе пад шклом пры дапамозе лялек і дэкору створаны сюжэты вядомых казак «Чырвоная шапачка», «Калабок», «Беласнежка і сем гномаў» і іншых. На кожным доміку кнопка. Націснеш — «разбудзіш» казку, паслухаеш, прысеўшы на лавачку.

Ёсць тут сучасны вяровачны гарадок, цір, розныя горкі, атракцыёны. У стайні не толькі коні, але і міні-музей вазкоў, брычак, саней. У заапарку жывуць страусы, алені, лані, ваўкі, нават які і зубры. Непадалёк калекцыя рэтра-аўтамабіляў савецкага часу. Яшчэ адно знакавае месца — 400-гадовы «Дуб жаданняў», таўшчэзны, утраіх не ахопіш.

Дзяцей сюды прывозяць арганізаванымі групамі, іх сустракаюць экскурсаводы ў старадаўніх уборах. Праводзяць не толькі экскурсіі, але і розныя гульні. Дарэчы, для груп экскурсійнае абслугоўванне тут абавязковае. Для кожнага з нас уваходны білет каштаваў 20 рублёў.

Старадаўнія ўборы пасуюць экскурсаводам.

У канцы экскурсіі, як і параіла Карына, мы забраліся на 25-метровую ўваходную браму, агледзелі наваколле з вышыні і разоў колькі стукнулі ў звон. Ён аказаўся вельмі гучным. Такім чынам мы нібыта падзякавалі гэтаму каларытнаму месцу, якое рады былі адкрыць для сябе.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.