Адметная рыса вёскі Бортнікі – яе размяшчэнне на ўзгорках у адной з самах высокіх кропак раёна. Прычым на самай яго мяжы. Гэта ўплывае на жыццё і побыт мясцовых жыхароў.
Сама вёсачка невялікая. Двароў нямнога. Дарога, якая вядзе да яе, грунтавая. Пачынаецца яна ля былога бровара ў вёсцы Дубрава, праходзіць ля мясцовай жывёлагадоўчай фермы, потым рэзка бярэ ўгору. Абапал дарогі растуць магутныя дрэвы. Месцамі іх кроны змыкаюцца. Мясцовасць навокал нагадвае перадгорны пейзаж. Недалёка знаходзіцца ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Бортнікі».
– Вёска наша кампактная, людзі ў ёй дружныя, – гаворыць Уладзімір Паўлаў, які працаваў на адным з вясковых падворкаў. – Суседзі дапамагаюць адзін аднаму, цікавяцца, як ідуць справы. Калі трэба, разам і бульбу саджаюць або ўбіраюць караняплоды.
Субяседнік адзначыў, што прырода навокал вельмі прыгожая. Калі пачынаецца перыяд туманаў, яны велічна паднімаюцца з лагчын. Адчуванне такое, нібыта лунаеш у паднябессі. У бліжэйшых вадаёмах можна лавіць рыбу, аднак шчупакоў, плоткі і карасёў раней было больш.
Мясцовая жыхарка Людміла Кірылюк удакладняе, што ў Бортніках прыгожа ў любы час года. Гэта адзначаюць усе госці вёскі. Хоць населены пункт «асядлаў» узгоркі, глеба тут дастаткова ўрадлівая. Ваду вяскоўцы бяруць са студняў. Пры гэтым у ваколіцах многа крыніц. Вада з іх смачная, яна стаіць доўга і не псуецца.
– У вёску прыязджае аўтакрама, – працягвае жанчына. – Купіць у ёй можна і прадукты харчавання, і многія тавары для гаспадаркі. Увогуле, калі працаваць, не ленавацца, можна і прыгажосць на падворку навесці, і жыць у дастатку.
Такую адметную вёску з «горным» наваколлем даўно аблюбавалі дачнікі. Гараджанам тут падабаецца. Гэта пацвердзіў юны жыхар сталіцы Стас Казлоўскі. Ён разам з бацькамі праводзіць на Маладзечаншчыне летнія канікулы.
– У Бортніках у мяне ёсць сябры, – паведаміў хлопчык. – Мы ходзім на рыбалку, збіраем грыбы і ягады. Адпачываць у вёсцы вельмі прыемна!
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.