Новости Молодечно и Молодечненского района

Дакраніся да прыроды

  • 2022-11-02 06:28:32
  • Валентина Довбенко

Падарожнічаючы па Беларусі, варта зазірнуць у нацыянальны парк «Нарачанскі», размешчаны ў самым сэрцы Мядзельшчыны. Тры цудоўных возера Мядзел, Мястра і Нарач надаюць гэтай мясцовасці асаблівы каларыт. Чыстае паветра, спевы птушак і адчуванне яднання з прыродай дораць незабыўныя ўражанні.

У гэтым экалагічна чыстым месцы знаходзіцца экскурсійна-турыстычны комплекс «Аптэкарскі сад». На тэрыторыі больш за адзін гектар раскінуліся тэматычныя клумбы, раслінныя арт-аб'екты, на якіх прадстаўлена больш за 250 відаў лекавых, прана-араматычных, дэкаратыўных і рэдкіх раслін. Адметная рыса саду заключаецца ў спалучэнні шматвяковага вопыту лекараў-траўнікаў з навейшымі тэхналогіямі ландшафтнага дызайну.

Сапраўдным адкрыццём для шматлікіх турыстаў з'яўляецца калекцыя рэдкіх раслін, многія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама прывезеных з іншых краін і адаптаваных да беларускага клімату.

У час экскурсіі можна даведацца і цікавыя легенды. Напрыклад, духмяная трава рута з’явілася замест дзяўчыны, якая шукала ратаванне ад велікана.

Пасля прагулкі з элементамі ароматэрапіі гасцей запрашаюць на чайную цырымонію, якую праводзяць у кітайскіх традыцыях. Дзіўна, але нацыянальны каларыт Беларусі і Кітая, нягледзячы на адрозненне, удала спалучаецца ў гэтым цудоўным месцы. Чай з раслін, якія выраслі ў краі беларускіх азёр і няспешнасць пры чаяванні дазваляюць вызваліцца ад лішніх думак і адчуць прымірэнне. Кітайскія мудрацы вучаць удумлівасці і ўзважанасці, а для гэтага неабходна даць арганізму магчымасць расслабіцца, каб потым з новымі сіламі працягваць актыўна працаваць.

Стварыць сваімі рукамі памятны падарунак можна ў фіта-гасцёўні. Тут вам прапануюць гатовыя зборы розных траў або дадуць рэкамендацыі, як падабраць свой унікальны комплекс. Сярод тых, што найдольш падабаецца мне, я б вылучыла чорны чай з васільком і мятай.

З даўніх часоў людзі выкарыстоўвалі лекавыя травы, каб пазбавіцца ад розных хвароб. Лячэнне і прафілактыка прыродай і сёння не страчваюць сваёй актуальнасці. Самыя яркія і карысныя прадстаўнікі травянога свету, іх гісторыі і карысныя ўласцівасці распавядуць вам на Мядзельшчыне.

Вандруйце па Беларусі, яна багатая на загадкавыя месцы і шыкоўныя краявіды.

У тэму

Ці ведаеце вы, як заварыць чай, каб яго водар і смак цалкам раскрыліся? Вось 3️ асноўных правілы:

  • не варта заліваць чай кіпнем, тэмпература вады павінна складаць каля 80°С;
  • абавязкова дайце напою настаяцца, аптымальны час заваркі -- 4-6 хвілін;
  • пейце павольна, атрымліваючы асалоду, адчуйце кожную нотку цудоўнага водару, тады смак будзе незабыўным!

Валянціна Даўбенка.
Фота: аўтар, інтэрнэт-рэсурсы.