Наша аўтападарожжа будзе адбывацца не толькі ў прасторы, але і ў часе ад больш старажытных пластоў гісторыі да новых. Так, на выездзе з Маладзечна ля дарогі мы бачым знакамітае замчышча. Замак тут існаваў яшчэ ў XVI стагоддзі. Валодалі ім прадстаўнікі найбольш знакамітых беларускіх радоў – Сапегі, Радзівілы, Тышкевічы, Мсціслаўскія, Агінскія.
Праз некалькі кіламетраў, ужо на тэрыторыі Вілейскага раёна, знаходзіцца напамін пра падзеі вайны 1812 года — памятны знак у гонар загінулых у час уварвання напалеонаўскіх войскаў на тэрыторыю Расійскай імперыі. Помнік гэты адноўлены. Першапачатковы варыянт устанавіў у 20-я гады мінулага стагоддзя ўрад Польшчы.Ля дарогі на Вілейку ўстаноўлены памятны знак у гонар загінулых у вайне 1812 года.
Адметна, што прыкладна на гэтым жа рубяжы восенню 1916 года расійскія войскі спынілі элітныя нямецкія падраздзяленні, якія ажыццяўлялі знакаміты Свянцянскі прарыў. У тых баях загінула нямала нашых землякоў.
Так, вайна заўсёды нясе бяду, разбурэнні і смерць. А вось вера ў Бога гоіць душу, прыносіць народам мір і прымірэнне.
Атрымаць духоўную падтрымку, а таксама акунуцца ў купелі і наталіць смагу крыштальна чыстай вадой можна недалёка ад помніка мінулым баталіям – на крыніцы ля вёскі Даманава.
Да крыніцы вядуць прыступкі, побач знаходзіцца купель, зверху — крыж і дрэва з павязанымі на галінах стужачкамі. Крынічная вада лічыцца гаючай. Завітаць сюды можна і на зваротным шляху.
Асабіста мне цікава наведваць месцы, у якіх раней не быў. Новае заўсёды прыцягвае, дае дадатковыя эмоцыі. Дык вось, у час падарожжа вырашыў збочыць з маршрута і пабываць у пасёлку Прыазёрны. Тут размешчаны гасразліковы рыбаводны ўчастак «Вілейка».
Самавольны вылаў рыбы на мясцовых сажалках забаронены. А вось любаванне краявідамі дапоўніла ўражанні. Як паведамілі ў рыбгасе, у вадаёмах вырошчваюцца весланос, шчупак, карась, сом, лінь, карп, іншыя віды рыб. Штогод вылоўліваецца каля 60 тон каштоўнай прадукцыі.
А вось і Вілейка. Горад, у якім я нарадзіўся. Колькі сябе памятаю, на вяршыні знака-ўказальніка Вілейкі буслы заўсёды будуюць гняздо. Здаецца, населены пункт жыве пад аховай прыгожых і велічных птушак.
Ля знака паварочваем направа і рухаемся ў бок вадасховішча. Дарога за межамі Вілейкі грунтавая, але ў добрым стане. Некалькі кіламетраў па лесе — і перад вачыма адкрываецца дамба, за ёй — водная гладзь.
Якраз перад дамбай і можна знайсці часцінку Галандыі, а менавіта польдэры (меліяраваныя ўчасткі зямлі, размешчаныя ніжэй за ўзровень вады). І толькі 6-кіламетровы земляны насып не дае вадзе заняць гэтыя тэрыторыі.
Дарэчы, пры запаўненні вадасховішча былі затопленыя і адселеныя дзевяць вёсак. Помнік дзвюм з іх, Вольшыне і Альшанцы, устаноўлены ля дарогі недалёка ад берага вадаёма.Былыя жыхары затопленых вёсак паставілі ля вадаёма памятны знак.
Наша падарожжа завяршаецца паблізу Вілейскай ГЭС, аднаго з аб’ектаў малой энергетыкі нашай краіны. Яе магутнасць складае 2000 КВт. Праектнай магутнасці станцыя дасягнула ў 2002 годзе.Вілейская ГЭС — адна з тэхналагічных славутасцей суседняга раёна. На ёй выпрацоўваюць электраэнергію чатыры турбіны.
Наш шлях з усімі прыпынкамі, любаваннем мясцовасцю і пікніком на прыродзе заняў гадзіны чатыры. Падарожжа нескладанае, малабюджэтнае, мае сямейны фармат. Адправіцца ў яго можа кожны.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.