Новости Молодечно и Молодечненского района

Чаму ў Навагрудку будавалі дамы без аднаго вугла?

  • 2022-02-11 08:13:10
  • Анжаліка Крупянькова

Імгненны здымак у рэтра-ўборах

Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка знаходзіцца ў старадаўнім будынку, адзін вугал якога скошаны. Як расказалі нам яе супрацоўнікі, у старадаўнія часы мясцовыя гандляры вельмі раўніва адносіліся да сваіх пакупнікоў: калі жывеш на вуліцы Замкавай, то і прадукты мусіш купляць у магазіне, які на ёй размешчаны. Каб пашырыць геаграфію шопінгу, прадпрымальныя гаспадары цэнтра (у пераважнай большасці гэта былі яўрэі) будавалі дамы са зрэзаным вуглом. У выніку дом аказваўся на скрыжаванні дзвюх вуліц. Легенда гэта ці быль – хто ведае, аднак такія дамы ў гістарычнай частцы Навагрудка засталіся. Як і вуліца Замкавая, якая ніколі не змяняла сваю назву. Мы звярнулі ўвагу на вялікія шыльды на дамах, з якіх можна даведацца, як называлася вуліца ў мінулыя стагоддзі. Так, вуліца 1 Мая, на якой знаходзіцца бібліятэка, у XVIII стагоддзі была Кавальскай, у XIX – Сямёнаўскай, у 1920-1930-я гады – 3-га Мая.

Так выглядаюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц горада.

У бібліятэчным міні-музеі «Страчаная спадчына» мы ўбачылі, як выглядала ў пачатку XX стагоддзя Рыначная плошча. Яе макет стварыў мастак бібліятэкі. А супрацоўнікі праводзяць экскурсіі, цікава расказваюць пра гістарычнае мінулае роднага горада. Яшчэ больш, у суседнім пакойчыку яны арганізавалі рэтра-фотаатэлье, дзе за два з паловай рубля можна зрабіць імгненны здымак. Не паспела азірнуцца, як мяне прыбралі ў старадаўняе манто, на галаву надзелі чырвоны капялюшык з чорнай вуаллю, у рукі далі веер, усадзілі на рэтра-канапу… Сярод аксесуараў ёсць парасон, чамадан, сумкі – можна выбіраць. Бібліятэкары расказалі і пра свой незвычайны фотапраект, у рамках якога мясцовыя прыгажуні прыбраліся ў старадаўнія ўборы і сфатаграфаваліся ў гістарычных месцах горада.

У бібліятэчным міні-музеі створаны макет Рыначнай плошчы.

У мінулым жыцці – рэстаратар альбо нашчадак Радзівілаў

Далей было яшчэ больш цікава: разам з гараджанкай пані Марыяй (у звычайным жыцці загадчыцай абанемента бібліятэкі) мы адправіліся ў рэтра-падарожжа па Навагрудку. Наша экскурсавод таксама была апранута ў старадаўнія строі, і гэта надавала асаблівы каларыт экскурсіі.

Непадалёк ад дома-музея Адама Міцкевіча нас сустрэла пані Соф’я і прапанавала пагуляць у салонную гульню, якіх яна ведае шмат. Усё вельмі проста: трэба было выцягнуць картку, дзе сказана, кім ты быў у Навагрудку ў мінулым жыцці. Мне выпала картка з надпісам «Рэстаратар». Маёй сяброўцы Ларысе пашанцавала больш: яна аказалася нашчадкам знатнага роду Радзівілаў…

Аддаючы даніну павагі Адаму Міцкевічу, дзяцінства якога прайшло ў гэтым горадзе, мы ўзышлі на 17-метровы курган Бессмяротнасці, насыпаны ў памяць пра паэта ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя. Аматары яго творчасці везлі і нават прысылалі па пошце зямлю з краін, у якіх ён пабываў.

Курган Бессмяротнасці, прысвечаны Адаму Міцкевічу.

Падняліся на яшчэ адно знакавае месца – дзяцінец, ці замчышча, дзе захаваліся рэшткі дзвюх вежаў замка-крэпасці – Шчыпоўкі і Касцельнай. Менавіта з закладкай крэпасці звязана першае ўпамінанне пра Навагрудак, якое датуецца 1044 годам. Замак адметны тым, што ў ім было ажно сем вежаў. І яшчэ адзін цікавы факт: замкавая гара знаходзіцца на адной з самых высокіх кропак Беларусі – 323 метры над узроўнем мора. І наогул, Навагрудак самы высакагорны горад у краіне, таму тут на некалькі градусаў халадней. Кажуць, што тут нават былі «паўночныя» даплаты прадстаўнікам некаторых прафесій.

13 ліхтароў, і ўсе розныя

У навагрудчан можна павучыцца крэатыўным падыходам да захавання багатай гістарычнай спадчыны свайго горада. Да прыкладу, тут пад адкрытым небам стварылі міні-музей макетаў знішчаных войнамі і пажарамі гістарычных будынкаў. Ля падножжа гары Міндоўга (заснавальніка і першага караля ВКЛ) устаноўлена скульптура «Рыцар», якая прыцягвае турыстаў. На сцяне дома №7 на вуліцы Савецкай намаляваны мурал замка, каб гараджане і госці горада ўяўлялі, якім велічным ён быў. Прыемна было прагуляцца і па алеі каваных ліхтароў, створанай па ініцыятыве райвыканкама. Мясцовыя прадпрыемствы вырабілі прыгожыя ліхтары, якія да таго ж рэкламуюць іх дзейнасць – атрымалася і прыгожа, і карысна.

Кава па-венску ў галерэі Кастуся Качана

Яшчэ адно знакавае месца 30-тысячнага Навагрудка – прыватная карцінная галерэя ўраджэнца Навагрудскага раёна, члена Беларускага саюза мастакоў Кастуся Качана. Экскурсію мы заказалі загадзя, нас тут чакалі, сустрэлі з гукамі фартэпіяна. Экскурсавод расказала, што Кастусь Качан на свае сродкі пабудаваў прыгожы двухпавярховы будынак галерэі, які арганічна ўпісаўся ў архітэктурны ансамбль цэнтра горада. У дзвюх залах карціны мастака, якога называюць песняром беларускіх мястэчак. Яго палотны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Траццякоўскай галерэі, прыватных калекцыях многіх краін.

Кожная работа мае сваю гісторыю, іншы раз вельмі шчымлівую. Да прыкладу, карціну «Жнеі» мастак прысвяціў сваёй маці, якая жала жыта і папрасіла яго, яшчэ хлопчыка, дапамагчы паставіць снапы. Кастусь загуляўся, успомніў пра просьбу матулі, калі ўбачыў чорную хмару. Бег, хваляваўся, што маці будзе сварыцца, а яна толькі сказала: «Дзякуй, сынок!». Гэтыя ціхія словы і ўласны сорам не давалі спакою, выліліся на палатно…

У карціннай галерэі Кастуся Качана мы мелі магчымасць пакаштаваць каву па-венску.

У дзень нашага візіту Кастусь Іванавіч быў у ад’ездзе. Мы рады былі пазнаёміцца з яго жонкай Жаннай, якая захапляецца калекцыяніраваннем посуду са шкла, у пераважнай большасці шклозавода «Нёман». Яна расказала пра самыя рарытэтныя і незвычайныя экспанаты, а пасля прапанавала адказаць на пытанні. Самыя кемлівыя атрымалі прэзенты – паштоўкі з рэпрадукцыямі карцін Кастуся Качана і яго аўтографам.

Разам са сваімі памочніцамі Жанна пачаставала нас гарбатай на мясцовых травах, а таксама кавай, зваранай у венскай кававарцы. Вада ў ёй награваецца спіртоўкай, пераліваецца з аднаго рэзервуара ў іншы, напітак набывае непаўторныя смак і водар. Магчыма, праз нейкі час мы забудзем даты, звязаныя з гісторыяй Навагрудка. А вось гасціннасць яго жыхароў будзем памятаць доўга. Як і смак кавы па-венску, якую мы пакаштавалі ўпершыню.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.