Знаходзіцца вёска прыкладна на паўдарогі з Браслава ў Друю. З шашы адкрываюцца цудоўныя краявіды. Прыцягваюць увагу азёры Неспіш, Недрава, Поцех. Дарэчы, ля апошняга ледавік пакінуў цэлы россып узгоркаў, што ўтварыліся на месцы былых азёр. Туды вядзе экалагічная сцяжынка.
Вялікі белы храм бачны здалёк. Калі глядзіш на яго, міжволі прыходзіць параўнанне з Нотр-Дам-дэ-Пары. Надаюць падабенства каменная ружа, кантрфорсы, ажурныя архітэктурныя элементы, дзве вежы. Толькі мясцовыя жыхары размаўляюць не па-французску, а на роднай мове.
Касцёл у Слабодцы ўзведзены ў 1901-1903 гадах. Вялікую каштоўнасць уяўляюць жалезныя акоўкі вонкавых дзвярэй, завесы на якіх выраблены ў выглядзе раслінных кампазіцый. Здаецца, менавіта прырода натхніла архітэктараў і будаўнікоў стварыць такі храм.
Будзеце ў Браславе -- абавязкова заедзьце ў Слабодку! Тут можна адпачыць і душой целам.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.