Праменад па «Сацыялцы»
Ад Маладзечна да Бабруйска крыху больш за 220 кіламетраў — на машыне каля трох гадзін язды. Нядаўна мы пераканаліся, што старажытны горад на Магілёўшчыне варты таго, каб аднойчы пераадолець гэту адлегласць. Выязджаючы, прыгадалі, што менавіта ад Маладзечна ў 2017 годзе Бабруйск пераняў эстафету культурнай сталіцы Беларусі. А яшчэ, што ў нас шмат разоў выступаў ураджэнец гэтага горада Руслан Аляхно.
Прыпаркаваўшыся ў цэнтры Бабруйска, мы найперш вырашылі прагуляцца па мясцовым брадвеі – вуліцы Сацыялістычнай, якую мясцовыя жыхары называюць «Сацыялкай». Да рэвалюцыі яна называлася Мураўёўскай. У свой час на ёй жылі нашчадкі Аляксандра Пушкіна Варанцовы-Вельямінавы, а яўрэйскі пісьменнік Сол Шульман прысвяціў ёй кнігу «Праменад па Сацыялцы». Як і сто гадоў таму, на гэтай вуліцы знаходзіцца шмат магазінаў, кафэ, адчуваецца водар кавы, іграюць вулічныя музыканты. Нам спадабалася, што тут захавалася шмат двухпавярховых дамоў пачатку XIX стагоддзя, якія ствараюць атмасферу старажытнага горада.
Прайшліся мы і па Цэнтральнай плошчы, адной з самых вялікіх сярод раённых гарадоў краіны. Помнік Леніну на ёй таксама адзін з самых габарытных…
На скрыжаванні вуліц Пушкіна і Мінскай убачылі яшчэ адзін знакавы аб’ект – дом-тэтрыс з арыгінальнай архітэктурай, пабудаваны ў 1980 годзе. Аднак больш уразіў нас помнік драўлянага дойлідства ў стылі мадэрн 1912 года — асабняк купчыхі Паі-Брайны Кацнельсон на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Па загадзе купчыхі, якая гандлявала лесам, яго перавезлі з Прыбалтыкі, разабраўшы на часткі. Да 2014 года ў доме знаходзілася гарадская бібліятэка, цяпер ён пустуе, а шкада…Дом-тэтрыс – адзін са знакавых аб’ектаў горада.
Пабывалі мы і на тэрыторыі былой Бабруйскай крэпасці, узведзенай акурат перад нашэсцем Напалеона ў 1812 годзе. Адна з самых буйных у Еўропе, яна прыняла асноўны ўдар французскай арміі, чатыры месяцы стрымлівала асаду ворагаў. На жаль, сёння ад былой магутнай цытадэлі засталіся асобныя паўразбураныя бастыёны, да якіх небяспечна падыходзіць блізка – са сцен абвальваецца цэгла.Дом купчыхі Кацнельсон 1912 года – помнік драўлянага дойлідства.
Пацерці нос Бабру Самуілавічу
У 2008 годзе перад рэспубліканскімі «Дажынкамі» вуліцу Сацыялістычную ўпрыгожыла бронзавая 170-сантыметровая скульптура сімвала горада Бабра, якога адразу паважліва
ахрысцілі Бабром Самуілавічам. І нездарма. Скульптар Уладзімір Гаўрыленка «прыбраў» яго ў сапраўднага буржуа пачатку XX стагоддзя: касцюм-тройку, капялюш, гальштук-«бабачку». Важна правільна сфатаграфавацца са спадаром бабром: трэба пастарацца «надзець» на галаву капялюш, які ён трымае ў руцэ, і адначасова пацерці на ўдачу і багацце яго нос ці пярсцёнак…
За пяць крокаў ад скульптуры мясцовы прадпрымальнік прадаваў магніцікі, іншыя сувеніры ўласнай вытворчасці. «Бабёр – сімвал працавітасці. Каб усе нашы мужчыны шчыравалі так, як гэта жывёліна, мы былі б вельмі багатымі!» — разважаў гаваркі гандляр. Да слова, у мінулыя стагоддзі ў наваколлі Бабруйска было шмат баброў, мясцовыя жыхары на іх палявалі, з футра шылі шапкі для знаці.Які магніцік выбраць? Магчыма, з надпісам «Шалом, Бабруйск!».
Скульптура бабра ў Бабруйску, аказваецца, не адна. Як у польскім Вроцлаве турысты шукаюць фігуркі гномаў, так у Бабруйску можна ладзіць квэст па пошуку баброў…
Чым падсілкавацца?
Побач з помнікам бабру знаходзіцца магазін мясцовай кандытарскай фабрыкі «Красный пищевик». Мы папрасілі прадаўца падказаць навінкі, каб здзівіць сваякоў гасцінцамі з Бабруйска. Купілі зялёнага колеру зефір з мятай і барбарысам у шакаладзе, зярняты кавы ў шакаладзе, міні-зефір у каробках, якія дзеці могуць размаляваць.
Спадабаліся нам і дранікі са слабасалёным ласосем і сырным крэмам у кафэ «Гісторыя». З 12.00 да 16.00 там прапануюць бранч-меню, у якім цэннік амаль напалову меншы. Як працяг гастранамічнай тэмы: на зваротным шляху мы збочылі ў райцэнтр Кіраўск, каб паласавацца смажанкамі (міні-піцамі) з мясам, грыбамі, тварагом, яблыкамі і іншымі начынкамі, пра якія ведаюць нават у Мінску. Цана за штуку – да двух рублёў. Два гады таму мы іх пакаштавалі ўпершыню. Парадаваліся, што за гэты час кафэ, што побач з аўтастанцыяй, набыло сучасны выгляд. Давялося пастаяць у чарзе: на кіраўскія смажанкі вялікі попыт. На гэты раз нам найбольш спадабаліся з лісічкамі.Дранікі па-бабруйску нам вельмі спадабаліся.
Упершыню ў сінагозе
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя большую частку насельніцтва горада складалі яўрэі. Да Вялікай Айчыннай вайны тут было больш за 40 сінагог. Цяпер засталася адна на вуліцы Сацыялістычнай у двухпавярховым гістарычным будынку. Яна была адчынена. На парозе нас сустрэла прыгожая добразычлівая жонка рабіна, якая правяла міні-экскурсію. Жанчына расказала, што яўрэйская абшчына налічвае каля 200 прыхаджан. Пры сінагозе дзейнічае нядзельная школа, рэалізуюцца розныя адукацыйныя, культурныя праграмы для дзяцей і дарослых.
Убачылі мы і малельныя залы, асобныя для жанчын і мужчын. Чытанне Світка Торы – найбольш важная частка богаслужэння ў сінагозе.
Гэту свяшчэнную кнігу, напісаную на пергаменце, чытаюць тры разы на тыдзень пры ўмове, што на богаслужэнне прыходзіць не менш за дзесяць мужчын старэйшых за 13 гадоў.
Ля Чырвонай вежы – Шура Балаганаў
Яшчэ адзін турыстычны аб’ект – помнік Шуру Балаганаву, герою кнігі Ільфа і Пятрова «Залатое цяля». Ён знаходзіцца ля рэстарана «Чырвоная вежа», у які пераабсталявана старадаўняя воданапорная вежа. На ёй устанавілі шкляны ліфт, наверсе – аглядную пляцоўку.
Праўда, убачыць Бабруйск з вышыні птушынага палёту нам не ўдалося: рэстаран не працаваў, хаця быў выхадны дзень. Засталося задаволіцца фота з Шурам Балаганавым ды прачытаць цытату з «Залатога цяляці» пра тое, што Бабруйск цудоўны высокакультурны горад, у які «дзеці капітана Шміта» гатовы ехаць хоць сёння…
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ
- Бабруйск – самы буйны горад Беларусі, які не з’яўляецца абласным цэнтрам (быў ім з 1944-га па 1954 год). Па даных апошняга перапісу, тут жыве 212 тысяч чалавек.
- Першае ўпамінанне пра гэты горад датуецца 1387 годам.
- Агульная даўжыня мясцовых вуліц – 430 кіламетраў. Адлегласць паміж самымі аддаленымі яго кропкамі – 17 кіламетраў.
- Бабруйскія карані мае нобелеўскі лаўрэат па фізіцы за 1979 год Шая Глухоўскі.
- У свеце ёсць іншыя гарады, названыя ў гонар баброў. Напрыклад, грэчаскі Касторыя, у ЗША некалькі гарадоў маюць назву Beaver.
- Не толькі Ільф і Пятроў у «Залатым цяляці» прыгадалі Бабруйск. Гэты горад упамінаецца ў песні Уладзіміра Высоцкага «Перед выездом в загранку».
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.