Новости Молодечно и Молодечненского района

Наган тульскага завода і патроны знайшлі пры рамонце дома ў Маладзечне

  • 2016-12-12 11:48:49
  • Алег Бяганскі


Як паведаміў начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Юрый Будо, рэвальвер знайшлі і здалі ў міліцыю 28 лістапада. Па папярэдніх даных, наган тэхнічна спраўны і прыгодны да выкарыстання. Знаходка накіравана на балістычную экспертызу. Паколькі агнястрэльная зброя была перададзена праваахоўнікам добраахвотна, жыхары дома не будуць прыцягвацца да адказнасці.

Ю. Будо дадаў, што ў свой час наган стаў сімвалам рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Расіі. На ўзбраенне Чырвонай Арміі быў прыняты «афіцэрскі» варыянт рэвальвера. Да 1920-га Тульскі збройны завод выпусціў больш за 175 тысяч адзінак вышэйзгаданай зброі.

Наганы выраблялі і пасля грамадзянскай вайны. Так, з 1939-га па 1945 год абаронная прамысловасць былога СССР выканала заказ на больш чым мільён рэвальвераў. Імі былі ўзброены ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, Войска польскага, 1-га чэхаславацкага корпуса, 1-й румынскай пяхотнай дывізіі, 1-й югаслаўскай пяхотнай брыгады, французскага знішчальнага авіяпалка «Нармандыя-Нёман».   

Пасля Вялікай Айчыннай наган з узбраення Савецкай арміі знялі і яго вытворчасць спынілі. Тым не менш, да сярэдзіны 50-х рэвальверы выкарыстоўваліся ў міліцыі. На ўзбраенні падраздзяленняў пазаведамаснай аховы яны знаходзяцца і цяпер.

Фота: архіў МІЖРАЁННАГА АДДЗЕЛА ДЗЯРЖАЎНАГА КАМІТЭТА СУДОВЫХ ЭКСПЕРТЫЗ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ.