Новости Молодечно и Молодечненского района

На «Фестивальном» подростки «напали» на поезд

  • 2019-01-29 09:08:12
  • Алег Бяганскі

Трое непаўналетніх зламалі інфармацыйны знак на чыгунцы, закідалі камянямі электрычку, якая рухалася з хуткасцю 80 кіламетраў за гадзіну, і рыхтаваліся закідаць камянямі поезд Мінск – Вільнюс. Адбылося гэта на перагоне Уша – Маладзечна ля прыпынку «Фестывальны».

Пра «абстрэл» і зламаны знак дзяжурнаму па станцыі паведаміў машыніст электрычкі. Тэрмінова на месца здарэння быў адпраўлены каравул стралковай каманды на станцыі Маладзечна. Супрацоўнікі ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі затрымалі падлеткаў 2003 і 2004 гадоў нараджэння і хлопчыка 2011 г.н. Усе яны вучні маладзечанскіх школ.
Як паведаміў начальнік каравула Аляксандр Ліс, які разам са стралкамі Дзмітрыем Буркевічам і Дзянісам Нячаевым затрымліваў юных хуліганаў, непаўналетнія былі побач з чыгуначным палатном. Яны падрыхтавалі ўжо камяні для наступнага абстрэлу. Да свайго ўчынку школьнікі паставіліся як да забавы. Адзін падлетак быў апрануты ў летнюю куртку і пачаў замярзаць. Дзеці былі дастаўлены ў Маладзечанскае аддзяленне ўнутраных спраў на транспарце.

— Цяпер разглядаецца пытанне аб прыцягненні непаўналетніх да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці. Калі затрыманыя не дасягнулi ўзросту, пасля якога ў дачыненні да іх можна распачынаць крымінальную ці адміністрацыйную справу, за школьнікаў адкажуць бацькі, — падкрэсліў Аляксандр Ліс.

Начальнік стралковай каманды на станцыі Маладзечна Сяргей Васілевіч адзначыў, што школьнікі падвяргалі небяспецы не толькі жыцці пасажыраў і работнікаў чыгункі, але і свае. Такія «гульні» часта заканчваюцца трагедыяй або цяжкімі раненнямі. Так, некалькі гадоў таму ля Смаргоні хуліган кінуў камень у поезд, што праходзіў міма. Асколкі шкла трапілі ў твар юнай пасажырцы. У выніку дзяўчына аслепла на адно вока.

Фота: архіў СТРАЛКОВАЙ КАМАНДЫ НА СТАНЦЫІ МАЛАДЗЕЧНА.