Здарэнне адбылося ў вёсцы Шылавічы Вілейскага раёна ў двары прыватнага дома. Пакуль бацькі былі на рабоце, за «гаспадароў» засталіся двое сыноў. Да старэйшага, 12-гадовага, прыйшоў сябар. Ён атрымаў на пошце зроблены раней інтэрнэт-заказ петардаў і прынёс іх з сабой. Хлопчыкі вырашылі пагуляць у недзіцячыя забавы. Адна з петард узарвалася...
Хуткую дапамогу параненаму выклікалі суседзі. Спачатку яго адвезлі ў вілейскую бальніцу, а потым накіравалі ў маладзечанскую.
Па словах загадчыка хірургічнага аддзялення Алега Кальчанкі, у юнага пацыента паранены два пальцы правай рукі. Глыбокіх пашкоджанняў няма, і траўма лічыцца нескладанай. Справакавана яна выбуховай хваляй.
Алег Уладзіміравіч заўважае, што, на жаль, кожны год у «навагодні перыяд» у раёне адбываецца па 3-5 аналагічных здарэнняў, у якіх церпяць дзеці. Як правіла, з піратэхнікай яны забаўляюцца, калі побач няма дарослых.
-- Наступствы ад узрыву петард могуць быць надзвычай цяжкія – гэта сур’ёзныя апёкі вачэй, скуры, пераломы касцей, адрыў пальцаў або фаланг, асколачныя раненні, якія нярэдка прыводзяць да інваліднасці. Такія здарэнні становяцца ўрокам на ўсё жыццё. Ніхто з маіх пацыентаў паўторна не трапляў у такія сітуацыі, -- зазначае хірург. – Хацелася б, каб бацькі больш пільна ставіліся да сваіх сыноў і дачок. Не дазвалялі самастойна карыстацца петардамі. Дзеці вельмі дапытлівыя і не адчуваюць небяспекі.
Таксама Алег Кальчанка нагадаў аб тым, што калі сям’я ўсё ж вырашыла арганізаваць «свята феерверкаў», іх абавязкова трэба купляць у санкцыянаваных месцах, сертыфікаваныя, з належным тэрмінам годнасці і цэлай упакоўкай.
Чытайце таксама: Несертифицированная пиротехника опасна!
На шчасце, здароўю хлопчыка нічога не пагражае. Хаця ён канчаткова не ўсвядоміў, што з ім здарылася, але ўжо добра ведае: петарды – не дзіцячая забава.
Загадчык хірургічнага аддзялення дзіцячай бальніцы Алег Кальчанка гаворыць: «Дзеці вельмі дапытлівыя і не адчуваюць небяспекі...».
Як дапамагчы чалавеку, калі ён пацярпеў ад выбуху петарды? Карысныя парады ад хірурга Алега Кальчанкі
Да прыезду службы 103 пацярпеламу важна правільна аказаць першую дапамогу. Найчасцей ад выбуху піратэхнікі церпяць вочы і скура. Раны трэба прамыць чыстай халоднай вадой і прыкрыць стэрыльнай павязкай. Пры пераломах можна выкарыстаць і спадручныя сродкі. Напрыклад, шалікам зафіксаваць пашкоджаную руку або нагу. Таксама да прыезду медыкаў пацярпеламу трэба даць абязбольваючы прэпарат.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.