Як вядома, магчымасці інтэрнэту бязмежныя. І яго паслугамі можна і трэба карыстацца. Але ў нашым выпадку гэтыя магчымасці саслужылі дрэнную службу для жыхаркі горада Маладзечна – дырэктара аднаго з магазінаў.
Гісторыя такая: жанчына праз інтэрнэт пазнаёмілася з «генералам арміі ЗША» і пачала весці з ім перапіску. Спачатку было фота «генерала», якое, відавочна, мела сваё ўздзеянне. У перапісцы ён паведамляў, што знаходзіцца на заданні ў Кабуле, сталіцы Афганістана, дзе горы, вайна, абстрэлы, паўсюдна падсцерагае небяспека. Як яшчэ можна ўвайсці ў давер да жанчыны? Натуральна, ён паабяцаў прыехаць у Беларусь, пазнаёміцца з ёю і, заўважце, ажаніцца?!
Але вось няўдача. Для таго каб яго адпусціла кіраўніцтва, патрэбныя 650 еўра. «Генерал» папрасіў пераслаць гэту суму. Затым яшчэ 2100 еўра на білет, 2400 еўра на тое, каб яму далі адпачынак. Далей — больш: 2750 долараў ЗША на выдаткі па правозе багажу, а на іншыя транспартныя выдаткі — 5800 долараў ЗША.
З верасня па лістапад гэтага года жанчына, скарыстаўшыся паслугамі «Вестэрн-Юніён» і службы міжнародных пераводаў, у выніку пералічыла «генералу» 5150 еўра і 10009 долараў ЗША, што ў эквіваленце складае каля 16000 долараў ЗША.
З афіцыйных крыніц вядома, што яна, нарэшце схамянуўшыся, звярнулася з заявай у праваахоўныя органы, якія цяпер праводзяць праверку па гэтым факце. Дарэчы, дзеянні «генерала» кваліфікуюцца часткай 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (махлярства ў асабліва буйным памеры), што караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Напэўна, пасля правядзення праверкі аддзел Следчага камітэта па Маладзечанскім раёне распачне крымінальную справу. Застаецца спадзявацца, хоць і вельмі малаверагодна, што падазроны будзе знойдзены і кропку ў гэтай справе паставіць суд.
Нельга расставацца так лёгка з грашыма, якія зарабляюцца вельмі цяжка.
Вацлаў ДАШЧЭЧКА.