Я працую ў рэдакцыі ўжо больш за дзесяць гадоў. Чым падабаецца работа? Магчымасцю даведацца шмат рознага па розных напрамках і падзяліцца інфармацыяй з чытачамі.
Наогул, цікавасць да навакольнага свету, падзей, што разгортваюцца вакол нас і ўдзельнікамі якіх мы з’яўляемся, уласціва кожнаму чалавеку. Як і прага да ведаў. Усё гэта прывяло мяне пасля заканчэння школы на геаграфічны факультэт БДУ. Выкладчыкі ва ўніверсітэце не навязвалі прапісныя ісціны. Яны вучылі думаць, разважаць, аналізаваць, рабіць высновы.
А яшчэ былі падарожжы па Беларусі, краязнаўчыя экспедыцыі, «зялёны патруль» (так называўся добраахвотны рух па ахове прыроднай спадчыны). Вялікае ўражанне пакінулі экскурсіі на прадпрыемствы (прамысловыя і сельскагаспадарчыя). Праходзілі яны ў рамках вывучэння эканамічнай геаграфіі.
Тэарэтычная база, закладзеная ва ўніверсітэце, а таксама работа на вытворчасці прадвызначылі тэмы журналісцкай дзейнасці. Гэта эканоміка, экалогія, краязнаўства і гэтак далей. Цаню магчымасць дзяліцца з шырокім колам землякоў карыснай інфармацыяй, экспертнымі меркаваннямі спецыялістаў, асабістымі ўражаннямі. А яшчэ дапамагаць людзям у вырашэнні таго ці іншага пытання. Вельмі радуе, калі гэта ўдаецца.
Па вопыце ведаю, што найбольш цікавыя матэрыялы атрымліваюцца пры супрацоўніцтве з чытачамі, калі тэмы, ідэі або факты для публікацый падказваюць жыхары Маладзечаншчыны. У гэтым выпадку мы працуем у адной звязцы, робім адну справу.
Хачу зрабіць камплімент вам, дарагія чытачы. Працаваць з вамі камфортна і прыемна. Вы шчырыя, добразычлівыя людзі. Жыхары горада і раёна, прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў. Калі выказваеце прэтэнзіі, то па справе, калі хваліце, дык справядліва.
Лічу, што «Маладзечанская газета» з’яўляецца нашым агульным здабыткам. Выданне мае багатую гісторыю і слаўныя традыцыі. Газета запатрабаваная і ў наш «інтэрнэтны» час. На яе старонках адлюстроўваецца жыццё раёна. А ствараем гісторыю Маладзечаншчыны мы разам.