Новости Молодечно и Молодечненского района

З выхаваўчымі мэтамі

  • 2018-10-25 04:22:14
  • Ірына Рабушка

Сустрэчу сумесна падрыхтавалі прадстаўнікі Маладзечанскай пракуратуры і раённага аддзела ўнутраных спраў, дзе яна і праводзілася. Слухачамі сталі раней судзімыя, а таксама асуджаныя ўмоўна, з адтэрміноўкай адбывання пакарання і тыя, чыё пакаранне не прадугледжвае ізаляцыю ад грамадства.    

— Пераважна іх злачынствы і парушэнні звязаны з невыкананнем прыгавору суда аб пазбаўленні права займацца пэўнай дзейнасцю. Нямала прыгавораных, якія ўхіляліся ад грамадскіх работ, абмежавання волі і прафілактычнага нагляду ў праваахоўных органах. Сёлета за першае паўгоддзе па ініцыятыве РАУС распачата 58 крымінальных спраў названых катэгорый, — заўважае памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Сяргей Каўрыга.

Між тым за пазначаны перыяд судом Маладзечанскага раёна ад адбывання пакарання ўмоўна-датэрмінова вызвалены 16 асуджаных, дзесяцярым пакаранне заменена на больш мяккую меру.

На сустрэчы ў РАУС засяроджвалася ўвага на правах і абавязках кожнага грамадзяніна, прапісаных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і на асноўных патрабаваннях да асуджаных, што пазначаны ў Крымінальным кодэксе краіны. Таксама гаварылася аб дапамозе ў сацыялізацыі тым, хто збочыў з жыццёвага шляху, парушыўшы закон.