Новости Молодечно и Молодечненского района

Воля бакоў у плоці закона

  • 2017-08-18 10:37:16
  • Аляксандр Лазоўскі

Пакуль патэнцыяльныя кліенты набіраліся смеласці, каб патэлефанаваць на рэдакцыйны нумар, разгаварыўся з нашай госцяй. Аказалася, што Таццяна Уладзіміраўна ў прафесіі з 2006 года, закончыла юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, юрыст-правазнавец. Работу сваю любіць і лічыць яе вельмі патрэбнай.
– Мне ўпершыню даводзіцца праводзіць «прамую лінію», – прызналася субяседніца. – А вось з публікацыямі выступаць у газеце, разбіраць найбольш характэрныя сітуацыі, па якіх ажыццяўляюцца натарыяльныя дзеянні, даводзілася. Хацелася б, каб такая практыка стала традыцыяй.
Я, уласна кажучы, не пярэчыў. Пацікавіўся толькі, на якія пытанні найчасцей даводзіцца адказваць натарыусу Аўчук (меркаваў, што з імі грамадзяне звяртаюцца і да іншых работнікаў канторы).
– Не стаўлю звароты, як кажуць, па ранжыры – для аднаго адна тэма важная, для другога – іншая… Людзі цікавяцца шлюбнымі дагаворамі, афармленнем залогаў, завяшчанняў, наступствамі, якія вынікаюць адсюль, адчужэннем нерухомасці. Апошнім часам у шлюбных дагаворах грамадзяне імкнуцца прадугледзець самыя розныя варыянты развіцця падзей, нават такія як умовы выхавання дзіцяці ў выпадку разводу бацькоў, распісваюць, хто і як будзе праводзіць з дзецьмі вольны час…


Размову перапыніў тэлефонны званок. Першае пытанне да натарыуса гучала так: якія дакументы неабходныя для складання завяшчання?
– Для засведчання завяшчання ў натарыуса завяшчальніку неабходна прадставіць дакумент, які засведчвае асобу (пашпарт, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца), пры наяўнасці ў завяшчальніка пенсіённага пасведчання або пасведчання інваліда І ці ІІ групы прадугледжана льгота – 50% за засведчанне завяшчання. У тым выпадку, калі завяшчальнік уласнаручна не можа напісаць два экзэмпляры завяшчання, то яно складаецца натарыусам у прысутнасці сведкі, які абавязаны прадставіць натарыусу дакумент, што засведчыць асобу; сведка павінен быць пісьменным, дзеяздольным, не мець судзімасці за лжывыя паказанні, валодаць дзяржаўнай мовай, не быць сваяком (альбо зацікаўленай асобай) завяшчальніку альбо асобе, на карысць якой складаецца завяшчанне. Іншыя дакументы для складання завяшчання прад’яўляць натарыусу няма неабходнасці, бо яно засведчваецца са слоў завяшчальніка.


Праблема дарэння таксама цікавіць нашых грамадзян. Як засведчыла Таццяна Уладзіміраўна, людзі нярэдка блытаюць дарэнне з завяшчаннем (апошняе рэалізуецца тады, калі завяшчальнік пайшоў з жыцця). І ў адным і ў другім выпадку ёсць свае «падводныя камяні», і толькі натарыус можа дапамагчы разабрацца ў самай складанай сітуацыі.
Што толькі ні дораць сваёй радні і блізкім грамадзяне: жыллё, транспартныя сродкі, мэблю, грошы. Быў выпадак, калі матуля афармляла дарэнне дачцэ кухоннага посуду і часопісаў па дамаводстве…


Чарговы званок і чарговае пытанне: колькі каштуе афармленне даверанасці на валоданне, карыстанне альбо распараджэнне транспартным сродкам?
– Натарыяльны тарыф за афармленне даверанасці на валоданне, карыстанне альбо распараджэнне транспартным сродкам уключае ў сябе складанне праекта даверанасці – 30% базавай велічыні (6 рублёў 90 капеек), для блізкіх сваякоў – 1 базавая велічыня. Калі старонні давернік з’яўляецца пенсіянерам альбо інвалідам І ці ІІ групы, ён мае права на льготу (50% за пасведчанне даверанасці). Трэба заўважыць, што льгота прадугледжана для асоб, якім прызначана пенсія альбо ўстаноўлена інваліднасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.


Апошнім часам, расказала Т. Аўчук, натарыусам нярэдка даводзіцца засведчваць такія дзеянні як забеспячэнне доказаў. Да прыкладу, вас абразілі праз інтэрнэт, размясцілі ў сусветнай сетцы несапраўдную альбо непажаданую інфармацыю. Натарыусы робяць здымак з экрана камп’ютара (скрыншот) інфармацыі, зацвярджаюць яе існаванне. Гэта вельмі няпросты занятак, прызнаецца Таццяна Уладзіміраўна, ён патрабуе не толькі ведання заканадаўства, але і навыкаў работы з сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі.
Натарыусы дапамагаюць не толькі асобным грамадзянам – яны прыносяць рэальную карысць дзяржаве. За гэтым сцвярджэннем стаіць так званы выканаўчы надпіс. Ён дазваляе ўтрымліваць з даўжнікоў, да прыкладу, камунальныя выплаты, плацяжы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і гэтак далей. У бюджэт паступаюць грошы, разгружаюцца суды. Сама Т. Аўчук толькі сёлета падрыхтавала каля 200 дакументаў на ўтрыманне грошай з фізічных і юрыдычных асоб, і больш чым па васьмідзесяці з іх судовыя выканаўцы спагналі з даўжнікоў грошы.


З грашыма было звязана і пытанне, якое таксама паступіла ў час нашай размовы: калі пазычаць грошы, то які дакумент афармляецца ў натарыуса?
– У гэтым выпадку грамадзянін можа звярнуцца да натарыуса для заключэння дагавора пазыкі грошай. У выпадку іх невяртання па натарыяльна завераным дагаворы пазыкі, пазыкадаўца мае права звярнуцца да натарыуса для здзяйснення выканаўчага надпісу аб спагнанні доўгу, які (надпіс) затым прапанаваць судоваму выканаўцу да спагнання.

У размове мы закранулі далёка не ўсе моманты, характэрныя для дзейнасці такога грамадскага інстытута як натарыят – жыццё штодня ставіць пытанні. І адказы на многія з іх можна без валакіты атрымаць у натарыяльных канторах Маладзечанскага раёна.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.