Падсудны — выпускнік аднаго з каледжаў нашага горада. Згодна з рашэннем прызыўной камісіі ён павінен быў
17 лістапада мінулага года з’явіцца ў ваенны камісарыят Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў для адпраўкі ў вайсковую часць. Малады чалавек атрымаў павестку і быў папярэджаны пра адказнасць за ўхіленне ад прызыву. Ён быў у камісарыяце для ўдакладнення даных 16 лістапада. Тады прызыўніку яшчэ раз нагадалі з’явіцца па павестцы. Аднак гэтага не адбылося.
Як вынікае з матэрыялаў справы, прызыўнік вырашыў «адкласці» выкананне вайсковага абавязку. Таму ў дзень прызыву ён звярнуўся ў ЦРБ са скаргай на траўму нагі, якую нібыта атрымаў напярэдадні. Пасля неабходнага абследавання ўрачы страту працаздольнасці не выявілі і выдалі адпаведную даведку. Такім чынам малады чалавек парушыў закон — без уважлівай прычыны не выканаў рашэнне прызыўной камісіі.
Сведкамі на судзе выступілі ўрачы ЦРБ, супрацоўнікі ваеннага камісарыята, маці і айчым фігуранта справы. У прыватнасці, маці падсуднага заявіла, што пра адпраўку сына ў вайсковую часць нічога не ведала. Пра ўхіленне сына ад прызыву жанчына даведалася толькі пасля тэлефоннага званка з камісарыята. Вечарам прынеслі новую павестку.
— Я асабіста прывезла бы сына на прызыўны ўчастак і прасачыла за адпраўкай, — дадала маці.
Сваю віну абвінавачаны цалкам прызнаў. Ён падкрэсліў, што ацэньвае свой учынак адмоўна. У апошнім слове малады чалавек раскаяўся ў парушэнні закону.
— Служба ў арміі — пачэсны абавязак кожнага грамадзяніна. Ухіленне ад прызыву з’яўляецца сур’ёзным правапарушэннем, якое патрабуе адпаведнага пакарання, — адзначыў дзяржаўны абвінаваўца. Ён прапанаваў прызнаць абвінавачанага вінаватым згодна з часткай 2 артыкула 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.
Суддзя ўзважыў усе абставіны па справе, прыняў да ведама раскаянне маладога чалавека і вынес больш мяккі прыгавор.
Адкрытае выязное пасяджэнне суда Маладзечанскага раёна па дадзенай справе вёў суддзя Павел Жэчка. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіў пракурор Сяргей Каўрыга.
Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі начальніка аддзела прызыву ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Васілія Сокала.
— Спадзяюся, што рашэнне суда стане ўрокам для маладога чалавека. Воінскі абавязак перад Радзімай трэба выконваць. А жартаваць з законам я б нікому не раіў. Ваеннаслужачыя ў Беларусі не накіроўваюцца ў гарачыя кропкі. Тэрмін службы для асоб з вышэйшай адукацыяй складае адзін год, для іншых – паўтара. Айчыннае заканадаўства прадугледжвае і альтэрнатыўную службу. Акрамя таго, у шэрагу выпадкаў прызыўніку прадастаўляецца адтэрміноўка. Дык навошта ламаць сабе жыццё і ўхіляцца ад прызыву?