— Чалавечы патэнцыял і прыродныя багацці – наш асноўны капітал, — падкрэсліў Аляксандр Аляксандравіч. – Вось чаму ахове навакольнага асяроддзя ў рэспубліцы надаецца вялікая ўвага. Захаванне і прымнажэнне прыроднай разнастайнасці спрыяе эканамічнаму развіццю, робіць краіну больш прыцягальнай, павялічвае колькасць турыстаў. Акрамя таго, эфектыўная прыродаахоўная дзейнасць стварае дзяржаве станоўчы імідж. Так, на прасторах Еўропы Беларусь справядліва лічаць «лёгкімі» ўсяго кантынента.
Субяседнік зазначыў, што айчынныя нацыянальныя паркі і запаведнікі вядомыя далёка за межамі краіны. У іх захоўваюцца ўнікальныя прыродныя комплексы. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца нацыянальны парк «Белавежская пушча». У 1992 годзе рашэннем ЮНЕСКА ўчастак высокаўзроставых насаджэнняў нацыянальнага парку ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва. Цяпер пад аховай знаходзіцца 57 тысяч гектараў пушчанскіх лясоў. Дзеля параўнання: у суседняй Польшчы, якая дзеліць з нашай краінай гэты прыродны аб’ект, ахоўваецца толькі 12 тысяч гектараў. Дарэчы, беларуская папуляцыя зуброў, што жывуць на волі (каля 1500 асобін), – самая буйная ў свеце.
— Асноўная задача дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету — прафілактыка парушэнняў экалагічнага заканадаўства. Усе падобныя правапарушэнні мы разглядаем як наўмысныя. Таму і пакаранне за браканьерства ў Беларусі вельмі жорсткае. Такі падыход дае свае вынікі. У апошнія гады растуць папуляцыі высакароднага аленя, лася, казулі, іншых паляўнічых відаў. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, — дадаў Аляксандр Дуньковіч.
Намеснік начальніка прыродаахоўнага ведамства адзначыў, што Беларусь удзельнічае ў многіх міжнародных праектах па захаванні біялагічнай разнастайнасці. Так, створана і дзейнічае сумесная беларуска-расійская камісія, якая адказвае за выкарыстанне рыбных рэсурсаў на Дняпры і іншых рэках, што працякаюць па тэрыторыі нашых краін.
— У час сустрэчы з насельніцтвам найбольш часта людзі наракаюць на арандатараў вадаёмаў. Жыхарам не падабаюцца ўмовы для рыбалкі, якія ствараюць арандатары. Ёсць пытанні і па зарыбленні такіх водных аб’ектаў. Усе гэтыя факты абавязкова правяраюцца. У кожным канкрэтным выпадку прымаецца спецыяльнае рашэнне. Па ініцыятыве грамадскасці ў Беларусі забаронена арандаваць участкі рэк. Таму па заканчэнні тэрміну дзеяння такіх дагавораў яны аднаўляцца не будуць, — паведаміў А. Дуньковіч.
Закрануў субяседнік і тэмы вясенняга палявання на пералётных птушак, а таксама рэалізацыі мер па недапушчэнні распаўсюджвання АЧС. Па першым пытанні Аляксандр Аляксандравіч заявіў, што месцы гнездавання вадаплаўных у нашай краіне ахоўваюцца. Таму паляўнічыя не наносяць шкоды папуляцыям гэтых птушак. Што тычыцца прафілактыкі распаўсюджвання АЧС, адной з найбольш эфектыўных мер з’яўляецца максімальнае змяншэнне колькасці асобін дзікоў у лясах. У 2013 годзе папуляцыя гэтых жывёл у Беларусі складала 83 тысячы, цяпер яна значна меншая.
У канцы размовы Аляксандр Дуньковіч адзначыў, што Маладзечанская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету адна з лепшых у Мінскай вобласці. Яе супрацоўнікі раскрылі і папярэдзілі нямала парушэнняў экалагічнага заканадаўства.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.