Летась праваахоўнікі Мінскай вобласці распачалі дзесяць крымінальных спраў у дачыненні да чыгуначных «зайцоў».
Так, за падробку пасведчання пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС быў пакараны пасажыр электрычкі «Мінск-Орша». Афера абышлася вінаватаму ў 690 рублёў штрафу.
Пенсіянерка з Барысава вырашыла сэканоміць 1,38 рубля (столькі каштаваў ільготны білет у электрычцы да Мінска) і прадставіла кантралёрам пасведчанне аб інваліднасці сына. Пры гэтым яна паправіла ў дакуменце імя і імя па бацьку. Вынік – штраф у памеры 920 рублёў.
1715 рублёў замест 1,26 заплаціў жыхар Мінска, які ад прыпыначнага пункта «Печанскі» ехаў у сталіцу па падробленым пасведчанні ліквідатара аварыі на ЧАЭС.
Жыхарка Крупак замяніла фатаграфію на пасведчанні інваліда 2-й групы сваячкі на ўласную, пасля чаго адправілася на электрычцы да станцыі «Сцяпнянка». Суд ацаніў такую «работу з дакументамі» ў 735 рублёў штрафу.
Па матэрыялах МІНСКАЙ ТРАНСПАРТНАЙ ПРАКУРАТУРЫ.