Новости Молодечно и Молодечненского района

Памылкі разгледжаны: яблыкі коцяцца ў патрэбным кірунку

  • 2016-12-09 09:30:47
  • Соб. инф.

Прыводзім тэкст пісьма, якое было даслана ў рэдакцыю "Маладзечанскай газеты" (змешчана ў №95 за 10.12.2016 г.) у адказ на матэрыял «Вынікі праверкі дзяржкантролю ў «Лебедзеве»

«У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця пладаводства на 2004-2010 гады аграфірмай «Лебедзева» быў закладзены пладовы сад на плошчы 94 га. Паколькі на перыяд закладкі многімі гаспадаркамі выконвалася аналагічная праграма, пасадачнага матэрыялу, неабходнага для пасадкі гатункаў у поўным аб’ёме, не знайшлося. У перыяд рэалізацыі першых праграм вопыту закладкі садоў не было, і гатункі ў тыя гады падаваліся перспектыўнымі і папулярнымі. Пазней аказалася, што для аптовых пакупнікоў значэнне мае толькі таварны выгляд, а не смакавыя якасці і тэрміны лёжкасці і спажывання. Цяпер закладзены пладова-ягадны сад па праграме пладаводства 2011-2015 гадоў на плошчы 100 га, які паступова ўводзіцца ў эксплуатацыю і пачынае прыносіць прыбытак. Памылкі, дапушчаныя ў працэсе закладкі папярэдніх пасадак, былі ўлічаны, і сучасны сад закладзены перспектыўнымі гатункамі, і колькасць іх абмежаваная. Пры распрацоўцы праекта па закладцы саду 2011-2015 гадоў быў праведзены маніторынг рынку аптовых спажыўцоў і вызначаны гатунковы склад. Цяпер па запатрабаванасці прадукцыі можна сказаць, што ён аказаўся правільным.

Каб пазбегнуць росту затрат на ўтрыманне пасадак 2004 года, была створана камісія, па заключэнні якой вырашана паступова правесці раскарчоўку саду. Замест раскарчаванага саду аграфірмай «Лебедзева» плануецца закладка інтэнсіўных садоў, якія даволі паспяхова ўжо выкарыстоўваюцца ў многіх гаспадарках. Сёлета вясной было раскарчавана 5 га саду і пераведзена ў ворыва. Цяпер пачалася раскарчоўка саду на плошчы 20 га. Афармленне дакументаў і прывядзенне плошчаў у адпаведнасць праходзіць адначасова.

У 2010 годзе пабудавана фруктасховішча аб’ёмам 2200 тон. Сховішча такога аб’ёму было ўзведзена не дзеля аднаразовага выкарыстання, а на перспектыву, бо са штогадовым павышэннем ураджайнасці яно будзе поўнасцю запоўнена. Аб правільнай эксплуатацыі фруктасховішча і запатрабаванасці прадукцыі сведчыць таксама штогадовая закладка стабілізацыйнага фонду раёна, а таксама часткова Мінскай вобласці. Лінію па перапрацоўцы пладова-ягаднай прадукцыі плануецца зманціраваць у гаспадарцы пасля вырашэння пытання з заменай пасадачных плошчаў.

Памылкі, дапушчаныя ў перыяд выканання першай праграмы, былі разгледжаны і прыняты да ўвагі, цяпер… «нашы яблыкі коцяцца ў патрэбным кірунку».

Пра лічбы
Прыхарошыць паказчыкі работы жывёлагадоўлі мэтай аграфірмы не     было. Паказчыкі па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў гаспадарцы высокія, штогод выконваюцца планавыя паказчыкі, даведзеныя заданні, павялічваюцца прадукцыйнасць і аб’ёмы вытворчасці. Пры пераводзе кароў на адкорм жывёла не ўзважвалася, прымалася да ўліку па вазе згодна са спісамі, складзенымі на пачатак года. Пры здачы кароў з адкорму вызначаліся прывагі як розніца паміж вагой на пачатак года і вагой пры рэалізацыі, што Дзяржкантролем адзначана як прыпіскі. За 2015 год гэта розніца склала 15 грамаў, альбо 2%, за 2016-ы – 7 грамаў, альбо 1%. Усё гэта можна лічыць бухгалтарскай памылкай, а не прыпіскамі.

Пра дабаўкі
Мінеральныя дабаўкі неабходныя для захавання і павелічэння прадукцыйнасці дойнага статка і атрымання здаровага маладняку буйной рагатай жывёлы для ўзнаўлення статка. Пры прадукцыйнасці кароў звыш 5 тысяч кілаграмаў малака неабходны ўважлівы адбор кармавых дабавак і мікраэлементаў. Паколькі з малаком з арганізма жывёлы выводзіцца вялікая колькасць мікраэлементаў, неабходных для жыццядзейнасці, іх можна папоўніць толькі мінеральнымі дабаўкамі адпаведнай якасці, што і было зроблена спецыялістамі аграфірмы і ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Прымяненне мінеральных дабавак дазволіла павялічыць прадукцыйнасць дойнага статка і сярэднясутачных прываг БРЖ, станоўча паўплывала на вынікі работы філіяла Аграфірма «Лебедзева».

Пры выбары мінеральных дабавак разглядаліся розныя прапановы па пастаўшчыках і вытворцах, праводзіўся параўнальны аналіз рэцэптуры прапанаваных дабавак. Перавага аддавалася тым дабаўкам, якія найбольш поўна маглі б задаволіць патрэбу высокапрадукцыйнай жывёлы ў мікраэлементах і вітамінах з улікам выкарыстання асноўнага корму рацыёну. На той час востра стаяла пытанне па паляпшэнні сітуацыі па ўзнаўленні статка. У поўным аб’ёме быў вывучаны рынак спажыўцоў гэтай прадукцыі і прааналізаваны іх водгукі. На падставе праведзеных даследаванняў было прынята рашэнне аб закупе мінеральных дабавак на ўмовах тэндара.

Пра сродкі аховы раслін

Аграфірма «Лебедзева» набывае сродкі аховы па папярэднім плане закупак адзін раз на год. Адбываецца гэта вясной таго года, калі плануецца ўнясенне прэпаратаў. Рэшткі сродкаў аховы можна патлумачыць тым, што мы не можам дакладна прагназаваць умовы надвор’я, пералік культур і ступень іх пашкоджання шкоднымі арганізмамі. Па папярэднім плане разлічваем патрэбнасць на ўсю плошчу, а па факце плошчы могуць быць зменшаны за кошт пашкоджання (гібелі) культур з-за неспрыяльных умоў надвор’я, у час зімоўкі і вегетатыўнага росту раслін. У выніку расходы прэпаратаў могуць быць зніжаны, аднак прадбачыць гэта наперад немагчыма.
Нават калі прэпараты не зрасходаваны да заканчэння тэрміна годнасці, гэта не абавязвае пазбавіцца ад іх. Існуе лабараторыя, якая праводзіць аналіз сродкаў аховы, а сродкі, зрасходаваныя на аналіз, апраўданыя тым, што раней закупленыя прэпараты адчувальна таннейшыя за тыя, што набываюцца цяпер.

Што да прэпарата «Трэнд-90», то гэта не стымулятар росту, а паверхнева-актыўнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры апрацоўцы гербіцыдамі і на рост раслін не ўплывае. Дакументы па даследаванні былі атрыманы, і прэпарат быў выкарыстаны ў 2016 годзе. Шкоднага ўздзеяння ён не аказаў ні на плады, ні на дрэвы – гэта пацвярджае разгорнуты аналіз пладова-ягаднай прадукцыі ў дзвюх лабараторыях па ўсіх паказчыках, згодна з якім былі выданы сертыфікаты і пратаколы выпрабаванняў. Не хацелася б лішні раз выкарыстоўваць прэпараты без неабходнасці толькі таму, што заканчваецца тэрмін годнасці.

Калектыў аграфірмы «Лебедзева» настроены на атрыманне высокіх вынікаў як у вытворчай дзейнасці, так і ў фінансавай, гэта значыць, у атрыманні прыбытку з найменшымі затратамі для забеспячэння стабільных даходаў нашых работнікаў і інтэнсіўнага развіцця прадпрыемства.

КАЛЕКТЫЎ  ФІЛІЯЛА АГРАФІРМА  «ЛЕБЕДЗЕВА».