Новости Молодечно и Молодечненского района

Нелегальные карьеры -- это вред природе и нарушение закона

  • 2020-04-03 12:08:45
  • Алег Бяганскі

— Выкарыстанне нелегальных кар’ераў вядзе да раскрадання карысных выкапняў, — гаворыць начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў. – Акрамя таго, знішчаецца ўрадлівы пласт глебы. Як правіла незаконныя кар’еры хутка ператвараюцца ў стыхійныя звалкі, куды нядбайныя гаспадары звозяць смецце з усяго наваколля. Вось чаму важна не дапусціць узнікнення новых «копанак» і ліквідаваць выяўленыя.

Субяседнік адзначыў, што ў раёне праводзіцца маніторынг па рацыянальным выкарыстанні нетраў. Для гэтага ажыццяўляюцца рэйды, аблёты тэрыторыі, вядзецца назіранне з дапамогай квадракоптара. Таксама звяртаецца ўвага на эксплуатацыю 10 афіцыйных прамысловых і 5 унутрыгаспадарчых кар’ераў Маладзечаншчыны.

— Сітуацыя з незаконнай здабычай карысных выкапняў абвастраецца вясной, — падкрэсліў Уладзіслаў Віктаравіч. – У гэты перыяд людзі пачынаюць будаўнічыя работы, таму маюць патрэбу ў пяску, жвіры і гліне. Некаторыя «здабываюць» іх самастойна.

Шэраг дачнікаў спрабуюць сэканоміць і адпраўляюцца па торф на былыя забалочаныя, а цяпер меліяраваныя землі. Найбольш часта такія парушэнні фіксуюцца ва ўсходняй частцы раёна.

Як паведаміў Уладзіслаў Чарноў, заканадаўства парушаюць і фізічныя асобы, і суб’екты гаспадарання. Так, у мінулым годзе за незаконнае карыстанне нетрамі прыцягваліся да адказнасці ААТ «Селеўцы» і КСУП «Беразіна-Аграпрадукт». Сёлета санкцыі накладваліся на ААТ «Купала-Агра» і КСУП «Відзеўшчына».

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў нагадаў, што пясчана-жвіровую сумесь можна набыць на афіцыйных кар’ерах. Таксама няма праблемы з пакупкай грунтоў для агародніцтва. Выбар такога тавару вельмі шырокі. А вось за самавольнае карыстанне нетрамі індывідуальны прадпрымальнік можа заплаціць да 150 базавых адзінак штрафу, юрыдычная асоба – да 500 «базавых». Знішчэнне глебавага покрыва караецца яшчэ больш жорстка.

Уладзіслаў Чарноў заклікаў жыхароў Маладзечаншчыны ашчадна ставіцца да нетраў і ўрадлівага слою глебы. Пра адпаведныя парушэнні можна аператыўна паведамляць на нумар 8-029-840-44-70 (Вайбер). На фота трэба зафіксаваць факт парушэння і нумар аўтамабіля парушальніка.