На нарадзе падкрэслівалася, што за студзень-чэрвень узровень злачыннасці ў раёне знізіўся. Пры гэтым асабліва цяжкіх злачынстваў стала менш на 36 працэнтаў, цяжкіх – на 35.
Асаблівая ўвага надавалася прафілактыцы і раскрыццю злачынстваў, што ўчыняюцца ў грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап’янення, у сферы сямейна-бытавых адносін, прафілактыцы крадзяжоў, арганізацыі належнай работы з раней судзімымі асобамі і тымі, хто схільны да злачынстваў.
Як вядома, эфектыўнасць дзейнасці праваахоўнікаў у многім залежыць ад даверу да іх з боку грамадства. А дасягаецца ён канкрэтнымі прыкладамі дапамогі жыхарам горада і раёна. Супрацоўнікі РАУС прывялі прыклады, калі ўдалося дапамагчы людзям у цяжкай сітуацыі або папярэдзіць парушэнне заканадаўства.Юрый ПЯТРОВІЧ, начальнік аддзялення вышуковай работы Маладзечанскага РАУС:
— Задача нашага падраздзялення — вышук злачынцаў, тых, хто знік без вестак, а таксама грамадзян, якія маюць запазычанасць па выканаўчых дакументах. Даволі часта даводзіцца шукаць непаўналетніх. Такія «турысты» могуць трапіць у бяду або стаць ахвярамі злачынцаў. Таму знайсці іх неабходна максімальна хутка. Так і было, калі з аздараўленчага лагера ўцяклі двое 14-гадовых падлеткаў з нядобранадзейных сем’яў. Знайшлі іх за некалькі гадзін.
Аляксей ПОСАХ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх:
— Адзін з маіх падапечных некалькі гадоў стаяў на ўліку ў міліцыі. Ён неаднаразова ўчыняў правапарушэнні, за што і быў накіраваны ў навучальную ўстанову закрытага тыпу. Здавалася, падлетак ужо ніколі не выправіцца. Аднак нам удалося зачапіць нейкую струнку ў яго душы, знайсці агульную мову. Юнак зразумеў, што далей так жыць нельга. Цяпер ён працуе на адным з прадпрыемстваў Маладзечна, добра зарэкамендаваў сябе ў калектыве. Да таго ж наладзіў адносіны з маці, з якой раней пастаянна сварыўся. Намаганняў для вяртання маладога чалавека грамадству было затрачана шмат. Але вынік таго варты.
Юрый ПЕТРАШЭЎСКІ, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС:
— Толькі сёння размаўляў з 45-гадовым маладзечанцам, якога за добрыя паводзіны ўмоўна датэрмінова вызвалілі ад адбывання пакарання. Мужчына расказаў, што нядаўна стварыў сям’ю, і падзякаваў за дапамогу ў працаўладкаванні. Вельмі рады за яго. Звычайна пра міліцыянераў успамінаюць, калі здараецца нейкая бяда. Аднак трэба ведаць і такія прыклады.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.