— Дзяржава надзяліла органы пракуратуры вялікімі паўнамоцтвамі, — падкрэсліў субяседнік. — Таму і патрабаванні, якія прад’яўляюцца да пракурорскіх работнікаў, вельмі высокія.
Дзмітрый Пятровіч пералічыў прыярытэтныя напрамкі дзейнасці калег — нагляд за выкананнем крымінальна-працэсуальнага права, зямельнага і працоўнага заканадаўства. Не застаюцца без разгляду парушэнні заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Вялікая ўвага надаецца прафілактыцы сямейна-бытавога насілля. Пракурорскія работнікі падтрымліваюць таксама абвінавачванне па крымінальных справах у судзе.Важны напрамак работы — барацьба з карупцыяй. Для папярэджання злачынстваў карупцыйнай накіраванасці праводзяцца праверкі суб’ектаў гаспадарання, арганізуюцца сустрэчы ў калектывах. Па выніках пракурорскага маніторынгу выдаюцца прадпісанні.
— Пракуратура Маладзечанскага раёна распачала некалькі крымінальных спраў у дачыненні да бытавых хуліганаў, — працягвае Дзмітрый Кулеш. — Сямейныя дэбашыры выклікаюцца на прафілактычныя гутаркі. Дзякуючы гэтаму ўдаецца папярэдзіць многія трагедыі.
Як адзначыў намеснік пракурора, бяспека і законнасць у раёне ў многім залежаць ад узаемадзеяння ўсіх праваахоўных органаў: пракуратуры, аддзела ўнутраных спраў, Следчага камітэта і іншых. Важная дапамога з боку насельніцтва, грамадскіх арганізацый. Таму асноўны прынцып работы праваахоўнікаў — галоснасць і адкрытасць.
Павысіць давер жыхароў горада і раёна да пракуратуры дапамагаюць, у прыватнасці, выязныя прыёмы грамадзян. Найбольш рэзанансныя справы асвятляюцца ў прэсе. Гэта мае вялікае выхаваўчае значэнне.
Дзмітрый Кулеш адзначыў, што ў пракуратуры раёна адбываецца значнае абнаўленне кадраў. Прыходзіць многа маладых добра падрыхтаваных супрацоўнікаў (у тым ліку дзяўчат). З імі дзеляцца вопытам работнікі з больш чым 30-гадовым стажам Аляксандр Васюта і Сяргей Каўрыга. Такім чынам захоўваецца пераемнасць пакаленняў пракурорскіх работнікаў.
Напярэдадні прафесійнага свята субяседнік пажадаў калегам і надалей заставацца надзейнай апорай дзяржавы, цвёрда стаяць на абароне законнасці і правапарадку.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.