У той жа час заканадаўствам забаронена здача ўнаём памяшканняў прыватнага жылога фонду, пабудаваных з дзяржаўнай падтрымкай, без дазволу мясцовых улад. За парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Але як высвятляецца, некаторыя прадпрымальныя грамадзяне ўсё ж здаюць жыллё ўнаём, парушаючы ўказанае патрабаванне. Да прыкладу, у выніку разгляду звароту, які паступіў на гарачую лінію КДК Мінскай вобласці, было ўстаноўлена: у жыллёва-будаўнічым спажывецкім кааператыве аграгарадка Міханавічы Мінскага раёна гаспадыня трохпакаёвай кватэры, пабудаванай з дзяржаўнай падтрымкай, больш за два гады здае ўнаём два пакоі. Пры гэтым грамадзянка не разлічылася з крэдытам, не мае дазволу мясцовых улад і заключанага адпаведным чынам дагавора.
У выніку парушальніца заканадаўства была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, ёй неабходна заплаціць у бюджэт налічаныя падаткі з улікам пені. Агульны памер штрафных санкцый складзе каля 1300 рублёў. Пры здачы ўнаём указанай жылплошчы ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку памер абавязковых плацяжоў у бюджэт быў бы напалову меншым – каля 680 рублёў.
Летась у Мінскі райвыканкам паступілі 23 заявы аб здачы ўнаём жылля, пабудаванага з прыцягненнем ільготных крэдытаў. Ва ўсіх выпадках былі прыняты станоўчыя рашэнні.