– Тарыфы на перавозкі пасажыраў аўтамабілямі-таксі не ўключаны ў пералік тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца Саўмінам, іншымі дзяржаўнымі органамі, таму перавозчыкі маюць права самастойна ўстанаўліваць памер платы за пасадку і перавозку пасажыраў зыходзячы са сваіх затрат, звязаных з выкананнем такіх работ, – патлумачыў начальнік упраўлення кантролю транспартнай дзейнасці Дзмітрый Пацкевіч. І дадаў: -- Пасажыр павінен ведаць: калі ён не звяртаецца ў дыспетчарскую службу для заказу аўтамабіля-таксі, дзе абавязаны паведаміць аб кошце паслугі, то тарыфы на яе могуць быць вызначаны канкрэтным перавозчыкам на лініі, у тым ліку і не зусім карэктна ў адносінах да пасажыра.
Калі ж пасадка ў таксі адбылася не праз дыспетчара, а шляхам падачы сігналу рукой альбо са стаянкі таксі, перавозчык можа ў некалькі разоў завысіць тарыф з уключэннем таксометра і выдачай затым абавязковага да аплаты чэка аб аказанай паслузе. Так можа быць у выпадку, калі пасажыр перад паездкай цікавіцца ўмовамі аплаты, а ў адказ чуе: па лічыльніку. Але з яго не вынікае, якім будзе кошт праезду.
Каб у выніку не ўзнікла ніякіх непаразуменняў пры выстаўленні цаны за праезд, пасажыру пажадана яшчэ да пасадкі даведацца пра кошт кіламетра шляху і прыблізным кошце праезду ад пачатку да канца маршруту. Вадзіцель аўтамабіля-таксі абавязаны пасля паездкі разлічыцца з пасажырам і выдаць яму касавы чэк. Пасажыр, у сваю чаргу, мае права запатрабаваць чэк пасля паездкі.
Калі ж пасажыр лічыць, што цана завышана і ён не быў папярэджаны аб умовах перавозкі, то ў гэтым выпадку назіраецца факт падману спажыўца. А гэта ўжо цягне адміністрацыйную ці нават крымінальную адказнасць.
Пры неабходнасці прыцягнуць аўтаперавозчыка да адказнасці за абман грамадзянін мае права звярнуцца ў органы ўнутраных спраў, раённыя (гарадскія) выканаўчыя камітэты, органы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Справы аб такіх правапарушэннях разглядае суд. У выніку станоўчага для грамадзяніна рашэння ён можа спагнаць з аўтаперавозчыка матэрыяльны і маральны ўрон.