05.12.2016 8:39

Вынікі праверкі дзяржкантролю ў «Лебедзеве»

Філіял Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга» -- адзін з лідараў раёна па вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Але настаў час збіраць ўраджай, а яго не аказалася.

Сад закладзены, але дрэвамі не тых гатункаў і не па схеме, прадугледжанай праектам (90% яблынь зімовых гатункаў і 10% – асенніх. Фактычна ўсё атрымалася наадварот: 80% – «нялёжкія» асеннія і раннія зімовыя гатункі; зімовых – толькі 15%).

У выніку, чым вышэйшы валавы збор яблыкаў, тым большыя ў філіяла страты (2013 год: валавы збор – 230 тоны, страта – 69,9 тысячы рублёў, 2014-ы – 410 і 112,4 адпаведна, 2015-ы: 183 тоны і 78,5 тысячы рублёў. Тут і далей прыведзены лічбы пасля дэнамінацыі). Значная частка ўраджаю паступала не на стол спажыўцам, а рэалізоўвалася «нестандартам» на перапрацоўку, выкарыстоўвалася на корм жывёле (у 2013 годзе — звыш 45 тон яблыкаў, або 21,2% валавога збору) ці проста згніла. А ў пабудаваным сучасным фруктасховішчы фактычна не было чаго захоўваць (напаўняльнасць у 2014 годзе склала 19% ад праектнай магутнасці, у 2015-м увогуле 8%).

Не ўсё ў парадку і ў жывёлагадоўлі. Так, з-за ўдзелу ў пастаўках афіляваных пасрэднікаў кошт закупленых кармавых дабавак павялічваўся для філіяла ў некалькі разоў, у шэрагу выпадкаў заданні на закуп відавочна рыхтаваліся пад пэўнага пастаўшчыка. Пры гэтым закупленыя блокі-лізунцы для кармлення жывёлы коштам звыш 200 тысяч рублёў не адпавядалі патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Рэспублікі Беларусь «Кармы і кармавыя дабаўкі. Бяспека».

Не пазбавіліся ў філіяле і спакусы «прыхарошыць» вытворчыя паказчыкі. Напрыклад, 68 галоў дойнага статка перавялі ў катэгорыю «адкорм» і працягвалі даіць кароў, у выніку чаго атрымалася «павысіць» сярэднясутачны надой на карову на МТФ «Мароські №2» за справаздачны перыяд на 9%. Акрамя таго, прывагі буйной рагатай жывёлы па філіяле за 2015 год завысілі на 185 цэнтнераў, а за 4 месяцы сёлета – на 32 цэнтнеры.

Істотныя пралікі на грані злоўжывання і ў раслінаводчай галіне – факты закупу ядахімікатаў звыш неабходнай колькасці, а часам і пратэрмінаваных. Да прыкладу, у адной з камерцыйных арганізацый у чэрвені 2014 года філіял набыў мікраўдабрэнні «Ярома» на 300 рублёў, гербіцыд «Ларнет» на 3500 рублёў, якія звыш двух гадоў не былі запатрабаваныя (пры гэтым іх тэрмін прыдатнасці мінуў у чэрвені 2015 года і сакавіку 2016-га адпаведна). У красавіку 2015 года філіял наогул набыў пратэрмінаваны стымулятар росту «Трэнд 90» на 900 рублёў.

Матэрыялы праверкі дзяржкантролем накіраваны для прававой ацэнкі ў праваахоўныя органы, а для прыняцця мер рэагавання – у РУП «Мінскэнерга». Філіял Аграфірма «Лебедзева» аштрафаваны Камітэтам на 31,7 тысячы рублёў, сем службовых асоб – на 966 рублёў, сямёра чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця пладаводства на 2004-2010 гады пры дзяржаўнай фінансавай падтрымцы ў гаспадарцы ў 2010 годзе было пабудавана сучаснае фруктасховішча на 2200 тон, закладзены сад на плошчы звыш 90 гектараў.

МАЛАДЗЕЧАНСКІ МІЖРАЁННЫ КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ.

Прочитано 2053 раз Последнее изменение 05.12.2016 8:39
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.