25.05.2018 9:53

У Ракуцёўшчыну, да Максіма

Што можна ўбачыць у музеі Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне.

Вёска Ракуцёўшчына... Менавіта тут у 1911 годзе правёў свае самыя шчаслівыя канікулы Максім Багдановіч. Музеефікацыя гэтай мясціны пачалася яшчэ ў далёкія сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя дзякуючы нашаму славутаму земляку гісторыку і краязнаўцу Генадзю Каханоўскаму, які ўстанавіў, дзе жыў Максім Багдановіч улетку дзевяцьсот адзінаццатага.

Дзякуючы руплівым намаганням яшчэ аднаго неабыякавага чалавека, заслужанага работніка культуры Вячаслава Ляшковіча, былі ўстаноўлены валуны – мемарыяльны памятны знак. На адным з іх радкі са знакамітага «Санета», на другім пазначана: менавіта сюды, у Ракуцёўшчыну, прыязджаў Максім Багдановіч летам 1911 года, і гэты час быў для яго часам натхнення і плённай працы, глыбокага спасціжэння роднай мовы на роднай зямлі. А ў 1981 годзе побач з памятнымі камянямі беларускія літаратары пасадзілі Максімаў сад – 70 дрэў, бо тады адзначалася 70 гадоў з часу наведвання Максімам Багдановічам Ракуцёўшчыны. Кожны год дрэўцы даюць новыя маладыя парасткі – разрастаецца першы на Беларусі пісьменніцкі парк-помнік.

Стварэнне музея пачалося ў 1991 годзе, пасля адкрыцця для наведвальнікаў у 1994-м канчаткова было завершана ў 2007-м.

Фальваркам называлі феадальную гаспадарку, якая вырошчвала хлеб на продаж. Пазней так называліся пасяленні (3-5 двароў), размешчаныя непадалёк ад маёнтка ўладальніка фальварка. З польскай мовы folwark – гэта двор феадала з комплексам будынкаў і зямельных угоддзяў. У сядзібу шляхціца Лычкоўскага ўваходзілі дзве хаты, гумно, клець, хлявы. Да самага фальварка сцяной падступаў яловы лес з яго казачнымі таямніцамі. За будынкамі злева цягнуўся садок. Ніжэй – крыніца з вузкай палоскай квяцістага рознакаляровага лугу. Праз яго між альховых кустоў віўся раўчук. Сядзіба Вацлава Лычкоўскага была адноўлена нанова. Цяпер гэта дом гаспадара, дом арандатара, гаспадарчая пабудова, гумно і тэрыторыя, у атачэнні якой знаходзіцца фальварак. Рэканструкцыя інтэр’ераў адбывалася па ўспамінах відавочцаў.

Да Ракуцёўшчыны можна даехаць двума шляхамі: чыгункай да станцыі Уша і далей пешшу яшчэ некалькі кіламетраў да вёскі або па шашы Мінск – Маладзечна.
… Выходзіш з цягніка на станцыі Уша, ідзеш праз мястэчка Краснае да Пакроўскай праваслаўнай царквы, праз прысады, пераадольваеш пагорак – і праз якую вярсту, прыпыніўшыся ля крыжа пры дарозе, бачыш запаветную сядзібу. Драўляная агароджа. За ёю – драўляны ўказальнік, упрыгожаны разьбой з раслінным арнаментам і надпісам «Музей М. Багдановіча».

У фальварак на адпачынак маладога паэта запрасілі слынныя дзеячы беларускага Адраджэння Антон і Іван Луцкевічы. На той час фальварак належаў іх роднаму дзядзьку, дробнаму шляхціцу Вацлаву Лычкоўскаму. Вацлаў Лычкоўскі і яго сям’я прынялі хлопца як роднага і блізкага чалавека, атулілі клопатам і падтрымкай. «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця…». Напэўна, не раз Максім узгадваў дабрыню і шчырасць гаспадароў фальварка, памяць пра якіх назаўсёды засталася ў сэрцы паэта.

Невялікая хатка ў садзе – дамок арандатара, у якім Максіму вельмі добра пісаліся вершы. Тут цяпер створана музейная экспазіцыя. У двух невялікіх пакойчыках сабраны прадметы побыту канца XIX - пачатку XX стагоддзя. Паколькі значная частка жыцця паэта прайшла ў Расіі, яму было цікава ўсё, што звязана з радзімай: побыт і характар землякоў, іх традыцыі і звычаі. У кухні толькі адзін мемарыяльны прадмет – вялікі куфар, які належаў гаспадарам. На жаль, мемарыяльных рэчаў, якія б былі звязаны з паездкай Максіма Багдановіча на Беларусь, не захавалася, а можа, пакуль не выяўлена, таму выкарыстаны аналагічныя, сабраныя з бліжэйшых вёсак.

У жылым пакоі прыцягваюць увагу рэчы, што знаходзяцца тут. Прыкладна такімі карыстаўся малады паэт: ложак, стол. На стале – кнігі французскіх аўтараў: Верлен, Бадлер, Флабэр. Максім рабіў з іх пераклады. У рамках на сценах вісяць паштоўкі з выявай Вільні, куды Максім завітаў літаральна на некалькі дзён па дарозе ў Ракуцёўшчыну. Тут жа побач фотаздымкі рэдакцыі газеты «Наша Ніва», дзе адбылася яго сустрэча са сваімі завочнымі сябрамі. Фотаздымкі Вацлава Ластоўскага, Івана і Антона Луцкевічаў, Аляксандра Уласава – вядомых дзеячаў беларускага адраджэнскага руху. Гэтыя экспанаты распавядаюць пра адзін з самых творча насычаных перыядаў жыцця паэта.

Адчуць атмасферу жыцця і спасцігнуць кола інтарэсаў сям’і Лычкоўскага можна ў доме гаспадара, дзе прадстаўлены інтэр’ер сядзібы дробнапамеснага шляхціца пачатку мінулага стагоддзя. Экспазіцыя размяшчаецца ў трох пакоях: гасцёўні, дзіцячым і кухні. Гаспадар дома Вацлаў Лычкоўскі, яго родная сястра Ядвіся Русецкая і родная пляменніца Эмілія Шабуня сустракалі Максіма Багдановіча з беларускай гасціннасцю, шчыра і цёпла, былі яго субяседнікамі і дарадцамі. На жаль, звестак пра гаспадара фальварка, як і яго фотаздымкаў, не захавалася, а сціплыя згадкі ва ўспамінах пра побыт Максіма ў Беларусі не даюць дакладнай інфармацыі пра Лычкоўскага. Скласці партрэт гаспадара і карціну побыту сям’і можна дзякуючы ўспамінам старажылаў вёскі, якія ў свой час сабраў і захаваў Генадзь Каханоўскі. Вось некаторыя звесткі.

Фальварак быў даволі заможны, Лычкоўскія мелі добрую гаспадарку – 26 дзесяцін зямлі і трымалі жывёлу: коней, кароў, парсюкоў, авечак. Вацлава ў вёсцы паважалі і па-асабліваму ставіліся да яго. Захаваліся ўспаміны, што гаспадар фальварка часта прымаў гасцей, якія прыязджалі да яго з розных гарадоў, дом славіўся сваёй гасціннасцю. Таму цэнтральнае месца ў гасцёўні займае стол для чаяпіцця, за якім збіралася разам сям’я гаспадара. Экспазіцыя інтэр’ера пакоя дапаўняецца рамкамі са шматлікімі фотаздымкамі блізкіх і сваякоў гаспадара. Некалі гэтыя людзі гасцявалі ў фальварку.

Адметным у экспазіцыі дома з’яўляецца дзіцячы пакой. Калі Эмілія Шабуня прыязджала ў Ракуцёўшчыну, то разам са сваёй дачушкай. Маленькая Янінка была для маладога паэта найбольшай забаўлянкай. Ён яе гушкаў, з ёю хадзіў да крынічкі, збіраў для яе кветкі, каб сплесці вянок. Максім Багдановіч, які не быў жанатым, прызнаваўся: «Больш за ўсё на свеце жадаю я, каб у мяне быў свой дзіцёнак».
Раней на месцы дзіцячага пакоя размяшчалася звычайная кладоўка для захоўвання збожжа, харчовых прадуктаў, была сховішчам найбольш каштоўнай маёмасці. Затым памяшканне выкарыстоўвалася ў якасці дадатковага спальнага месца для гасцей з Вільні і Мінска. Сёння тут можна ўбачыць дзіцячыя рэчы, лялечную мэблю, буфет і канапку, маленькую дзявочую кашульку з далікатнымі карункамі, палічку з кнігамі…

Кухня ў дамах дробнай шляхты выкарыстоўвалася па сваім непасрэдным прызначэнні – для прыгатаванні ежы і захоўвання прадуктаў. У гэтым пакоі экспануюцца тыповая мэбля і прадметы хатняга ўжытку. Справа ад уваходу размяшчаецца печ. Ля яе знаходзіцца качарэжнік – месца, дзе размяшчаецца пячны інвентар: вілкі, чапяла, лапата для выпякання хлеба. Над печчу прымацаваны жэрдкі, на якіх вісяць вязанкі часнаку, яблыкаў, зборы лекавых раслін, кветкі. Насупраць печы размяшчаецца гаспадарчы куток («бабін кут») – лава з карытам і прыстасаваннямі для мыцця бялізны, побач – таз і збан для ўмывання, коўш для вады. Ствараецца ўражанне, што жывуць тут сапраўдныя гаспадары, гасцінныя і шчодрыя.

Другая частка музея – этнаграфічная экспазіцыя, якая размяшчаецца ў спецыяльнай гаспадарчай пабудове – гумне. Раней такая пабудова была неад’емнай часткай любой прыватнай сядзібы і служыла для захавання, сушкі і абмалоту снапоў. Акрамя сабранага з палёў ураджаю, у ім складвалі сена і канюшыну для хатняй жывёлы. А каб усё гэта багацце добра захоўвалася, у гумне заўсёды павінна быць свежае паветра, нават скразняк. Гэтым абумоўлены і прынцып узвядзення такой пабудовы: на невысокім падмурку ставілі слупавыя ці зрубныя сцены, пры гэтым стыкі паміж бярвёнамі не канапаціліся. Столь у гумне адсутнічае, адразу над сценамі узвышаецца страха. Зазірнуўшы ў гэту гаспадарчую пабудову, наведвальнік абавязкова зацікавіцца прыладамі працы сялян канца XIX - пачатку XX стагоддзя: сярпы, цапы, прылады для апрацоўкі льну, плеценыя і бандарныя вырабы, тагачасныя транспартныя сродкі – сані і воз.

Беларусы шануюць памяць свайго слаўнага сына. Яго імя носяць вуліцы ў Мінску, Гродне, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве, іншых населеных пунктах. Помнік паэту пастаўлены ў Мінску на рагу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыжскай камуны. Мемарыяльныя дошкі ў яго гонар ёсць у Мінску і Гродне. Дарэчы, яго імя носіць Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка.

Настасся СЯРБОЛІНА,
загадчык філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына».

Фота: Алесь САВІЦКІ.

Прочитано 2770 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.