24.02.2017 10:23

Апошні ў вёсцы франтавік

«Берлін, май 1945 года. Усе, хто застаўся ў жывых з нашай роты», — подпіс пад рэдкім, можна сказаць, музейным здымкам, які захоўваецца ў альбоме жыхара вёскі Відзеўшчына Аляксандра Купрыновіча.

Апошні ў вёсцы франтавік "Маладзечанская газета"

Сустрэў перамогу ў Берліне

Сярэдні ў трэцім радзе – радавы Купрыновіч. Ён і сёння, праз 72 гады, памятае прозвішчы сваіх баявых сяброў, з якімі пешшу прайшоў палову Еўропы і сустрэў перамогу ля рэйхстага. Медаль «За ўзяцце Берліна» ўпрыгожвае яго парадны пінжак разам з ордэнамі Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За вызваленне Варшавы», «За Перамогу над Германіяй».

Трыццаць двух мужчын з Віlзеўшчыны ў ліпені 44-га праводзілі на вайну. Вярнулася дзевятнаццаць, васьмёра з іх былі паранены. Сёння 91-гадовы Аляксандр Фёдаравіч – адзіны ў вёсцы ўдзельнік Вялікай Айчыннай. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны мы сустрэліся з ім, каб паслухаць яго ўспаміны, пагартаць стары альбом.
Старэйшага брата Сяргея ў час акупацыі забілі паліцаі. Сярэдняга Валодзю і яго, самага малодшага, забралі на фронт адразу пасля вызвалення Беларусі. Аляксандр па тых часах быў адукаваным, закончыў шэсць класаў польскай школы. Таму і накіравалі вучыцца на мінамётчыка ў Ноўгарад-Валынскі запасны полк. «Але ж я толькі па-польску ўмею чытаць», — папярэдзіў Купрыновіч. «Для разліку прыцэлу не трэба ні польская мова, ні японская», — сказаў камандзір. Ён і цяпер памятае, што снарады да 82-мм мінамёта важылі больш за 3 кілаграмы, і ляцелі далей за тры кіламетры. За мінуту рабілі да 30 выстралаў. Абслугоўвалі мінамёт трое чалавек. Аляксандр быў зараджальшчыкам. Ваяваў у стралковай дывізіі І Беларускага фронту, вызваляў Польшчу, фарсіраваў Віслу і Одэр, удзельнічаў у штурме Берліна. Расказвае, што асабліва небяспечна было ў гарадах, калі з кожнага акна ці падвала цябе магла падкаравуліць варожая куля.

«Будзеш жыць доўга!»

Успамінае, як аднойчы ледзь не падарваўся на міне: толькі ступіў на ўчастак, па якім прайшлі сапёры і паставілі шыльдачку «Мін няма», як пачуўся выбух. Сябар, які ўсё гэта бачыў, нават паспеў крыкнуць: «Купрыновіча забіла!». Але калі развеяўся дым, саслужыўцы ўбачылі, што ён жывы: на лічаныя долі секунды апярэдзіў выбух, паспеў адскочыць і ўпасці, цудам уцалеў. Назад выбіраўся, акуратна ступаючы ў свае сляды. Сябры сказалі: «Значыць, доўга жыць будзеш». І не памыліліся… Дарэчы, бацька Аляксандра Фёдаравіча пражыў роўна сто гадоў, можна сказаць, што наш герой з роду доўгажыхароў.  

Раненняў на фронце ён не меў, але атрымаў кантузію, восем дзён праляжаў у палявым шпіталі. Яшчэ не вельмі добра сябе адчуваў, калі прыйшоў афіцэр і звярнуўся да салдат не з загадам, а з просьбай стаць у строй тым, хто можа трымаць зброю ў руках. Аляксандр быў у ліку дваццаці байцоў, якія зноў апынуліся на перадавой.

Успамінае, што пасля фарсіравання Одэра палявая кухня засталася на тым беразе, два тыдні салдат кармілі толькі хлебам і тушонкай. «Але мы ніколі не галадалі, зброяй і ежай нас заўсёды забяспечвалі», — гаворыць былы франтавік. Прыгадвае яшчэ адзін эпізод, калі пры зачыстцы аднаго з дамоў у Берліне з усіх сіл ударыў прыкладам па галаве фашыста, які трымаў пад прыцэлам яго баявога сябра. Тады Аляксандр выратаваў яму жыццё…

Прапраўнука назвалі Аляксандрам

У родную Відзеўшчыну Аляксандр вярнуўся ажно ў снежні 1946-га. У сем гадзін раніцы прыехаў у Маладзечна. Да вёскі дабіраўся пешшу. Падыходзячы да хаты, убачыў маці, якая вярталася ад суседкі. «Хто ты, салдацік?» — накіравалася да яго і толькі калі падышла бліжэй, пазнала сына. Як чакала яна пісьмаў сыноў з фронту, як прасіла Бога, каб збярог іх! І Усявышні пачуў яе малітвы. Старэйшы Уладзімір таксама вярнуўся, дэмабілізаваўся яшчэ пазней за малодшага брата.

«Вайна і цяпер мне сніцца», — прызнаецца ветэран. Калі быў маладзейшым, прымаў удзел у сустрэчах з моладдзю, расказваў пра свае франтавыя дарогі. З удзячнасцю гаворыць, што сельскі Савет, школа не забываюць яго, віншуюць са святамі.  

Усё жыццё Аляксандр Фёдаравіч адпрацаваў у мясцовым калгасе, быў паляводам, слесарам па рамонце сельскагаспадарчых машын. З жонкай Ганнай Канстанцінаўнай яны пражылі разам 67 гадоў, выгадавалі дачку, маюць унучку, траіх праўнукаў, аднаго прапраўнука, якога назвалі Аляксандрам. Цяпер яму тры гады. Хочацца спадзявацца, што сваякі захаваюць для яго гэты рэдкі здымак з пераможнага мая 45-га, раскажуць, як яго гераічны прапрадзед ваяваў за сваю Радзіму. Але не толькі сваякі, усе мы ганарымся вамі, паважаны Аляксандр Фёдаравіч!

Фота: Аляксей ПЛАТКО, уласны архіў Аляксандра КУПРЫНОВІЧА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/966-aposhni-vjostsy-frantavik.html#sigProId0755ab2b59
Прочитано 10911 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: «Здравия желаем, товарищ библиотекарь!» »