21.09.2018 15:03

Буслам тут добра, у вырай не адлятаюць

Немагчыма не заўважыць гэты дом у вёсцы Укропава Гарадзілаўскага сельсавета. Сучасны, дагледжаны, ён адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Калі была па рэдакцыйных справах у гэтай аддаленай ад Маладзечна вёсцы, не змагла прайсці міма, пастукалася ў дзверы, каб пазнаёміцца з тымі, хто тут жыве і стварае такую прыгажосць.

Гаспадыня сядзібы – Галіна Шаўлюк. Першае, на што я звярнула ўвагу, — «Маладзечанская газета» на стале.

— А як жа без яе? Выпісваю ўсё жыццё, люблю чытаць. І дзеці, калі прыязджаюць, пытаюцца, дзе «раёнка».

Галіна Аляксандраўна — мясцовая. Расказвае, што ў 1965 годзе яе тата Аляксандр Андрушкевіч перавёз сям’ю з суседніх Пузікаў (цяпер Бароўшчына), пабудаваў гэты дом, у якім выраслі пяцёра дзяцей. Галіна Аляксандраўна ў ім засталася, расказвае, што ва Укропаве жыве і яе малодшая сястра Антаніна.

Гаспадыня сядзібы ўсё жыццё працавала ў калгасе. Была даяркай на мясцовай ферме, на пенсію пайшла з паляводства. Як і ўсе вяскоўцы, садзіць агарод, бульбу, ёсць і свая гаспадарка.
— Пайшлі на маю ферму! – запрашае з усмешкай.

У клетках – каля трох дзясяткаў трусоў. Вялікая праца іх дагледзець, накарміць.

Жанчына з любоўю расказвае пра сваіх дачок Таццяну і Руслану, якія жывуць у Мінску, і сына Алега з Гарадзілава.  Сучасны рамонт дома – гэта іх клопат. Дочкі, дарэчы, маюць будаўнічую спецыяльнасць, разбіраюцца ў сучасных матэрыялах і тэхналогіях. Два гады таму яны ўсе разам дружна і зладжана ўзяліся за рамонт. Кардынальным чынам змянілі аблічча роднай хаты: абшылі яе блок-хаусам, перакрылі дах, паставілі новы плот. Унутры будынка таксама зрабілі рамонт. А цяпер сядзіба літаральна патанае ў асенніх кветках.

— Па шчырасці, я крыху сварылася на дачок, што столькі зямлі пад кветкі адводзяць. Гаварыла: іх у слоікі на зіму не закрыеш, — з усмешкай гаворыць Галіна Аляксандраўна. – Але цяпер выйду на падворак — і душа радуецца. Дочкі кветкі вельмі любяць, насенне ў Мінску на розных выстаўках купляюць.

Любуюцца сядзібай і ўсе, хто праходзіць міма. Сапраўднымі рупліўцамі і патрыётамі сваёй малой радзімы выгадавала дзяцей гэта простая вясковая жанчына. Столькі працы, сродкаў, а галоўнае, любові ўклалі яны ў бацькоўскі дом. Прыязджаюць дамоў ледзь не кожныя выхадныя.

— І на гэтыя прыедуць, калгас капалку дае — будзем бульбу капаць! – гаворыць маці.

Часта бавяць тут час і чацвёра ўнукаў Галіны Аляксандраўны. Сапраўды, гэта ўтульнае сямейнае гняздо, з якога нават буслы не хочуць адлятаць у вырай…

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 16851 раз Последнее изменение 21.09.2018 15:03
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.