14.11.2017 11:22

«По военной дороге шел в борьбе и тревоге…»

Маладзечанец Уладзімір Аралін беражліва захоўвае ў сваім сямейным альбоме нешматлікія фотаздымкі, зробленыя ў нашым горадзе на парадзе, прысвечаным 60-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён быў яго ўдзельнікам у якасці камандзіра конніцы.

«По военной дороге шел в борьбе и тревоге…» "Маладзечанская газета"

Кавалерыст з сапраўдным наганам

Тады Уладзімір працаваў на мясцовым прыборабудаўнічым заводзе (сучаснікам больш вядомы як «Спадарожнік»), якому прысвяціў 46 гадоў і прайшоў шлях ад вучня слесара механа-
зборачных работ да начальніка цэха. Усё жыццё ён быў чалавекам творчым і захопленым.
Актывісту Араліну даручылі падрыхтоўку да адметнай даты – 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і непасрэдна да арганізацыі атрада коннікаў. Уладзімір Аралін уключыў салдацкую кемлівасць, якой яму не пазычаць.
— Тры гады службы ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння не прайшлі дарэмна. Нас сапраўды вучылі таму, што павінен умець салдат. На жаль, сучасная армія часам дыскрэдытуе сябе, — гаворыць субяседнік.
Да парада Уладзімір падрыхтаваў атрад з 30 коннікаў.

— Рэпеціраваць пачалі загадзя. Кожны дзень пасля працоўнай змены ездзілі ў Насілава. У савецкія часы там была моцная гаспадарка, у тым ліку гадавалі коней. Яны і сталі нашымі вернымі «сябрамі», — успамінае Уладзімір Мікалаевіч. – Але іх трэба было навучыць не баяцца вялікай колькасці людзей і гучнай музыкі духавога аркестра, без якога, вядома, не абыходзіліся тагачасныя «кастрычніцкія» парады. Таму коннікі рэпеціравалі адразу з заводскімі музыкантамі. А каб коні не баяліся рэзкіх гукаў, мы «трэніравалі» іх надзіманымі шарыкамі — лопалі каля морды.

З шынялямі і кірзавымі ботамі для кавалерыстаў дамовіліся з мясцовай вайсковай часцю. Будзёнаўкі пашылі з сукна заводскія дзяўчаты. Самастойна кавалерысты прычапілі чырвоныя пятліцы на шынялі. Самаробная была і зброя. Дакладныя копіі вінтовак зрабілі ў сталярным цэху, а шаблі з металу вырабілі інструментальшчыкі. Толькі камандзіра замест муляжа-вінтоўкі ўзброілі… сапраўдным наганам — яго пазычылі ахоўнікі прадпрыемства. Фуражку Аралін надзеў сваю армейскую.

Кулямёт і «Аўрора» на парадзе

У дзень парада ў пяць гадзін раніцы коней па цёмных гарадскіх вуліцах прыгналі з Насілава да завода, а затым бліжэй да месца падзей. Яны ўжо былі са святочнымі стужкамі, а шчыкалаткі абматаныя бялюткім бінтам – таксама для прыгажосці.

Стройнымі радамі кавалерыя пад марш духавога аркестра рушыла на тагачасную плошчу Леніна. Ля помніка правадыру ўстанавілі трыбуны, на якіх знаходзіліся кіраўнікі горада, перадавікі вытворчасці, госці. Як толькі кавалерыя зраўнавалася з імі, музыка сцішылася.

Удзельнікі дэманстрацыі, якія былі на плошчы, заапладзіравалі. Камандзір кавалерыі Уладзімір Аралін гучна скамандаваў: «Шашкі на галаву!» (гэта значыць, да бою). Коннікі артыстычна выцягнулі зброю з ножнаў і акапэльна пачалі спяваць: «По военной дороге шёл в борьбе и тревоге боевой восемнадцатый год...».

— Не менш урачыста кавалерысты вярталі коней у гаспадарку. Аўтамабільны рух на тагачасным праспекце не перакрылі, і мы ўліліся ў паток машын, — працягвае Уладзімір Мікалаевіч. – Калі жывёлу «здалі», кіраўніцтва прадпрыемства нават дазволіла нам выпіць «па сто грамаў» за добрую работу. Так мы і зрабілі, прычым гэта былі дакладна сто грамаў і ні кроплі больш.

Наогул, да 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі работнікі завода падрыхтаваліся надзвычай творча і пастараліся адлюстраваць дух той эпохі. Акрамя кавалерыстаў, арганізавалі атрад маракоў. З гаспадарчых брычак пры дапамозе фанеры зрабілі кулямёт, тачанку, нават бранявік і крэйсер «Аўрору».

— Парад у 1977-м быў у нашым горадзе грандыёзным! За ўсё сваё жыццё такіх маштабных больш не памятаю. Хіба толькі яго можна параўнаць з тым, што праводзіўся ў Мінску да 50-годдзя Кастрычніка і на якім мне таксама давялося пабываць, — гаворыць Уладзімір Мікалаевіч. – А ў напамін пра 77-ы год у мяне да гэтага часу акрамя фотаздымкаў засталася… шабля.  

Часам Уладзімір сустракаецца са сваімі равеснікамі-калегамі, каб успомніць былое і пагартаць альбомы.

— Шкада, што нас становіцца ўсё менш. Я сумую па тым часе. І ганаруся, што жыў у тую эпоху. Мажліва, камусьці падасца пафасным, але ўспаміны мае ўрачыстыя і ўзнёслыя. Таму пакаленню не трэба было расказваць, што такое патрыятызм. Гэта было нашай сутнасцю, — заўважае ён. – Я і цяпер з задавальненнем паўдзельнічаў бы ў святочных дэманстрацыях накшталт тых, што ладзіліся ў савецкія часы. Нават асядлаў бы каня…

З павагай да гісторыі

Усё жыццё Уладзімір Мікалаевіч захапляецца гісторыяй. Любімы аўтар – Валянцін Пікуль. Маладзечанец сабраў поўную калекцыю яго твораў. У майго субяседніка наогул уражальная дамашняя бібліятэка. У павазе да мінулага, сваіх каранёў Уладзімір выхаваў сына і дачку.

Паважаць гісторыю ён вучыць і чацвярых унукаў. Дарэчы, адна з унучак вучыцца на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Яднае дружную і вялікую сям’ю Араліных і «Маладзечанская газета», якую выпісваюць на працягу многіх гадоў.

Фота: АЎТАР і архіў Уладзіміра АРАЛІНА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/1854-po-voennoj-doroge-shel-v-borbe-i-trevoge.html#sigProId5536f8316e
Прочитано 3598 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.