01.02.2017 16:05

Прафсаюзы: мудрасць вопыту і энергія юнацтва

У актавай зале школы мастацтваў адбылася ўрачыстасць з нагоды ўручэння прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Прафсаюзы: мудрасць вопыту і энергія юнацтва "Маладзечанская газета"

На яе былі запрошаны ветэраны працы, старшыні прафсаюзных камітэтаў прадпрыемстваў і арганізацый, навучальных устаноў. Асаблівая ўвага была вучням СШ №14, якіх выдзяляла ўрачыстая форма адзення. Юнакі і дзяўчаты адзінаццатага ваенна-патрыятычнага класа ўдзельнічаюць ва ўсіх патрыятычных акцыях не толькі ў школе, але і ў раёне, з’яўляюцца валанцёрамі.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Яцухна ў сваім выступленні адзначыла, што атрыманне прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» стала магчымым дзякуючы намаганням усіх членаў грамадскага аб’яднання. Ініцыятарам маштабнай рэканструкцыі і рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» выступілі прафсаюзы. Адны ўдзельнічалі ў суботніках, іншыя дапамагалі грашовымі сродкамі. Таксама працоўныя калектывы, прафсаюзныя арганізацыі шэфствуюць над месцамі воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, клапоцяцца аб ветэранах Другой сусветнай, якіх, на жаль, з кожным годам застаецца ўсё менш. Таццяна Пятроўна выказала ўдзячнасць усім прысутным за актыўную жыццёвую пазіцыю, ініцыятывы, з якімі выступаюць прафсаюзныя арганізацыі.

Прысутныя паглядзелі фільм «Курган Славы». Большасць з іх бачыла гэты мемарыяльны комплекс да яго рэстаўрацыі, але цяпер ён успрымаецца па-новаму, больш маштабна. Уражвае і музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам, рэстаўрацыя – гэта наступны крок. Не выключана, што пасля мерапрыемства ў многіх з’явіцца жаданне зноў паехаць на экскурсію.

Затым прайшло ўзнагароджанне. Ганаровыя граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў і каштоўныя падарункі атрымалі Станіслава Зубкова, Леанід Баднарчук, Святлана Маліноўская (раённы савет ветэранаў), старшыня ветэранскай арганізацыі электрасетак Аляксандр Дзвернік, ветэран працы, былы будаўнік Васілій Рысік, загадчык народнага музея памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў СШ №14 Ігар Арабей. Не засталася без увагі і моладзь — за актыўную жыццёвую пазіцыю выконваючай абавязкі першага сакратара РК ГА «БРСМ» Марце Матусевіч, вучням адзінаццатага класа СШ №14 Максіму Карнавуху і Вользе Рабушка ўручылі граматы і падарункі.

Так, Марта Матусевіч адзначыла, што ўзнагарода – прызнанне заслуг усёй маладзёжнай суполкі раёна. Летась было падпісана трохбаковае пагадненне паміж аб’яднаннем прафсаюзаў, ветэранскай арганізацыяй і райкамам БРСМ. Юнакі і дзяўчаты праводзяць вялікую валанцёрскую работу. За кожнай пярвічнай арганізацыяй навучальных устаноў, якіх 37, замацаваны ветэраны вайны і працы, а таксама адзінокія людзі. Асаблівую актыўнасць тут праяўляюць вучні СШ №1 і СШ №14. Таксама моладзь даглядае помнікі і брацкія магілы. Дарэчы, ідэя праекта «Кветкі Вялікай Перамогі» таксама належыць БРСМ.

Федэрацыя прафсаюзаў краіны ўдастоена высокай узнагароды – прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  «За духоўнае адраджэнне». Такім чынам адзначаны ўклад самай масавай грамадскай арганізацыі не толькі ў выхаванне падрастаючага пакалення, але і захаванне памяці аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/ofitsialno/item/878-prafsayuzy-mudrasts-vopytu-i-energiya-yunatstva.html#sigProId4e311adf37
Прочитано 2038 раз
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.