Уладзіслаў Віктаравіч адзначыў важнасць азелянення населеных пунктаў. Зялёныя насаджэнні паглынаюць пыл і таксічныя газы, паляпшаюць мікраклімат, насычаюць паветра фітанцыдамі і ўзбагачаюць яго кіслародам. Важна і тое, што дрэвы і кусты змяншаюць шумавое забруджванне. Кроны дрэў даюць цень. Па алеях і парках прыемна прагуляцца.
— На Маладзечаншчыне многае робіцца для захавання і прымнажэння зялёных зон у населеных пунктах, — падкрэсліў эколаг. – Штогод высаджваюцца новыя дрэвы. Пік пасадак прыпадае на першую палову года. Так, вясной у раёне камунальнікі высадзілі 430 дрэў і 230 дэкаратыўных кустоў. Прыняць удзел у азеляненні могуць усе жадаючыя.
Субяседнік зазначыў, што сёння, 10 кастрычніка, у Беларусі праходзіць адзіны дзень азелянення. Аднак пасадзіць клён, ліпу або іншую расліну можна і пазней. У апошнія гады ў краіне стала папулярным высаджваць сямейныя дрэвы. Пры гэтым месца пасадкі трэба ўзгадняць з камунальнымі службамі. Таксама можна звярнуцца ў раённую інспекцыю па ахове прыроды (тэл. 8-029-870-44-70). Удзельнікі акцыі зробяць карысную справу для сваіх землякоў, а заадно ўмацуюць сямейныя адносіны.
Уладзіслаў Чарноў дадаў, што ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне тэрыторыі можа кожны. Вяскоўцам, дачнікам, жыхарам прыватнага сектара ў горадзе трэба прыбраць свае ўчасткі, прывесці ў парадак агароджы, скасіць пустазелле. Суб’екты гаспадарання павінны добраўпарадкаваць замацаваныя за імі тэрыторыі.
Алег БЯГАНСКІ.