13.12.2016 12:15

Аб чым размаўлялі маладыя спецыялісты з прадстаўнікамі улады

Моладзь Маладзечанскага раёна цікавілася магчымасцю атрымаць жыллё і займацца спортам.

Сустрэча кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў розных службаў з маладымі спецыялістамі, якія па размеркаванні прыехалі працаваць на Маладзечаншчыну, адбылася на мінулым тыдні. Да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская.

Пасля юнакі і дзяўчаты задавалі свае пытанні.

Прадстаўнік ААТ «Селеўцы» папрасіў дапамагчы знайсці агульную мову з мясцовай школай. Летась моладзь, якая працуе ў гаспадарцы, па вечарах наведвала спартыўную залу навучальнай установы. Сёлета кіраўніцтва школы адмовіла ў бясплатным карыстанні памяшканнем. Ні ў гаспадаркі, ні ў работнікаў на арэнду лішніх грошай няма. Вось і ўзнікае пытанне: чым заняцца вечарамі маладым людзям? У невялікіх населеных пунктах школа і сельгаспрадпрыемства заўсёды дапамагалі адзін аднаму, рашалі па сутнасці адну задачу – выхаванне маладога пакалення, замацаванне спецыялістаў на вёсцы. У выніку ствараліся новыя сем’і, нараджаліся дзеці, дарэчы, будучыя вучні гэтай жа школы. Намеснік старшыні райвыканкама паабяцала вырашыць гэту праблему.

Магчымасць атрымання арэнднага жылля цікавіла маладых урачоў, якія па размеркаванні працуюць у ЦРБ. Інтэрнатам яны забяспечаны, але жыць у пакоі, дзе акрамя цябе яшчэ трое чалавек, не вельмі камфортна. Гэта ў студэнцтве такая кампанія ўспрымаецца, а калі чалавек працуе, безумоўна, яму патрэбен ужо не ложак, а пакой. Варта адзначыць, што дзякуючы намаганням кіраўніцтва ЦРБ усе медработнікі, якія прыехалі па размеркаванні, забяспечаны інтэрнатам.

Больш падрабязна на гэтым пытанні спынілася выконваючая абавязкі начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Святлана Грынь. Яна паведаміла, што ў наступным годзе плануецца будаўніцтва жылля, у тым ліку арэнднага. І маладыя спецыялісты маюць першачарговае права на яго атрыманне. Таму неабходна тэрмінова рыхтаваць пэўны пакет дакументаў і станавіцца на чаргу. Святлана Іванаўна расказала таксама аб тым, што можна браць зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва дамоў. Калі яны знаходзяцца ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў менш за 20 тысяч чалавек, то можна разлічваць на льготны крэдыт. Дарэчы, у чарзе на атрыманне жылля ў горадзе стаяць 11554 чалавекі.

Аб праве на льготнае спажывецкае крэдытаванне маладых спецыялістаў расказала начальнік аддзела крэдытавання насельніцтва філіяла №601 ААТ «ААБ Беларусбанк» Ганна Мікульская. Перад моладдзю выступілі загадчыца сектара ідэалагічнай работы і маладзёжнай палітыкі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Раіса Казановіч, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Таццяна Яцухна, старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Анатолій Асманаў.

Фота з архіва "МГ".

Прочитано 1687 раз Последнее изменение 13.12.2016 12:15
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.