18.03.2020 14:33

Парк высокіх тэхналогій: галоўны рэсур - людзі

Каб многа зарабляць і цалкам рэалізаваць свае інтэлектуальныя здольнасці, не трэба ехаць за мяжу. Дастаткова працаваць у кампаніі-рэзідэнце Парка высокіх тэхналогій, што ў Мінску. У гэтым аўтар пераканаўся, калі разам з журналістамі айчынных рэгіянальных СМІ пабываў у Крэмніевай даліне Усходняй Еўропы (так яшчэ называюць Парк).

Што найбольш уразіла ў час экскурсіі? Сама атмасфера! У гэтым месцы назіраецца найбольшая канцэнтрацыя «айцішнікаў» у нашай краіне. Для спецыялістаў па ІТ-тэхналогіях асноўным рабочым інструментам з’яўляюцца мазгі. І ў Парку ствараюцца ўсе ўмовы, каб светлыя галовы заставаліся ў Беларусі і працавалі на карысць рэспублікі.

Дарэчы, зарплата ў праграмістаў ПВТ вышэйшая, чым у большасці іх калег за мяжой. Дзякуючы гэтаму ў нашу рэспубліку прыязджаюць працаваць спецыялісты ў сферы ІT-тэхналогій з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, іншых краін. Тут мараць уладкавацца найбольш паспяховыя студэнты айчынных ВНУ.

Што тычыцца прадукцыі, яе апісанне нагадвае навуковую фантастыку. У Парку ствараецца абсталяванне, якое прымяняецца ў медыцыне, авіяцыі, навуковых даследаваннях, сферах бяспекі, сувязі... Так, распрацаваныя ў ПВТ прыборы па ўліку паліва дазволілі сэканоміць у рачным порце адной з суседніх краін больш за 40 працэнтаў саляркі.

Вялікі прыбытак фірмам-рэзідэнтам прыносіць распрацоўка дадаткаў для розных гаджатаў, камп’ютарных праграм і гульняў. Адна толькі тэхналогія дапоўненай рэальнасці чаго вартая! Попыт на гэту прадукцыю ў свеце павялічваецца.

У час экскурсіі адзначалася, што галоўным рэсурсам нашай краіны з’яўляюцца людзі. Парк якраз і закліканы павялічваць інтэлектуальны патэнцыял дзяржавы. Вялікі імпульс развіццю ІТ-сферы надало прыняцце ў 2017 годзе Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб развіцці лічбавай эканомікі.

Трэба адзначыць, што прававы рэжым ПВТ дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Офіс кампаніі-рэзідэнта можа знаходзіцца ў любым рэгіёне краіны, у тым ліку ў Маладзечанскім раёне.

 

Прочитано 454 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.