— Пасланне Прэзідэнта — гэта ў пэўнай ступені праграмны дакумент, — сказаў Іван Станіслававіч. — У ім дакладна акрэслены пазіцыі, над выкананнем якіх усім нам давядзецца працаваць. Таксама зроблены аналіз работы народнагаспадарчага комплексу краіны, вызначаны курс знешняй і ўнутранай палітыкі. Нягледзячы на тое, што не ўсё ідзе гладка ў Еўразійскім Саюзе, зніжаецца валавы ўнутраны прадукт, падае экспарт, змяншаецца ўзровень даходаў, задача ўсяго грамадства – кансалідавацца і зменшыць наступствы негатыўных працэсаў. Таксама Прэзідэнт падкрэсліў, што абавязковым з’яўляецца выкананне ўсіх даручэнняў і абяцанняў, дадзеных ім на нарадах рознага фармату. Гэта тычыцца сярэдняй зарплаты ў тысячу рублёў, працаўладкавання беспрацоўных, павышэння тарыфаў ЖКГ не больш чым на пяць долараў за год, кошту квадратнага метра жылля ў прывязцы да сярэдняй зарплаты па рэспубліцы. Асаблівая ўвага звернута на пытанні разнявольвання бізнесу і пазбаўлення яго ад непатрэбных праверак, ініцыятыву прадпрымальнікаў. Не засталіся ўбаку і праблемы сацыяльнага характару, сярод якіх медыцынскае абслугоўванне, адукацыя, пенсіённае забеспячэнне.
— Якія прыярытэтныя напрамкі вызначаеце ў дэпутацкай дзейнасці?
— Дэпутаты распрацоўваюць і прымаюць законы, па якіх жыве краіна. Таму адказнасць вялікая. Перш чым прыняць той ці іншы закон, фактычна паставіць пад ім свой подпіс, аддаўшы голас, мы дасканала вывучаем усе пытанні, праецыруем яго на практыку, дакумент праходзіць не адно чытанне. І толькі пасля гэтага прымаецца. Безумоўна, жыццё не стаіць на месцы, усё прадугледзець немагчыма, таму з цягам часу ў прынятыя законы ўносяцца змяненні. Гэта звычайная практыка. Іншая частка нашай дзейнасці – работа ў сваёй выбарчай акрузе. Мы праводзім прыёмы грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах, прымаем удзел у пасяджэннях райвыканкамаў і раённых Саветаў дэпутатаў, уносім прапановы па аздараўленні эканомікі рэгіёна. У маёй выбарчай акрузе сельскія населеныя пункты Маладзечанскага раёна і частка горада, а таксама ўвесь Валожынскі раён. У апошнім, які я ўзначальваў восем гадоў, мне працаваць крыху прасцей, бо там я ведаю сітуацыю не па расказах. На пасадзе кіраўніка спраў Мінскага аблвыканкама даволі часта даводзілася бываць у маладзечанскім рэгіёне. Магу сказаць, што за час маёй работы ў парламенце праведзена 12 сустрэч у працоўных калектывах і па месцы жыхарства, на прыёмы з тымі ці іншымі пытаннямі да мяне прыйшлі 86 выбар-
шчыкаў. Прыемна, што многім ужо змог дапамагчы.
— Якія праблемы, на вашу думку, найбольш характэрныя для нашага рэгіёна?
— Гэта пытанні, што тычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стану дарог, будаўніцтва, газіфікацыі, водазабеспячэння, будаўніцтва каналізацыйных сетак, і іншыя. Аналізуючы іх, прыходжу да высновы, што да ўсяго трэба ставіцца адказна і не даваць абяцанняў, якія нельга выканаць, не адмахвацца ад людзей. Усе праблемы неабходна дасканала вывучаць, што мы і робім разам з намеснікамі старшыні райвыканкама, старшынямі сельвыканкамаў, кіраўнікамі службаў, арганізацый, якія абавязкова прысутнічаюць на прыёмах грамадзян. Я заўсёды знаходжу час праверыць, як выканалі маё даручэнне. Вось і цяпер выязджаў на вуліцу Д. Марцінкевіча. Я разумею людзей, якія там жывуць і маюць прэтэнзіі да камунальных службаў. Трэба думаць аб іміджы той службы, якую ты прадстаўляеш. Ёсць і такія пытанні, што вырашаюцца аператыўна непасрэдна ў час прыёму ці да яго. І гэта радуе.
— Іван Станіслававіч, што ўдалося занесці ў актыў з вашай перадвыбарнай праграмы?
— Праграма разлічана не на адзін год, і яна рэалізуецца. Калі давялося дапамагчы чалавеку, які прыйшоў на прыём, то гэта таксама можна запісаць у актыў. Самы, бадай, знакавы момант – завяршэнне будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Валожыне. З абласнога бюджэту выдзелена 2,8 мільёна рублёў. Плануецца, што да 1 верасня ўсе работы будуць завершаны.
— Вы з’яўляецеся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. Што галоўнае ў заканадаўчай дзейнасці?
— Камісія па заканадаўстве галоўная. Яна ахоплівае вялікі спектр матэрыяльнага і працэсуальнага права. Акрамя таго, уносіць свае прапановы па законапраектах, што знаходзяцца ў іншых камісіях, а ўсяго іх 14. Да першай сесіі наша камісія падрыхтавала сем законапраектаў, якія былі прыняты ў першым чытанні. Усё павінна быць падпарадкавана галоўнай мэце – умацаванню патэнцыялу чалавека. Цяпер складаны час, эканамічны крызіс не абмінуў і нашу краіну. Таму вельмі важна захаваць спецыялістаў і працоўныя месцы, а таксама дапамагчы пенсіянерам, ветэранам працы. Неабходна падтрымліваць дзелавую ініцыятыву грамадзян, праводзіць гнуткую падатковую палітыку, адстойваць разумныя падыходы да ажыццяўлення кантрольнай дзейнасці. І рабіць усё гэта трэба, кіруючыся законамі, тады і праблем будзе менш. Таму адказнасць, якая ўскладзена на тых, хто прымае законы, вялікая. Дэпутацкая камісія, у склад якой уваходжу, разглядае пытанні, што тычацца жыцця кожнага. Калі ёсць неабходнасць, прысутнічаю на пасяджэннях рабочых груп. Над законамі працуюць не толькі дэпутаты, у іх падрыхтоўцы прымаюць удзел супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, профільных міністэрстваў. Усе дакументы праходзяць шэраг экспертыз. Увогуле, працуючы над законапраектамі, імкнуся прытрымлівацца сваёй прынцыповай пазіцыі: дзяржава павінна максімальна захаваць сваю сацыяльную накіраванасць. Аднак пры гэтым неабходна ўлічваць фінансавыя магчымасці бюджэту, шукаць кампрамісныя рашэнні, што дазваляюць максімальна эфектыўна іх выкарыстоўваць. На парадак дня другой сесіі вынесена каля 30 пытанняў. Амаль трэцяя частка іх падрыхтавана камісіяй па заканадаўстве. А гэта значыць, што крымінальны, грамадзянскі, адміністрацыйны і працэсуальны кодэксы чакаюць сур’ёзныя змяненні.
— Іван Станіслававіч, якая праблема хвалюе асабіста вас? Магчыма, рыхтуецца закон, ініцыятарам прыняцця якога вы выступаеце?
— Гэта стан дзяржаўнай маёмасці. Прыняцце такога закона патрабуе час. Мы ўжо сёння працуем у гэтым кірунку з Камітэтам па дзяржаўнай маёмасці. Неабходна зрабіць рэвізію ўсіх пабудоў, якія пустуюць, і пусціць іх у абарот. Яны павінны прыносіць даход, даваць эканамічны эфект. Тут трэба падключацца і банкам. Часам чалавек купляе пэўную нерухомасць, не разлічвае свае фінансавыя магчымасці, і пабудова развальваецца на вачах. Такога быць не павінна.
— Вы з’яўляецеся членам Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі...
— Так. І гэта таксама бясцэнны вопыт дэпутацкай работы. Парламенцкі сход – заканадаўчая галіна ўлады, якая працуе над законапраектамі. Нярэдка дамоўленасці, да якіх дэпутаты абедзвюх краін прыходзяць, становяцца адпраўной кропкай для прыняцця пэўных дакументаў у Беларусі і Расіі. Дэпутацыі краін аднолькавыя – па 36 чалавек ад кожнай. Адразу хачу сказаць, што ў Парламенцкім Сходзе мы працуем на грамадскіх пачатках. Я ўваходжу ў камісію па заканадаўстве і рэгламенце, так што гэта працяг маёй работы ў Палаце прадстаўнікоў. Чарговая, 51-я сесія адбылася ў канцы снежня мінулага года ў Маскве, сёлета камісіі працавалі ўжо ў Смаленску і Магілёве. Прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы. Асноўная яго доля (36 працэнтаў) будзе выдаткавана на навуковыя даследаванні, прамысловасць, энергетыку, будаўніцтва, транспарт, сувязь, інфарматыку, 26 працэнтаў адводзіцца на сацыяльную палітыку, ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт, сродкі масавай інфармацыі.
— Якім чынам выбаршчыкі могуць прасачыць работу дэпутата?
— У кожнага дэпутата ёсць свая старонка на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дзе адлюстроўваецца ўся яго дзейнасць. Таму выбаршчыкі могуць бачыць, чым займаецца іх прадстаўнік, наколькі актыўна ён працуе як у парламенце, так і ў сваёй акрузе, як часта бывае ў працоўных калектывах.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.